У Казахстане падлетак параніў сякераю трох дзяцей у школе


У Казахстане 9-класнік прыйшоў у школу з сякерай і нажом і напаў на дзяцей. Двух пацярпелых шпіталізавалі, аднаму дапамогу аказалі на месцы, піша выданне «Tengrinews». Матывы зламысніка пакуль не вядомыя. Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопец стаіць на псіханеўралагічным уліку.

Маска і сякера падлетка, які напаў на дзяцей у школе ў горадзе Петрапаўлаўску, Казахстан. 13 лютага 2023 года.
Фота: Tengrinews.kz

Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Петрапаўлаўску. Падлетак прынёс у школу сякеру і нож, у прыбіральні надзеў маску, выйшаў у калідор і напаў на дзяцей. Параненыя – вучні 9-га і 10-га класаў. Двух пацярпелых хлопчыкаў шпіталізавалі з колатымі ранамі галавы і прадплечча. Адной дзяўчынцы дапамогу аказалі на месцы.

Зламысніка затрымалі. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Замах на забойства». Матывы падлетка пакуль не высветленыя. Паводле непацверджаных звестак, ён стаіць на псіханеўралагічным уліку, летась з верасня да лістапада заставаўся ў адмысловым дыспансеры.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў