news
Гісторыі
«Доўг памяці – пакараць забойцаў». Тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі
Смутак і салідарнасць беларусаў.
12.11.202307:00

Ужо тры гады, як няма разам з намі адданага патрыёта і героя плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі. Апошнімі ягонымі словамі былі: «Я выходжу!» 11 лістапада 2020 года Раман выйшаў, каб бараніць свой гонар і сімвалы свайго народу, а 12 лістапада яго не стала… Памяць пра Рамана Бандарэнку жыве, але ягоныя забойцы дагэтуль застаюцца не пакараныя.

Народны мемарыял Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў у Менску. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

Адной з першых пра смерць Рамана Бандарэнкі даведалася журналістка «Белсату» Марыя Голдстэйн. Гэтак супала, што ўвечары 12 лістапада яна разам з напарніцай працавала на акцыі, якую ладзілі менчукі непадалёку ад шпіталю хуткай медычнай дапамогі. Акурат туды трапіў уначы непрытомны Раман – пасля таго як, з плошчы Пераменаў яго выкралі і брутальна збілі невядомыя ў масках.

«Плакалі амаль усе»

Марыя з сяброўкай закончылі працу і вырашылі зайсці ў шпіталь, каб запытацца пра стан здароўя Рамана ды пра неабходнасць дапамогі. Ніхто не думаў тады, што ўсё можа скончыцца так блага, прызнаецца Марыя.

«Мы зайшлі проста ў прыёмны пакой. Там з правага боку – акурат дзверы ў рэанімацыю. Назваліся сваякамі Рамана, і нам параілі паспрабаваць злавіць лекара каля ўваходу ў рэанімацыю. Падышлі туды. Спачатку выйшла жанчына-медык, асістэнтка лекара, напэўна.

А пасля выйшаў ён сам. Спытаў, хто мы. «Сваякі? – кажа. – Тады тэлефануйце маме і сястры, таму што мы не можам да іх дазваніцца, бо Раман ужо 20 хвілін як памёр…» – успамінае Марыя.

Яна прызнаецца, што словы лекара яе шакавалі. Усё раптам зрабілася як у тумане. Не верылася, што гэтыя словы могуць быць праўдай. Але ж прамаўляў іх не нейкі супрацоўнік РУУСу, а – лекар. Доктар, які 20 хвілін таму яшчэ спрабаваў выцягнуць Рамана з таго свету.

«І ён сам быў у шоку. Гэта было бачна па ягоных вачах. На твары была маска, але вочы… Вочы былі такія самыя, як у нас, калі пачулі словы «памёр», – згадвае журналістка.

Марыя распавядае, што, калі недзе праз паўтары гадзіны дабраліся да плошчы Пераменаў, яна была ўжо запоўненая людзьмі.

Мемарыял памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2020 года.
Фота: Яўген Атцецкі

«Было вельмі шмат людзей. Яны стаялі, абдымаліся, плакалі… Плакалі амаль усе. Вельмі шмат кветак, знічак і слёз. Мы яшчэ падумалі: добра, што набылі кветкі ў цэнтры, бо каля плошчы людзі стаялі да квяцярняў у велізарных чэргах», – згадвае нашая суразмоўца.

Hавiны
«Я выходжу!» Святлана Ціханоўская заклікала далучацца да Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада
2023.10.22 15:08

Яна кажа, што людзі ішлі і ішлі. У грамадзе, якая сабралася на плошчы Пераменаў, можна было згубіцца.

«Такая ўсеагульная жалоба. Смерць Ромы ўсе ўспрынялі як страту нейкага свайго вельмі блізкага чалавека», – падсумоўвае Марыя.

Сястра Бандарэнкі: Людзі помняць, і я веру, што ніколі не забудуць…

Блізкі Раману чалавек – ягоная стрыечная сястра Вольга Кучарэнка, якая цяпер жыве ў Варшаве, кажа, што народная памяць не згасае.

«Цягам трох гадоў і цягам гэтага апошняга года я адчувала, што людзі не забылі таго, што адбылося 12 лістапада 2020 года. Можа, не так адразу пазнаюць мяне як сястру Рамана, але калі даведваюцца – стараюцца абняць мяне і падтрымаць. Рознага кшталту падтрыманне прыходзіць – і словамі, і справамі. Хтосьці прыязджае на могілкі да Рамана з кветкамі і дапамагае прыбраць ягоную магілу. І гэтак далей. Людзі помняць, і я веру, што ніколі не забудуць…» – кажа сястра Рамана Бандарэнкі.

Вольга Кучарэнка – стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі. Варшава, Польшча. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ганна Ільіна / Белсат

Вольга Кучарэнка даслала нам нядаўні здымак з Паўночных могілак у Менску, дзе пахаваны ейны брат (сектар 81-Б). На магіле шмат кветак, якія пастаянна прыносяць людзі. Ці запальваліся на ёй свечкі на Дзяды, яна не ведае, бо маці Рамана, Алена, наведала магілу сына яшчэ напярэдадні Дня памяці.

Пакуль што на магілцы стаіць звычайны драўляны крыж з партрэтам Рамана. Але найбліжэйшым часам з’явіцца помнік.

«Ён будзе незвычайны», – кажа стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, але што будзе з сябе ўяўляць, удакладняць адмаўляецца – каб не сурочыць.

Магіла Рамана Бандарэнкі на Паўночных могілках у Менску напрыканцы кастрычніка 2023 года. Здымак перадала рэдакцыі сястра Рамана, Вольга Кучарэнка

«Мы проста вельмі доўга чакаем, пакуль усё будзе выраблена. Ёсць пэўныя тэрміны ўсталявання, але мы ўвесь час у гэтыя тэрміны не траплялі, бо працэс гэты вельмі доўгі. Але помнік неўзабаве паўстане», – патлумачыла Вольга.

Ці мусіць помнік Раману Бандарэнку ў вольнай Беларусі паўстаць менавіта на плошчы Пераменаў у Менску? Вольга Кучарэнка мяркуе, што калі прастора паміж дамамі 1 і 3 на Сморгаўскім тракце і 62 на вуліцы Чарвякова ў Менску застанецца пасля вызвалення Беларусі дзіцячай пляцоўкай, то ўсталёўваць там помнік не будзе сэнсу. Калі ж, згодна з будучымі праектамі, яна ператворыцца ў сапраўдную плошчу – плошчу Пераменаў – тады так.

«А ў прынцыпе, не мае значэння, дзе будзе ўсталяваны помнік. Калі гэты помнік паўстане дзеля таго, каб захаваць памяць, і памяць не проста пра чалавека, а пра чалавека ў гістарычным кантэксце – каб гэтая гісторыя перадавалася з пакалення ў пакаленне і каб на ёй выхоўваліся людзі – тады няма вялікай разніцы, дзе ён будзе стаяць. Магчыма, у цэнтры гораду, але не прынцыпова», – лічыць сястра Рамана Бандарэнкі.

«Пра механізм універсальнай юрысдыкцыі ведаем»

Але помнікі ў Менску – справа будучыні. Пакуль жа і сям’я, і ўсё беларускае грамадства мае іншы неадкладны доўг перад Раманам і ягонай памяццю. Сплаціць яго ўдасца толькі тады, калі будзе праведзенае стараннае расследаванне ягонага забойства, справядлівы судовы працэс і пакаранне злачынцаў.

Плакат на плошчы Пераменаў у Менску 13 лістапада 2020 года.
Фота: ВВ / Белсат

Нагадаем, Генпракуратура распачала крымінальную справу паводле ч .3 арт. 147 КК («Наўмыснае прычыненне цяжкога пашкоджання цела, якое стала прычынай смерці з неасцярожнасці») 18 лютага 2021 года. А праз сем месяцаў – 17 верасня 2021 года – яе прыпыніла: «з прычыны невысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» (п. 1 ч. 1 арт. 246 КПК РБ).

Лукашэнкаўскаму рэжыму нявыгадна «высвятляць асобаў», якія шчыльна звязаныя з ім і выконвалі ягоныя злачынныя загады. З таго часу – ніякіх рухаў ці сігналаў з Генпракуратуры.

«Ніякіх паведамленняў з Генеральнай пракуратуры аб узнаўленні крымінальнай справы ў дачыненні тых, хто забіў Рамана, мы не атрымлівалі. Справа гэтая застаецца цяпер у статусе прыпыненай, але яна не закрытая», – падкрэслівае Вольга Кучарэнка.

Дзякуючы расследаванням «BYPOL» маем ужо спіс асобаў, датычных да забойства Бандарэнкі. І пад першым нумарам у ім – кікбаксёр Дзмітрый Шакута, які збіваў Рамана і, імаверна, нанёс яму смяротную траўму (у спісе апроч іншых – былы лукашэнкаўскі хакеіст Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант і сястра яе муж, старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, спартовая журналістка Ганна Эйсмант).

Калі доказы датычнасці гэтых людзей да забойства не можа ацаніць беларускі суд (у Беларусі паводле ч. 3 арт. 147 КК ім свяціла б да 15 гадоў зняволення), дык, можа, неабходна запусціць механізм універсальнай юрысдыкцыі, каб судзіць злачынцаў у Літве ці Польшчы?

«Так, ведаем пра гэта. Цягам года нам спрабуюць данесці гэтую ідэю пра ўніверсальную юрысдыкцыю. Мы абмеркавалі яе паміж сабой, але рашэння пакуль не прынялі. Проста ведаем і дапускаем, што такое магчыма», – падагульняе Вольга Кучарэнка.

Палітычныя забойствы і смерці з віны рэжыму

Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» падрыхтавала да Дня салідарнасці з Беларуссю, які адзначаецца на знак памяці аб Раману Бандарэнку 12 лістапада, аналітычны агляд «Палітычныя забойствы і смерці з віне рэжыму». У дакуменце называюцца меркаваныя вінаватыя ў смерці Рамана Бандарэнкі. Спіс не новы, але мы яшчэ раз яго публікуем:

  • Дзмітрый Баскаў (старшыня Федэрацыі хакею Беларусі).
  • Дзмітрый Шакута (інструктар спецпадрыхтоўкі ў в/ч № 3214 і № 3032 СОБР унутраных войскаў, былы кікбаксёр).
  • Яўген Ціманоўскі (старшы прапаршчык СОБР, баец ММА).
  • Сяргей Сарман (старэйшы групы СОБР) і група байцоў СОБР (в/ч 3032, г. Менск).
  • Аляксей Бабкоў (намеснік начальніка аддзелу крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС Менску, адказны дзяжурны з 11 на 12 лістапада 2020 года).
  • Дзмітрый Балаба (камандзір менскага АМАПу).

У справаздачы «Палітычныя забойствы» падкрэсліваецца, што падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі асобы, якія падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, атрымалі поўную свабоду і гарантыю беспакаранасці за ўсе дзеянні ў барацьбе з любымі праявамі грамадзянскай актыўнасці.

В Киеве прошла акция памяти погибшего Романа Бондаренко
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі каля амбасады Беларусі ў Кіеве ва Украіне. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

«Праўладныя актывісты пад прыкрыццём сілавікоў, знішчаючы нацыянальныя сімвалы і ўпрыгожанні жыхароў у двары іх дому, жорстка збілі Рамана Бандарэнку і адвезлі яго ў Цэнтральны РУУС Менску. У выніку нанесеных «сілавікамі» цяжкіх траўмаў ён памёр у шпіталі», – гаворыцца ў аглядзе «Прававой ініцыятывы».

Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што дзяржава парушыла міжнародныя стандарты абароны права на жыццё і нацыянальныя нормы ажыццяўлення праваахоўнай дзейнасці (неправамернае ўжыванне сілы, ненаданне медычнай дапамогі). Пазней найвышэйшымі службовымі асобамі распаўсюджваліся звесткі, якія ганьбілі Рамана Бандарэнку, утрымлівалі не толькі асабістую, але і непраўдзівую інфармацыю аб ім.

«Эфектыўнага расследавання рэжымам праведзена не было, вынікі расследавання хаваюцца ад блізкіх сваякоў, сапраўдныя віноўнікі смерці Рамана Бандарэнкі, нягледзячы на наяўнасць мноства доказаў злачынства, застаюцца беспакаранымі. Матэрыяльная кампенсацыя сямʼі загінулага не выплачаная», – падсумоўвае «Прававая ініцыятыва».

У аглядзе «Палітычныя забойствы і смерці з віны рэжыму» аналізуецца 25 смерцяў, у якіх вінаватая дзяржава. 16 з іх здарыліся падчас пратэстаў 2020 года і пазней. Рэальная колькасць смерцяў застаецца невядомай, канстатуюць праваабаронцы. Высновы несуцяшальныя: гэтых людзей забіла дзяржава.

Гісторыі
«І пад’ехаў Рома на ровары…»  Шчымлівыя ўспаміны людзей, якія былі побач з Раманам Бандарэнкам
2022.11.12 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu