Тое, што ў Канстытуцыі запісана пра чатыры гады паўнамоцтваў, праігнаравалі.
На партале Pravo.by 12 кастрычніка апублікавалі рашэнне Канстытуцыйнага суду Беларусі аб ухваленні закону «Аб зменах Канстытуцыі», які прадугледжвае перанос мясцовых выбараў на паўтара года – у адзін дзень з наступнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.
Мясцовыя выбары меліся адбыцца не пазней за 18 студзеня 2022 года. Парламенцкія, да якіх цяпер перанеслі і мясцовыя, мусяць прайсці не пазней за 5 лістапада 2023 года.
Правядзенне мясцовых і парламенцкіх выбараў у адзін дзень, адзначылі ў рашэнні Канстытуцыйнага суду, «канстытуцыйна мэтазгодна, паколькі спрыяе скарачэнню арганізацыйных і фінансавых выдаткаў на правядзенне выбараў, стварэнню дадатковых выгодаў для выбарнікаў і ўмоваў для больш якаснай працы выбарчых камісіяў усіх узроўняў».
Ніякіх парушэнняў прававых гарантыяў канстытуцыйных правоў Беларусаў і прынцыпаў выбарчай сістэмы, лічыць Канстытуцыйны суд. Адзначаюць, што Канстытуцыя не забараняе працягваць паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў.
У рашэнні згадваюць артыкул 118 Канстытуцыі, у якім напісана: «Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на 4 гады». Працяг паўнамоцтваў, лічыць Канстытуцыйны суд, «выкліканае аб’ектыўнай неабходнасцю, якая ўзнікла ў сувязі з усталяваннем адзінага дня галасавання».
Некаторыя раздзелы Канстытуцыі (І, ІІ, ІV, VІІІ) можна мяняць толькі шляхам рэферэндуму. Раздзел, у якім артыкулы пра мясцовае кіраванне, да такіх не адносіцца.
АА belsat.eu