Сапраўдныя амазонкі і звычайныя героі падчас вайны: натхняльныя гісторыі супраціву жыхароў Ізраілю


Вайна, якая пачалася ў Ізраілі 7 кастрычніка, з першых хвілінаў уразіла ўвесь свет жорсткасцю і нечаканасцю. Тысячы мірных асобаў зазналі гвалт з боку тэрарыстаў, сотні загінулі і трапілі ў палон. Але нават у такім пекле знайшлося месца кранальным гісторыям сапраўднага гераізму, праяўленага жыхарамі Ізраілю. Сабралі самыя яркія натхняльныя гісторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаўнер ізраільскага войска расцягвае ізраільскі нацыянальны сцяг, стоячы на танку на поўначы Ізраілю ля мяжы з Ліванам. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Jalaa Marey / AFP / East News

Вайскоўцы былымі не бываюць

7 кастрычніка генерал Цагалю (арміі Ізраілю) у запасе Ноам Тыбон даведаўся, што ягоны сын, журналіст Амір Тыбон з усёю сям’ёю, жонкай і дзвюма дочкамі, трапіў у пастку ў кібуцы Нагаль-Оз, найбліжэйшы да сектару Газа. Сямʼя замкнулася ў мамадзе (пакоі-бомбасховішчы) у сваёй хаце, куды праніклі баевікі «Хамасу». 62-гадовы Ноам Тыбон скокнуў у машыну і памчаўся з Тэль-Авіву ратаваць родных.

«Раніцаю патэлефанаваў мой сын Амір, сказаў, што ён з сямʼёй акружаны баевікамі «Хамасу». Праз тры хвіліны я быў у машыне. Галі, мая жонка, таксама паспела ўскочыць, я ведаў, што не змагу адгаварыць яе, таму не стаў марнаваць часу. Урэшце, яна жонка вайскоўца, не панікуе і ўмее надаваць першую дапамогу», – апавёў у інтэрвʼю ізраільскім медыя Ноам Тыбон.

Паездку вельмі падрабязна апісвае ізраільская прэса. Спачатку Ноам сустрэў маладзёнаў, якія ўцякалі ў паніцы з трагічна вядомага музычнага фестывалю ў Рэ’іме. Яны ацалелі пасля нападу «Хамасу», і Ноам вывез уратаваных на поўнач, зусім у іншы бок ад свайго сына.

Далей Тыбон дапамог групе жаўнераў разабрацца з тэрарыстамі, разам з жонкаю ратаваў параненых, якіх сустрэлі па дарозе. Затым далучыўся да спецпрызначэнцаў, якія зачышчалі Нагаль-Оз. Ноам Тыбон з боем прарваўся да сваіх родных і ўратаваў іх ды яшчэ некалькі чалавек.

Амір Тыбон пасля ў інтэрв’ю журналістам згадваў:

«Мы жылі мараю. 7 кастрычніка мы прачнуліся ў кашмары. Пасля некалькіх гадзінаў у пакоі-бамбасховішчы ў цішыні і цемры, у той час як звонку блукалі ўзброеныя тэрарысты, а 16:00 мы пачулі стук у акно.

«Гэта дзядуля», – сказала мая маленькая дачка. Мы ўсе расплакаліся».

Такі прыклад, калі вайскоўцы ў запасе самыя ехалі ратаваць людзей, не адзіны.

Адстаўны генерал, палітык Яір Галян з 2014-га да 2017 года быў намеснікам начальніка Генеральнага штабу Арміі абароны Ізраілю. Да снежня 2022-га займаў пасаду намесніка міністра эканомікі і прамысловасці краіны.

Паводле навінавага агенцтва «Walla», 7 кастрычніка бацька аднаго з ізраільскіх журналістаў напісаў у сацыяльных сетках, што войска і паліцыя не робяць нічога, каб уратаваць ягонага сына, які жыве на поўдні краіны. Убачыўшы гэты запіс, Галян даведаўся дакладнае месца журналіста і скіраваўся туды. Маладзёна ўратавалі.

Пазней Яір Галян даведаўся яшчэ пра трох маладзёнаў, якія хаваюцца ад баевікоў «Хамасу» недалёка ад кібуцу Рэ’ім, дзе праходзіў музычны фестываль. Сем’і тых, хто ўцёк з пекла, мала на што спадзяваліся. Галян паехаў туды і ўратаваў людзей.

«Раптам з ніадкуль да месца, дзе былі мой сын і ягоныя сябры, прыбывае анёл, кліча майго сына, называе ягонае імя, кажа: «Добры дзень, я генерал Яір Галян, хадзіце да мяне», – напісаў пасля ў сацыяльных сетках бацька аднаго з уратаваных маладзёнаў.

Не можам не згадаць таксама Эзра Яхіна. Самы сталы рэзервіст у Ізраілі, яму 95 гадоў. Спадар Эзра адзін з нямногіх, хто заспеў наагул усе ізраільскія войны. Гэтым разам ён таксама выклікаўся ў войска, каб падтрымаць салдатаў сваім прыкладам.

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

Ізраільскія амазонкі

25-гадовая Інбаль Рабін-Лібэрман дакладна ўвойдзе ў гісторыю Ізраілю дзякуючы таму, што ўратавала свой кібуц Нір-Ам ад уварвання хамасаўцаў. Паселішча сталася адзіным, куды проста не здолелі зайсці тэрарысты.

Лібэрман узначальвала службу бяспекі ў кібуцы са снежня 2022 года. Пачуўшы выбухі раніцаю суботы, Інбаль адразу зразумела, што адбываецца: гукі адрозніваліся ад тых, якія яна чула раней. Жанчына аббегла ўвесь кібуц, сабрала мужчынаў, адкрыла склад зброі і пачала яе раздаваць. Пабудавала план абароны, расставіла засады на падыходзе да кібуцу. Пад ейным кіраўніцтвам за 4 гадзіны да прыходу вайскоўцаў жыхары кібуцу знішчылі 25 тэрарыстаў. Інбаль асабіста зліквідавала пяцёх хамасаўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт размеркавання зброі для асобаў, якім дазволена насіць зброю, у кібуцы Аелет-ГаШагар на поўначы Ізраілю, недалёка ад мяжы з Ліванам. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Jalaa MAREY / AFP / East News

«Гэта было ўзрушальна, мой муж быў часткаю рэзервовага падраздзялення, якое працавала, каб перадухіліць новыя ахвяры. Яны пачулі стрэлы і самастойна звязаліся з іншымі чальцамі рэзервовага падраздзялення і з Інбаль. Яна пастанавіла не чакаць і дзеяць аператыўна. Той факт, што яны зрабілі гэта раней, перадухіліў дзясяткі ахвяраў», – апавяла ў гутарцы з «Israel Hayom» мясцовая жыхарка Эліт Паз.

Падобная гісторыя здарылася і ў Эйн-га-Бэсоры (мясціна недалёка ад сектару Газа). Там жменя мясцовых абаронцаў адбіла вялікую колькасць узброеных баевікоў, апавёў «Times of Israel» адзін з жыхароў Ноам Готліў: «Тое, што з намі адбылося, было збольшага цудам».

Яшчэ адна 25-гадовая жанчына, Ор Бэн-Егуда, – камандзір роты пяхотнага батальёну «Каракаль». Яна першая жанчына-камандзір баявога падраздзялення. На рахунку Ор не адна паспяховая вайсковая аперацыя. Але тое, што яна зрабіла 7 кастрычніка, неймаверна. Яна разам з некалькімі дзяўчатамі ўзялі ў палон жывымі 15 тэрарыстаў. Даволі складаная задача ўзяць жывымі людзей, якія гатовы паміраць.

Але, на жаль, не ўсе гераічныя дзяўчаты ацалелі. 22-гадовая Аміт Ман, парамедык у кібуцы Бээры, атрымала раненне, але ўсё роўна працягвала дапамагаць параненым. Калі тэрарысты захапілі паліклініку, яна схавалася ў кухні, узброеная адно кухонным нажом, і паспела паведаміць пра гэта. Шэсць гадзінаў вайскоўцы прарываліся ў паліклініку, але не паспелі зусім крыху.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Ізраільскія Рэмба

Узрушальная гісторыя здарылася ў кібуцы Кфар-Аза. Сямейная пара Адар і Ітай Бердзічэўскія схавалі сваіх 10-месячных блізнятаў у мамадзе, а самі, каб адцягнуць увагу тэрарыстаў ад дзяцей, чакалі ў доме. Абое служылі ў войску, былі афіцэрамі, таму мелі зброю. Адар і Ітай не здаваліся да апошняга, але загінулі. Дзеці 13 гадзінаў былі самыя ў пакоі. Потым іх знайшлі брат Ітая і бацька Адар, якія ўвесь гэты час біліся з тэрарыстамі, уратавалі дзясяткі людзей, але не здолелі своечасова дабрацца да сваіх родных.

Яшчэ адна гісторыя скончылася не так трагічна.

Раніцаю 7 кастрычніка паліцыянт Шымон Порталь атрымаў паведамленне ад дачкі Нэты «у нас страляюць, выратуй!» і напісаў «еду». Паехаў, узброены толькі пісталетам, па трасе, на якой ужо размясціліся тэрарысты. Каля дому дачкі былі мінімум 15 узброеных людзей. Бой трываў 3 гадзіны. Шымон уратаваў дачку і ейнага сябра, а яшчэ падабраў і вывез у бяспечнае месца трох маладзёнаў і спалоханую пару.

Яшчэ адзін вайсковец Гай Мадар 7 кастрычніка быў у цывільным адзенні, а з сабою быў толькі асабісты пісталет. Ён быў на ранішняй малітве ў сінагозе Кірʼят-Гата. Даведаўшыся, што адбываецца, адразу ж паехаў у зону баявых дзеянняў. Дабраўся да кібуцу Рэ’ім. Знайшоў цяжка параненага салдата, адвёз яго да дактароў, узяў ягоную зброю і вярнуўся назад біцца з тэрарыстамі. Спачатку забіў пяцярых, пасля падабраў паліцыянта, разам яны паехалі па селішчах уздоўж мяжы з сектарам – ратаваць жыхароў. Па дарозе іхная машына трапіла пад абстрэл тэрарыстаў. І Гай, і паліцыянт былі параненыя. Ім давялося пакінуць транспарт і адстрэльвацца з кювету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты займаюць пазіцыі ў кібуцы Кфар-Аза на мяжы з сектарам Газа. 10 кастрычніка 2023 года.
Фота: Thomas Coex / AFP / East News

Гай змог накласці самаробную павязку сабе і паліцыянту, каб спыніць кроў, яны некалькі гадзінаў чакалі падмацавання. Калі салдаты Цагалю прыбылі на месца, пачалі зачыстку і… ледзь не адкрылі агонь па Гаю. Ён быў у цывільным адзенні, са зброяй, і яго прынялі за тэрарыста. Гая ўратавала тое, што за секунду да стрэлу адзін з салдатаў заўважыў цыцыт (частка рэлігійнага мужчынскага адзення ў юдаізме) і закрычаў «не страляйце, гэта наш». Гай выжыў. За час бою ён разам з паліцыянтам удвух знішчылі не менш за 20 баевікоў і шмат каго паранілі.

Яшчэ некалькі гісторыяў пра вайскоўцаў

Паліцыянт Ігаль Зінгер быў у непрацоўны час на фестывалі. Калі пачуў стрэлы і ўбачыў ланцужок тэрарыстаў, якія беглі ў ягоны бок, скамандаваў людзям вакол садзіцца па машынах і ехаць за ім. Ігаль добра ведаў мясцовасць і праз палі вывеў каля ста аўтамабіляў у бяспечнае месца. Такім чынам ён уратаваў каля 400 жыццяў. Дабраўшыся да гораду, узброіўся і вярнуўся ваяваць.

Давід Ратнэр праз 2 гадзіны пасля пачатку бою атрымаў кулю ў горла. Ён з цяжкасцю мог дыхаць, не мог размаўляць, але яшчэ 8 гадзінаў ваяваў. Перад смерцю Давід паспеў знішчыць прыблізна 30 тэрарыстаў.

Каментар
«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы
2023.10.08 21:28

Лейтэнант Рой Нахары ўратаваў пяцёх чалавек нават пасля таго, як загінуў пры абароне паселішча Кфар-Аза. Атрымаўшы смяротнае раненне, ён быў дастаўлены ў лякарню Сарока, дзе дактары зафіксавалі смерць мозгу. Сямʼя Роя ведала пра ягонае жаданне дапамагчы іншым пасля смерці. Сэрца Роя перасадзілі 63-гадоваму пацыенту ў медычным цэнтры Шыба. Лёгкія былі перасаджаныя 72-гадоваму пацыенту ў больніцы Бэйлінсан, печань – 44-гадовай жанчыне там сама. Адна з нырак і падстраўнікавая залоза – 29-гадовай жанчыне ў Іхіляў. Другая нырка – 61-гадовай жанчыне ў больніцы Адаса.

Звычайныя героі ў незвычайных умовах

Сапраўдныя прыклады гераізму паказвалі і звычайныя жыхары Ізраілю. Напрыклад, пенсіянерка Рахэль Адары разам з мужам узяла ў закладнікі пяцёх тэрарыстаў, якія ўварваліся ў ейным дом у Афакіме на поўдні краіны. Дом атачылі ізраільскія салдаты, але ўвайсці не маглі, бо пры штурме тэрарысты забілі б закладнікаў. Рахэль пачала размаўляць з баевікамі, зрабіла павязку параненаму, усміхалася.

«Я бачыла, што яны злуюцца. Я спытала, ці галодныя яны і прыгатавала ім кавы і печыва», – апавяла Рахэль ізраільскаму тэлеканалу. Паводле ейнага мужа Давіда, «яна  ўвесь час пыталася, ці жадаюць яны чаго-небудзь». Гэтак мінула 15 гадзінаў.

Баевікі страцілі пільнасць дастаткова, каб ізраільскія салдаты ўварваліся ў дом і ўратавалі сужэнства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пляцоўка музычнага фестывалю «Supernova» пасля нападу палестынскіх баевікоў ля кібуцу Рэ’ім у пустэльні Нэгеў на поўдні Ізраілю. 10 кастрычніка 2023 года.
Фота: Jack Guez / AFP / East News

Ці Ёсэф, кіроўца аўтобуса, які прывёз маладзёнаў на трагічна вядомы музычны фестываль. Калі пачалася страляніна, у тым ліку і ў ягоны бок, ён не рвануў з месца, бо ўбачыў, як да аўтобуса бягуць людзі. І не зʼехаў, пакуль не ўратаваў тых, хто паспеў дабегчы.

Яшчэ адна гераіня: жыхарка Афакіму Талі Хадад, маці шасцярых дзяцей. Яна сваёй машынаю пад цяжкім агнём вывезла ў суботу раніцаю 13 параненых на станцыю хуткай дапамогі. Сярод іх быў і ейны сын Ітамар.

Ітамар з двума ўзброенымі жыхарамі нейтралізаваў некалькі тэрарыстаў, аднак жыхароў неўзабаве забілі, а Ітаміра паранілі. У гэты час Талі Хадад чула з вокнаў, што ёсць забітыя і параненыя, узяла машыну і пайшла збіраць параненых, у тым ліку свайго сына. Яна адвезла першую партыю параненых у шпіталь і паехала назад, па наступных. Больш ніякіх жыхароў на вуліцах не было, адны тэрарысты. У раёне пляцу яна падабрала яшчэ некалькіх параненых. Увесь гэты час вялася страляніна.

Валанцёрыць уся краіна

Да масавага прызыву не былі гатовыя ні лагістычныя вайсковыя службы Ізраілю, ні самыя прызыўнікі. У шмат якіх рэзервістаў няма цёплай вопраткі і нармальнай ежы. На некаторых базах аказалася недастаткова спальных месцаў. На гэтую праблему адрэагавалі жыхары Ізраілю: валанцёры набываюць неабходнае і развозяць па вайсковых базах на поўдні краіны.

Выглядае, што наагул уся краіна робіць тое, што можа.

Хтосьці ахвяруе войску, хтосьці збірае дапамогу рэзервістам і ўцекачам, хтосьці машынамі вывозіць людзей з зоны баявых дзеянняў, шмат асобаў здаюць кроў. Асобная група валанцёраў аб’ядналася, каб са звычайных дронаў рабіць баявыя.

Днямі з’явілася інфармацыя, што кроў патрэбная для… службовых сабакаў. І ўжо на наступны ж дзень жыхары Ізраілю цалкам задаволілі гэты запыт дзякуючы сваім гадаванцам.

Гісторыі
«Падумайце пра гэта на секунду. Больш не трэба, бо гэта вельмі страшна». Вайна ў Ізраілі – вачыма яго жыхароў
2023.10.11 09:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў