Зяленскі стэлефанаваўся з Байдэнам, Макронам і Эрдаганам ды анансуе ўдзел ў паседжанні G7


Украіна возьме ўдзел у саміце G7 12 снежня. Пра гэта паведаміў у відэазвароце ў ноч на панядзелак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы вынікі тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Перад тым адбыліся тэлефанаванні з прэзідэнтамі Францыі і Турцыі.

«Толькі што гаварыў з прэзідэнтам Джоўзэфам Байдэнам. Як звычайна – прадметна і карысна. Ёсць моцныя дамоўленасці. Ужо сёння адбудзецца саміт G7, Украіна возьме ўдзел, і цяпер мы скаардынавалі нашыя пазіцыі з Амерыкаю. Быў рады адчуць у размове, што нашая формула міру ўспрымаецца станоўча. І гэта надае аптымізму. Чым хутчэй будуць зрэалізаваныя пункты формулы, тым больш трывалымі будуць гарантыі бяспекі Украіны і ўсіх у Еўропе», – паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Трохі раней прэзідэнт Украіны распавёў, што ў гутарцы з прэзідэнтам ЗША падзякаваў за «беспрэцэдэнтную абаронную і фінансавую дапамогу, якую ЗША надаюць Украіне. Гэта не толькі спрыяе дасягненню поспеху на полі бою, але і падтрымлівае стабільнасць украінскай эканомікі».

«Шануем і дапамогу ад ЗША ў справе аднаўлення энергасістэмы Украіны. Спадзяюся на далейшае паглыбленне супрацы ў гэтай сферы», – паведаміў украінскі лідар.

Зяленскі таксама паведамляе, што ў размове з Байдэнам «указаў на важнасць фармавання эфектыўнай супрацьпаветранай абароны для Украіны. Трэба зрабіць усё магчымае для абароны мірнага насельніцтва Украіны ды яе крытычнай інфраструктуры. Гэта асабліва важна менавіта цяпер, калі ва Украіне пачаўся зімовы перыяд».

Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў Джо Байдэну «за пацвярджэнне гатовасці падтрымліваць Украіну столькі, колькі неабходна, а таксама за дакладную і паслядоўную прыхільнасць Злучаных Штатаў да прынцыпаў суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы ў міжнародна прызнаных межах».

Раней, 11 снежня, у прэзідэнта Украіны адбылася тэлефонная размова з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Кіраўнікі дзяржаваў сінхранізавалі пазіцыі перад самітам «Вялікай сямёркі».

«Адбылася тэлефонная размова з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Сінхранізаваныя пазіцыі напярэдадні онлайн-саміту G7 і канферэнцыі ў справе падтрымання Украіны ў Парыжы. Мы абмеркавалі рэалізацыю нашай дзесяцікрокавай формулы міру, супрацы ў галіне абароны ды энергетычную стабільнасць Украіны», – паведаміў Уладзімір Зяленскі змест бяседы.

Пасля гэтага Зяленскі пагутарыў з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Яны абмеркавалі працу і магчымае пашырэнне збожжавага калідору, а таксама падтрыманне ініцыятывы «Grain from Ukraine».

«Працягнуў дыялог з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Падзякаваў за прытулак украінскім дзецям і сотні генератараў для нашых гарадоў. Адзначыў падтрыманне Турцыяй украінскай ініцыятывы #GrainfromUkraine. Таксама абмеркавалі далейшую працу і магчымае пашырэнне збожжавага калідору», – расказаў Зяленскі пра размову з Эрдаганам.

Вядома, што перад размоваю з прэзідэнтам Украіны Эрдаган гаварыў з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. Лідары сярод іншага абмеркавалі тэмы, датычныя Украіны.

Чытайце па тэме:

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў