news
Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
Магчымасці ўдзелу ў выбарах грамадзянаў скарачаюцца.
13.10.202307:44

У Беларусі на ўсю моц рыхтуюцца да адзінага дня галасавання, што мае прайсці 24 лютага 2024 года. Пры гэтым у краіне ўсяляк скарачаюцца магчымасці ўдзелу грамадзянаў – пасіўна і актыўна – у выбарах. Што ў выніку гэтага застаецца ад выбараў – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне палатаў парламенту.
Фота: sb.by

24 лютага 2024 года ў Беларусі ўпершыню мае прайсці адзіны дзень галасавання. Падчас яго будуць абраныя як дэпутаты Нацыянальнага сходу, гэтак і дэпутаты мясцовых саветаў. Таксама праз 60 дзён павінен правесці сваё першае паседжанне рэфармаваны Усебеларускі народны сход. Рыхтуюцца да выбараў з усёй сілы: ужо сфармаваныя выбарчыя акругі да парламенцкіх выбараў, а да 1 лістапада трэба сфармаваць іх да мясцовых.

Фактычна сённяшнія дэпутаты мясцовых саветаў ужо нелегітымныя, а дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі такімі стануць неўзабаве. Рэч у тым, што мясцовыя выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазней як 18 студзеня 2022 года, а парламенцкія – не пазней за 5 лістапада 2023-га. То бок выбарчыя кампаніі мусілі пачацца сама позна ў кастрычніку 2021-га і ў жніўні 2023-га. Аднак ва ўмовах палітычнага крызісу, справакаванага фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, рэжым пастанавіў перанесці даты выбараў на пазнейшыя тэрміны – ажно на 24 лютага 2024 года.

Як заяўляе старшыня ЦВК Ігар Карпенка, сумяшчэнне выбараў дазволіць істотна заашчадзіць сродкі на іх. Але пры такім падыходзе да лёсавызначальных, здавалася б, падзеяў можна дагаварыцца наагул да скасавання выбараў і роспуску ЦВК з Карпенкам на чале і прызначэння дэпутатаў беспасярэднім указам Аляксандра Лукашэнкі, бо такі варыянт мог бы зусім нічога не каштаваць бюджэту.

Занадта выбарчы кодэкс

Адсоўваючы даты выбараў на пазнейшыя тэрміны, улады адначасова працягвалі зачышчаць палітычнае поле, у тым ліку на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка 16 лютага 2023 года падпісаў Закон аб змене Выбарчага кодэксу. Праўда, некаторыя з яго новаўвядзенняў ужо дзеялі і раней, толькі на ўзроўні «не да законаў».

Цяпер жа выбарчыя ўчасткі за мяжою скасаваныя, а спісы чальцоў выбарчых камісіяў засакрэчаныя ўжо на афіцыйным узроўні. З улікам таго, што толькі ў адной Польшчы жывуць не менш за 300 тысяч беларусаў, погляды якіх «можна было б коратка акрэсліць як адназначна антысавецкія, моцна антырасейскія, сугучныя духу спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай», то выбарчага права цяпер афіцыйна пазбаўленыя вялізныя пласты беларускага грамадства, не згодныя з тым, як кіруе Беларуссю Лукашэнка. Улады, вядома, у гэтым праблемы і парушэнняў не бачаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Фота: sb.by

Таксама папраўкі прадугледжваюць дадатковыя патрабаванні да кандыдатаў на дэпутатаў: цяпер ім забаронена мець грамадзянства замежнай дзяржавы, карту паляка ды іншыя «такія дакументы». Акрамя таго, скасавалі парог яўкі на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Афіцыйна забароненыя фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня, змянілі час датэрміновага галасавання і скарацілі тэрмін на акрэдытацыю назіральнікаў да дня датэрміновага галасавання.

Да таго ж раней на практыцы была істотна павялічаная прысутнасць сілавікоў на выбарчых участках і каля іх. А з кабінак для галасавання прыбіралі фіранкі.

Партыі папрасілі на выхад

Пры гэтым палітычныя партыі надалей змогуць выстаўляць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, назіральнікаў і кандыдатаў на дэпутатаў. Раней гэта вельмі моцна спрашчала дзейнасць палітычнай апазіцыі ў Беларусі, бо інакш актывістам даводзілася б збіраць подпісы за сваё вылучэнне. З аднаго боку, збор подпісаў дапамагаў больш шчыльнаму кантакту з выбарнікамі на акругах, а з другога – павышаў рызыку нерэгістрацыі прэтэндэнтаў на падставе выяўленых пільнымі прадстаўнікамі ўладаў памылак ці недакладнасцяў у спісах падпісантаў.

Таму нават прадстаўнікі незарэгістраваных партыяў або палітычных арганізацыяў Беларусі на час выбараў далучаліся да ўжо зарэгістраваных партыяў і ад іхнага імя вылучалі свае кандыдатуры. Напрыклад, прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ішлі на выбары як чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а руху «За свабоду» – як Партыі БНФ.

Таксама сваіх чальцоў у выбарчыя камісіі і назіральнікаў мелі права вылучаць грамадскія арганізацыі і прафсаюзы. І хоць абсалютную перавагу падчас зацвярджэння вылучаных кандыдатураў мелі прадстаўнікі праўладных партыяў і арганізацыяў, прадстаўнікі апазіцыі ўсё ж маглі прасунуць некаторых сваіх прадстаўнікоў.

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Але з 2021 года ў Беларусі былі зліквідаваныя ўжо сотні грамадскіх арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў, а ў 2023-м надышла чарга і палітычных партыяў.

Партыі ў Беларусі ліквідавалі ўвесь час кіравання Лукашэнкі. У выніку з 28 партыяў на 1999 год у 2020-м у Беларусі засталіся толькі 15.  У верасні 2020 года 10 з іх – як апазіцыйных, гэтак і праўладных – выступілі з супольнаю заяваю супраць гвалту і за новыя прэзідэнцкія выбары.

Цяпер для ліквідацыі партыяў прынялі нават адмысловы закон. Ён у пяць разоў павялічыў мінімальны парог колькасці чальцоў – да 5000, забавязаў мець арганізацыйныя структуры ў кожнай вобласці і Менску, зноў-такі абмежаваў правы грамадзянаў, якія жывуць за мяжою, быць у партыях і фінансаваць іх. Акрамя таго, акт забавязаў партыі прайсці рэгістрацыю.

Хто з партыяў застаўся, а каго з’елі

Як і прадказваў міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, які паходзіць з Данбасу і не мае вышэйшай юрыдычнай адукацыі, засталіся толькі 4 партыі: тры дзейныя (Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) і адна наваствораная «Белая Русь».

Камуністычная партыя па выніках выбараў 2018 і 2019 гадоў мела 11 дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў і 309 у мясцовых саветах, РППС – 6 дэпутатаў парламенту і 127 мясцовых, Ліберальна-дэмакратычная – аднаго прадстаўніка ў парламенце (Алега Гайдукевіча) і чатырох  у мясцовых саветах.

Таксама двух дэпутатаў парламенту мела Беларуская патрыятычная партыя, аднаго – Аграрная партыя. Да таго ж у іх было па адным дэпутаце мясцовых саветаў. Апроч таго, 11 мясцовых дэпутатаў належалі да Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды і 4 да Беларускай сацыяльна-спартовай партыі. Усе астатнія 89 дэпутатаў ніжняй палаты парламенту і 17 653 мясцовых дэпутатаў былі беспартыйныя, але ў большасці сваёй належалі да грамадскай арганізацыі «Белая Русь». Цяпер, магчыма, яны стануць ці ўжо сталі чальцамі аднайменнай партыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская партыя «Зялёныя».
Фота: greenbelarus.info

Тым часам былі зліквідаваныя практычна ўсе падпісанты звароту з верасня 2020 года. Гэтак, спынілі афіцыйнай існаванне апазіцыйныя Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» і Партыя БНФ, праўладныя Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Рэспубліканская партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды.

Апазіцыйную Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ і праўладныя Беларускую аграрную партыю ды Беларускую патрыятычную партыю непадпісанне звароту ад ліквідацыі таксама не ўратавала.

Адзіны падпісант апазіцыйнага звароту, які працягнуў сваё існаванне, – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Праўда, яна на той момант ужо было «нармалізаваная». На пазачарговым з’ездзе ў снежні 2020 года старшыня РППС Васіль Задняпраны, які падпісваў зварот, быў выключаны з партыі.

Як з партыямі ў суседзяў?

Чатыры партыі, якія на сёння легальна дзеюць на тэрыторыі Беларусі, фармальна рэпрэзентуюць нават розны палітычны спектр: правая ЛДП, цэнтрысцкая «Белая Русь», сацыялістычная РППС і камуністы. Хоць дэ-факта ўсе яны ўяўляюць сабою частку дзейнага лукашэнкаўскага рэжыму. Дый чатыры – гэта, вядома, больш за адну партыю, што існавала ў час СССР. Але ўсё адно гэта нашмат менш, чымся ўва ўсіх суседніх краінах. Гэтак, ва Украіне зарэгістраваныя 365 партыяў, у Польшчы – 104, у Латвіі – 84 партыі і палітычныя аб’яднанні, а ў Літве – 27.

Вонкава беларуская палітычная сістэма цяпер нагадвае Дзяржаўную думу Расеі, дзе таксама гадамі засядаюць ЛДПР, КПРФ, «Справедливая Россия» (сябар беларускай РППС) і над усімі ўзвышаецца «Единая Россия». Але нават у Думе прысутнічаюць яшчэ дзве партыі – ліберальныя «Новые люди» і ліберальна-кансерватыўная «Партия роста». Агулам жа ў РФ зарэгістраваныя 25 партыяў.

Найбольш жа сучасная партыйная сістэма ў Беларусі падобная да сітуацыі ў камуністычнай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы, што існавала ў 1949–1990 гадах. Там існавалі пяць палітычных партыяў – кіроўная камуністычная Сацыялістычная адзіная партыя Нямеччыны, кансерватыўныя Хрысціянска-дэмакратычны звяз і Нацыянальна-дэмакратычная партыя, аграрная Дэмакратычная сялянская ды Ліберальна-дэмакратычная. Усе яны разам з мясцовымі аналагамі БРСМ, саюзу жанчын ды іншымі ўваходзілі ў адзіны Нацыянальны фронт. Менавіта паміж імі пасля дзяліліся месцы ва ўсходненямецкім парламенце.

Выбары з лялечнымі кандыдатамі

Юрыст Міхаіл Кірылюк у каментары «Белсату» адзначыў, што ў Беларусі сёння дэ-факта ўвялі ваеннае становішча, фармальна не абвешчанае:

«Але мы можам бачыць яго на ўласныя вочы. Палітычнае жыццё ў Беларусі знішчанае пад пагрозаю фізічнага забойства, катаванняў, зняволення, выгнання. Найпапулярнейшыя лідары беларусаў цяпер або ў турме, або ў выгнанні».

Юрыст нагадаў, што закон пра ваеннае становішча забараняе мітынгі, выбары, агітацыю, пашыраныя паўнамоцтвы сілавікоў ды іншае. Усё гэта фактычна ўжо ўведзена ў Беларусі.

На думку Кірылюка, у сённяшніх умовах «немагчымае волевыяўленне, агітацыя, публічная крытыка». Таму і казаць пра тое, што хтосьці з незалежных кандыдатаў можа паспрабаваць вылучыцца, не выпадае. Паколькі рэжым у Беларусі яшчэ і актыўна падтрымліваецца Расеяй, якая выкарыстоўвае яго ў сваім супрацьстаянні з Украінай і Захадам, то цяпер «было б безадказна і глупствам лічыць, што на выбарах можна дабіцца нейкіх поспехаў».

Кірылюк мяркуе, што будуць дазволеныя толькі тыя «лялечнага тыпу кандыдаты, якія будуць падтрымліваць у рознай ступені Лукашэнку і Пуціна ды таму не адлюстроўваць волі беларускага народу».

Замест гэтага юрыст параіў браць удзел у магчымых выбарах у Каардынацыйную раду, «бо пры ўсіх мінусах гэта адзіны больш-менш прадстаўнічы орган, дзе беларусы могуць свой голас заявіць».

Макар Мыш belsat.eu