news
Гісторыі
Як «Алехандра Рыгоравіч» любімую не аддае. Пратэсты ў Гватэмале вачыма беларуса
У Гватэмале адбываецца найбуйнейшы палітычны крызіс за апошнія амаль 30 гадоў.
13.10.202312:03

У лацінаамерыканскай краіне Гватэмала адбываецца найбуйнейшы палітычны крызіс за апошнія амаль 30 гадоў. Стары прэзідэнт, які мусіў быў пакінуць крэсла кіраўніка краіны, раптам пастанавіў перагледзець вынікі выбараў. Гэта выклікала масавыя пратэсты і агульнанацыянальны страйк. Пра сітуацыю ў краіне і яе падабенства з Беларуссю апавёў «Белсату» беларускі журналіст Аляксандр Гойшык, які жыве ў Гватэмале.

Пратэсты ў Гватэмале.
Фота: Zaza Gašek / Facebook

Гватэмала месціцца ў Цэнтральнай Амерыцы – паміж Мексікай, Бэлізам і Гандурасам. Яе плошча ў два разы меншая за беларускую, але насельніцтва ў тыя ж два разы большае. Краіна належыць да іспанскамоўнага свету, аднак амаль палова яе насельніцтва – індзейцы мая. І іхныя мовы ў тым ліку прапісаныя як афіцыйныя ў Канстытуцыі краіны. Другую палову насельніцтва складаюць у асноўным метысы.

Паводле ВУП на душу насельніцтва Гватэмала займае 121-е месца ў свеце (Беларусь – 72-ая), апярэджваючы суседні Бэліз, Гандурас ці камуністычна-сацыялістычныя Балівію, Венесуэлу або Нікарагуа. «Freedom House» адносіць Гватэмалу да часткова вольных краінаў з рэйтынгам 49 балаў са 100 (у Беларусі – 8).

У ХХ стагоддзі краіну 36 гадоў скаланала грамадзянская вайна, ахвярамі якой сталіся каля 200 тысяч асобаў. Тады адбываліся акты генацыду індзейцаў мая. Але ў 1996 годзе было падпісанае мірнае пагадненне, адбыліся рэформы, пачаўся эканамічны рост. Уладу ў краіне, дзе да таго былі нярэдкімі перавароты, стала змяняцца ў выніку выбараў.

У 2019 годзе прэзідэнцкія выбары з чацвёртай спробы выйграў правацэнтрысцкі палітык Алехандра Яматэй. У міжнароднай палітыцы ён выступаў з крытыкаю венесуэльскага рэжыму, заклікаў прызнаць тэрарыстычнаю ліванскую «Хізбулу» і быў першым з лацінаамерыканскіх лідараў, хто наведаў Украіну пасля 24 лютага 2022 года.

Hавiны
Беларуску, што трапіла пад санкцыі ЗША, пазбавілі віду на жыхарства ў Гватэмале
2022.11.27 17:18

Але ва ўнутранай палітыцы ўрад Яматэя не здолеў утрымаць падзення даходаў насельніцтва і росту крыміналу. У 2023 годзе менш як 3 % жыхароў ацэньвалі кіраванне Яматэя станоўча. Таксама яго і ягонага меркаванага каханка Мігеля Марцінэса (гватэмальцы называюць яго Мігеліта, даслоўна Мігельчык), які ў свае 34 гады стаўся вельмі ўплывовым палітыкам, вінавацілі ў карупцыі, у тым ліку падчас размеркавання грошай у час пандэміі каронавіруса.

Паводле гватэмальскага закону, прэзідэнт краіны можа займаць сваю пасаду толькі чатыры гады без права пераабрання. Яматэй не стаў змяняць Канстытуцыі, і 20 жніўня 2023 года ў выніку двух тураў галасавання перамог левацэнтрысцкі кандыдат Бэрнарда Арэвалё, сын Хуана Арэвалё, які кіраваў Гватэмалай у 1945–1951 гадах. Але абяцанні палітыка разабрацца з карупцыяй выклікалі ў краіне палітычны крызіс.

Як апавёў «Белсату» беларускі журналіст-фрылансер, падарожнік, вулічны артыст Аляксандр Гойшык з Салігорску, які цяпер жыве ў гэтай краіне, гэта самы сур’ёзны палітычны крызіс у краіне з 1996 года.

Антыкарупцыйны фальстарт

На сваю пасаду Арэвалё, які выйграў выбары, мусіць заступіць яшчэ толькі праз тры месяцы – 14 студзеня 2024 года, але ў адным са сваіх выступаў ён ужо паабяцаў разабрацца з фактамі карупцыі з боку папярэдняй адміністрацыі. І Алехандра Яматэй, якога наш суразмоўца называе Алехандра Рыгоравіч, вельмі спужаўся.

Аляксандр Гойшык падчас пратэстаў у Гватэмале.
Фота: Zaza Gašek / Facebook

«Яму б не хацелася ўцякаць з Гватэмалы, бо ўсе ў краіне вельмі добра ведаюць, колькі яны накралі. А калі будзе сапраўднае расследаванне, то ёсць вялікая верагоднасць трапіць за краты», – адзначыў Гойшык.

У выніку яшчэ дзейны прэзідэнт загадаў генеральнай пракурорцы Марыі Порас разабрацца. Ейныя людзі з 12 верасня ўжо чатыры разы «фактычна ўламаліся» ў будынак Найвышэйшага выбарчага трыбуналу, хоць не мелі на гэта дастаткова паўнамоцтваў, кажа суразмоўца. Мэта – забраць ужо прызнаныя вынікі першага туру выбараў і знайсці несапраўдныя подпісы за вылучэнне Арэвалё.

«Гэты спосаб знайсці несапраўдныя подпісы мы ў Беларусі добра ведаем», – падкрэсліў Гойшык.

Гватэмальскае грамадства ўспрыняло гэтыя дзеянні яшчэ дзейнага прэзідэнта як спробу дзяржаўнага перавароту.

«Для звычайных гватэмальцаў вельмі важна, што іхны голас на нешта можа паўплываць. Яны вельмі ганарацца тым, што ў іх свабодныя выбары, што яны могуць на іх выбраць новага прэзідэнта, новую кіроўную партыю. Яны ведаюць, што палітыкі дурнаватыя і зладзеяватыя, аднак магчымасць уздзейнічаць на палітыку праз празрыстыя свабодныя выбары для іх вельмі важная», – расказаў суразмоўца.

Разуменне таго, што галасы могуць скрасці, а абранага прэзідэнта праз нейкія карупцыйныя схемы хочуць не дапусціць да ўлады, «спрацавала вельмі моцным трыгерам для насельніцтва Гватэмалы».

«Насельніцтва масава адгукнулася на заклік абранага прэзідэнта мірна бараніць дэмакратыю і выйсці на падкрэслена мірныя пратэсты», – заявіў журналіст.

Блакаванне дарог і пабітыя правакатары

Гойшык адзначыў, што мірныя пратэсты пачаліся 2 кастрычніка: фактычна краіна блакуецца, перакрываюцца ўсе дарогі, заезды ўва ўсе буйныя паселішчы. Сутычак з паліцыяй пры гэтым не адбываецца – «проста мірным пратэстам паралізуюць дзейнасць бізнесаў, прымушаюць мясцовых алігархаў знаходзіць шляхі ўздзеяння на палітыкаў». Пратэсты падтрымліваюць у тым ліку вельмі ўплывовыя прафесійныя звязы транспартавікоў і настаўнікаў, а таксама аб’яднанне 48 кантонаў Татанікапану, што рэпрэзентуе інтарэсы народаў мая. Мясцовыя медыі актыўна асвятляюць сітуацыю.

«У горадзе, дзе я жыву, а гэта другі паводле велічыні горад краіны, Кетсальтэнанга, пратэсты спакойна стаяць. Людзі падтрымліваюць. У нашым прадмесці лідары страйкаму вызначылі, што ў нас сухі закон, і ўсе крамы, якія прадаюць алкаголь, не маюць права працаваць. Іншыя бізнесы могуць працаваць часткова пры ўмове, што яны будуць дасылаць кагосьці на падтрыманне блакады дарог», – адзначыў Гойшык.

Заблакаваныя дарогі ў Гватэмале.
Фота: Zaza Gašek / Facebook

Разам з тым блакада дарог у тым ліку вылілася ў перабоі з дастаўкаю тавараў, «крамы фактычна стаяць напалову пустыя». На бензастанцыях скончылася паліва, праз яго адсутнасць зачыняўся нацыянальны аэрапорт.

Тады дзейны прэзідэнт Яматэй выступіў у тэлебачанні і, як і ў Беларусі, абвінаваціў вонкавых ворагаў Гватэмалы ў праплачаных, паводле яго, пратэстах у краіне.

«Дакладна тая сама рыторыка, якую мы чулі ў Беларусі. Што ў нас усё добра, стабільна, дэмакратычна, прыемна, а ўсе ворагі праплачаныя. Яны хочуць нас разваліць, умешваюцца ў нашыя ўнутраныя справы. Не саступім ні кроку, нікога ні ў якую адстаўку адпраўляць не буду, і трэба рашуча разбірацца з усімі блакаваннямі», – падкрэсліў суразмоўца.

Аляксандр Гойшык і гватэмальская паліцыя.
Фота: Zaza Gašek / Facebook

Тым не менш, паводле Аляксандра, тут жа пачынаюцца і адрозненні ад сітуацыі ў Беларусі, бо войска і паліцыя нашмат больш незалежнымі і вядуць сваю гульню. Таму ёсць пэўная верагоднасць, што яны застануцца на баку народу і нікога разганяць не будуць. Пакуль, нягледзячы на ўсе заявы дзейнага прэзідэнта, масавага разгону блокпастаў не было.

«Некалькі разгонаў адбылося, але масава такога не назіраецца», – адзначыў Гойшык.

Пры гэтым з’явіліся правакатары, «як у нас 19 снежня 2010 года», якія пачалі кідацца камянямі ў паліцыю, спрабавалі граміць гандлёвыя цэнтры, правакаваць людзей на блокпастах. Але пратэстоўцы самыя вылічылі гэтых правакатараў і «вельмі сур’ёзна накалацілі». Пасля гэтага правакацыі спыніліся.

На чыім баку пратэст?

Варта адзначыць, што сам пратэст не мае геапалітычнага складніку, бо людзі «вельмі добра ведаюць, як жывуць Венесуэла, Нікарагуа, Куба ці Балівія», якія абралі прарасейскі і антыамерыканскі шлях. Шмат гватэмальцаў працуюць у ЗША, гэта вельмі важны партнёр Гватэмалы.

«Людзям тут вельмі важнае права голасу, права дэмакратычна змяняць уладу. Ім не трэба ўся гэтая ідэалогія, якая паўсюдна ў Лацінскай Амерыцы вядзе да левай дыктатуры», – падкрэсліў Гойшык.

Паводле суразмоўцы, гватэмальцам не патрэбныя нязменныя рэжымы, якія ўсталяваліся ў Нікарагуа, на Кубе ці ў Венесуэле. Што з гэтага атрымаецца, пакажа найбліжэйшы час.

Інтэрв’ю
За год наведаў 16 краінаў, усяго – больш за 70. Гутарым з беларусам, які выправіўся ў падарожжа вакол свету
2022.10.30 08:30

Макар Мыш belsat.eu