Дзярждэпартамент: ЗША імкнецца нейтралізаваць дзейнасць ПВК Вагнэра ўва ўсіх краінах


Дарадца Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Дэрэк Шале агучыў занепакоенасць дзейнасцю расейскаю ПВК Вагнэра і яе спробамі вербаваць вайскоўцаў у Сербіі ды іншых краінах свету, перадае «Associated Press».

«Мы бачым, што група Вагнэра імкнецца набіраць вайскоўцаў у Сербіі ды іншых краінах, і мы лічым, што гэта недапушчальна», – сказаў Дэрэк Шале падчас візіту ў Сербію.

Высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартаменту правёў у Сербіі перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны Александрам Вучычам і заявіў журналістам, што ЗША «з нецярпеннем чакае супрацы з урадам у Бялградзе і ў іншых месцах, дзе актыўнічае ПВК Вагнэра, каб пакласці канец іхнай дзейнасці».

ПВК Вагнэра, якім валодае расейскі алігарх Яўген Прыгожын, дзеіць у дзясятках пераважна афрыканскіх дзяржаваў, дзе рэалізуе вайсковыя і палітычныя праекты Крамля. Дзеіць і ў Сербіі – адзінай еўрапейскай краіне, апроч Беларусі, якая не далучылася да міжнародных санкцыяў супраць Расеі пасля яе ўварвання ва Украіну. Што праўда, паведамленні пра адкрыццё афіцыйных офісаў ПВК у Бялградзе былі пазней зняпраўджаныя.

Паводле заходніх выведак, баевікі ПВК Вагнэра складаюць каля чвэрці ад агульнай колькасці расейскіх войскаў на ўсходзе Украіны. Роля вагнэраўцаў у вайне супраць Украіны стала павялічваецца. Гэта асноўная «прабіўная» сіла ў супрацьстаянні ў Бахмуце і Салядары.

10 студзеня «Белсат» паведамляў пра смерць баевіка групоўкі Вагнэра Аляксея Цішкевіча, які паходзіць з Беларусі. Кіраўніцтва ПВК Вагнэра не хавае, што кантракты на ўдзел у вайне ва Украіне заключаюцца не толькі з грамадзянамі РФ, але і з грамадзянамі Казахстану, Узбекістану, Кыргызстану, Беларусі, Азербайджану, Арменіі і Малдовы. У Беларусі за ўдзел ва ўзброеных фармаваннях іншых краінаў прадугледжаная крымінальная адказнасць.

Hавiны
Пад Бахмутам загінуў вагнэравец з Беларусі Аляксей Цішкевіч. Расказваем, што вядома
2023.01.10 20:50

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў