Страшылка пра полк Каліноўскага: як БТ выкарыстала палітвязня ў чарговым «баевіку»


Вечарам 12 снежня на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў прапагандысцкі сюжэт пра нібыта няўдалую спробу найміцтва ў полк Каліноўскага. Галоўная роля у сюжэце адведзеная палітзняволенаму жыхару Магілёва Аляксандру Кулікову, які нядаўна вярнуўся з-за мяжы і зараз знаходзіцца ў СІЗА магілёўскай турмы №4.

Аляксандр Кулікоў. Скрын з праграмы на БТ. Крыніца: прамы эфір БТ

Аляксандр Кулікоў магіляўчанін, яму 53 гады, з 2002 года працаваў начальнікам аховы. Ён пакінуў Беларусь у маі 2023 года пасля завядзення на яго крымінальнай справы за каментары ў адным з чатаў, прызнаным сілавікамі «экстрэмісцкім». Перад гэтым, 6 красавіка, на Кулікова склалі адміністрацыйны пратакол па арт.19.11 КаАП і прысудзілі адміністрацыйны арышт.

Нягледзячы на крымінальны пераслед, Аляксандр вырашыў вярнуцца ў Беларусь, бо сілавікі яму паабяцалі, што яму будзе абрана мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.

Яго затрымалі 1 чэрвеня 2023 года адразу пасля вяртання з-за мяжы. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК) і паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК).

Суд Ленінскага раёну Магілёва 13 ліпеня 2023 года прызнаў магіляўчаніна вінаватым і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 кастрычніка 2023 года МУС дадало Аляксандра ў «спіс экстрэмістаў».

6 снежня 2023 года Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме пачаў новы судовы працэс у дачыненні да Кулікова. Яму інкрымінаваны:

• арт. 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;

• арт. 361-3 – удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу.

• арт. 361-5 – праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

Сюжэт БТ пралівае святло на тое, у чым канкрэтна абвінавачваюць Аляксандра. Прапагандысты сцвярджаюць, што ён знаходзіцца пад следствам па падазрэнні ў найміцтве і ўдзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.

Па версіі БТ, Аляксандра затрымалі ўжо не за абразу Лукашэнкі, а за размяшчэнне «неанацысцкай» сімволікі ў Аднакласніках. Як распавядае сам Кулікоў у сюжэце, ён выехаў у Варшаву, дзе паехаў у Беларускі дом і запісаўся ў полк Каліноўскага. Узяў пазыўны «Ленакс» у гонар баксёра Ленакса Льюіса.

Праз некалькі дзён ён паехаў ва Украіну, у навучальны цэнтр пад Кіевам. Вуснамі Аляксандра ў сюжэце ствараецца вобраз каліноўцаў як нешматлікай групы людзей, дзе пануе гвалт, кожны сам за сябе, ідэйных людзей выкарыстоўваюць у сваіх мэтах кіраўнікі палка, якія хочуць нажыцца. Паказваюцца кадры параненых і забітых жаўнераў, а таксама падаецца аўдыя нібыта размоваў каліноўцаў з накідамі на Аляксандра Азарава і BYPOL.

Кулікоў на камеру паказальна «прызнаецца», што ездзіў на Майдан у 2014 годзе, дзе стаў прыхільнікам украінскага нацыяналізму. Менавіта таму нібыта вырашыў прыняць удзел у баявых дзеяннях ва Украіне.

Аднак на фронт ён не трапіў, а паехаў назад у Беларусь – нібыта з мэтай калі-небудзь стварыць у Магілёве баявую ячэйку каліноўцаў. Аляксандр «раіць» беларусам не паўтараць яго памылку.

Наогул, сюжэт падобны на звычайную прапагандысцкую страшылку-агітку з мэтай дэманізаваць полк Каліноўскага. Але кошт гэтай агіткі даволі высокі: Аляксандру Кулікову пагражае да 10 гадоў зняволення.

Інтэрв’ю
Адным кветачкі, іншым – кулакі. Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт пра вынікі канферэнцыі каліноўцаў
2023.12.02 16:57

СП, belsat.eu

Стужка навінаў