news
Гісторыі
Як кумір падлеткаў і калега Зяленскага дакаціўся да Марыупалю. Гісторыя Дзмітрыя Шэпелева
Ён падкрэсліваў, што беларусы заслугоўваюць краіну, «свабодную ад страху і дыктатуры».
13.09.202308:14

Ён быў зоркай культавай беларускай моладзевай праграмы «5х5», працаваў ва Украіне разам з будучым прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, выказваўся супраць гвалту і рэпрэсіяў у Беларусі ды крытыкаваў агрэсію Расеі. Але цяпер здымае ў разбураным вайной Марыупалі перадачы для расейскага тэлебачання. «Белсат» разбіраўся ў пакручастым лёсе тэлевядоўцы Дзмітрыя Шэпелева.

Уладзімір Зяленскі і Дзмітрый Шэпелеў. Крыніца: film.ru

Дзмітрый Шэпелеў пачаў працу на тэлебачанні яшчэ дзевяцікласнікам – у культавай для беларускай моладзі 1990-х праграме «5х5». У 20 гадоў ён ужо працаваў на «Альфа-радыё» і тэлеканале ОНТ. А ў 2004 годзе з’ехаў ва Украіну – вядоўцам шэрагу ранішніх і забаўляльных шоу. Праз сем гадоў стаў сувядоўцам «Розсміши коміка» – гумарыстычнай праграмы на тэлеканале «Інтер», дзе тым самым комікам, якога трэба было рассмяшыць, быў будучы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У 2012 годзе яны ж, Зяленскі і Шэпелеў, разам здымалі ўжо іншы праект – «Червоне чи чорне».

Адначасова з 2008 года беларускі вядоўца стаў працаваць і на расейскім тэлебачанні. 12 гадоў ён адпрацаваў на «Первом канале», але таксама ў ягоным рэзюмэ – СТС, ТНТ, «Россия-1», каментаванне конкурсаў «Еўрабачанне» ды іншае.

Шэпелеў у 2020 годзе прызнаваў, што з’язджаў з Беларусі праз адсутнасць перспектываў, якіх грамадзянаў краіны пазбаўляе рэжым:

«Я з’ехаў з краіны збольшага таму, што разумеў: у мяне няма перспектываў у Беларусі. А няма іх у мяне праз зразумелыя прычыны: усё, што мне заставалася рабіць там праз нейкую колькасць гадоў працы на тэлебачанні, – гэта апрануць шэры гальштук, шэры пінжак і сесці чытаць навіны пра пасяўныя і пра тое, што ў нас усё добра. Зʼязджаючы з Беларусі, я зʼязджаў ад рэжыму».

Супраць рэпрэсіяў і вайны

Жывучы ўжо працяглы час у Расеі, Шэпелеў не быў абыякавым да таго, што адбывалася ў Беларусі і адчуваў «нянавісць, злосць і разгубленасць» з прычыны дзеянняў уладаў Беларусі.

Дзмітрый Шэпелеў.
Фота: dmitryshepelev / Instagram

«Рэжым Лукашэнкі злачынны. Так не павінна, так не можа працягвацца. Складанне паўнамоцтваў. Перавыбары. Мірная перадача ўлады – патрабаванне большасці. Большасці жыхароў Беларусі», – пісаў тэлевядоўца 14 кастрычніка 2020 года з прычыны збіцця сілавікамі ягонага студэнцкага сябра Максіма Харошына.

Ён падкрэсліваў, што беларусы заслугоўваюць краіну, «свабодную ад страху і дыктатуры», і «павінны перамагчы».

«У Менску суіснуюць дзве рэальнасці. Першая рэальнасць – гэта людзі «перамен». Другая рэальнасць – гэта тыя, хто з розных прычынаў маўчаць. Агульнае паміж гэтымі рэальнасцямі – толькі дэпрэсія і страх. Новае слова беларускага лексікону – «бусафобія», калі побач аказваецца несамавіты мікрааўтобус. Гэта ў іх запіхвалі і везлі ў невядомым кірунку дэманстрантаў, падазраваных, нязгодных», – пісаў Шэпелеў 4 чэрвеня 2021 года пасля двухдзённага візіту ў Беларусь.

Ён адзначаў, што шасцёра ягоных сяброў былі змушаныя пакінуць краіну праз пераслед і прадказваў далейшыя рэпрэсіі.

«Што ж будзе заўтра – даносы? Суд тройкамі? Відавочна, сістэма бярэ верх гвалтам. А кіраванне страхам – выдатны інструмент, гэта мы памятаем з урокаў гісторыі. Я ні да чаго не заклікаю. Я дзялюся адчуваннямі ўсяго ад двух дзён. Іншыя ж так жывуць месяцамі. І гэта невымоўна цяжка», – заяўляў ён, каментуючы ў тым ліку «прызнальнае» інтэрвʼю Рамана Пратасевіча.

Меркаванні
Чаму Пратасевіч стаў «сваім» для Лукашэнкі?
2023.05.22 19:20

Не застаўся Шэпелеў збоку і з прычыны поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой ён доўгі час працаваў.

«Мне асабліва страшна ад таго, што я цяпер адвёз дзіця ў школу, а мае сябры ў Кіеве і іншых гарадах Украіны вядуць дзяцей у бамбасховішчы. Гэта не ўкладаецца ў галаве», – пісаў ён 24 лютага 2022 года. Але пазней гэты допіс выдаліў.

Сцяжынаю для дэзерціраў-сэлэбрыціз

І вось, нягледзячы на ўсе свае ранейшыя заявы, 30 жніўня 2023 года Шэпелеў паведаміў, што вяртаецца на расейскае тэлебачанне – у шоу для ўсёй сям’і «У коле сяброў» на тэлеканале «Россия-1».

«За апошнія два тыдні я палашчыў больш жывёлінаў, чым за ўсё жыццё. Козы елі на мне тышортку, аўчаркі грызлі руку, конь наваліў у студыі велізарную кучу, а какаду спаў у мяне пад пахай. Я шчаслівы!» – распавёў ён у сваім тэлеграм-канале.

Але аднымі здымкамі праграмы пра жывёлу не абышлося. Вядоўца, які раней выступаў супраць вайны, наведаў разбураны расейскімі войскамі Марыупаль.

«Кантактны заапарк і ветэрынарную клініку плануюць адкрыць у ДНР на базе прытулку «Чатыры лапкі». Цяпер там жывуць больш як 400 хатніх жывёлінаў, якія пасля ўкраінскіх абстрэлаў засталіся без гаспадароў. Дапамогу гадаванцам надаюць і мясцовыя жыхары, многія з якіх забіраюць іх дадому. У гэтым пераканаўся аўтар і вядоўца праграмы «У коле сяброў» Дзмітрый Шапялёў», – гаварылася ў анонсе сюжэту пра новую перадачу, першы выпуск якой выйшаў 9 верасня.

Меркаванні
Ростані Надзеі Астапчук, або Дыскусія, якая зацягнецца на гады
2023.08.24 10:08

«Рыхтуючыся да праграмы, я паглядзеў вялікую колькасць матэрыялу, прысвечанага жывёлінам, я даведаўся, што тут непадалёк ёсць вельмі вялікі і важны прытулак, у якім сабраныя хатнія жывёлы, у першую чаргу сабакі, якія засталіся без гаспадароў з прычыны ваенных дзеянняў», – распавядаў вядоўца на фоне разбуранага Марыупалю.

Беларус Шэпелеў ужо не першы расейскі сэлэбрыці, які апошнім часам рэзка змяніў сваю пазіцыю наконт вайны ва Украіне. Гэтак, у канцы жніўня на Данбасе для расейскіх вайскоўцаў спяваў Раман Білык, саліст гурта «Звери», які паўтара года таму рэзка выступаў супраць ваенных дзеянняў. Да ліку «пярэкрутаў» расейскія медыі адносяць таксама актораў Крысціну Асмус, Паўла Дзеравянку, вядоўцу Насцю Іўлееву ды іншых.

«Сцяжынка «назад, да расейскіх людзей» для дэзерціраў-сэлэбрыціз, а з імі – і іх прыхільнікаў, афіцыйна пратаптаная. Цяпер пачынаецца канкурэнцыя за тое, каб «прывесці назад астатніх», – пісалі з нагоды выступу Ромы Звера на Данбасе пракрамлёўскія тэлеграм-каналы.

«Патрыятычная» грамадскасць памятае

Тым часам вяртанне Шэпелева на дзяржаўнае тэлебачанне не засталося незаўважаным для праваеннай грамадскасці Расеі. Гэтак, першая намесніца старшыні камітэту Дзярждумы ў пытаннях культуры Алена Драпека назвала двудушнасцю рашэнне тэлеканалу «Россия-1» дапусціць вядоўцу да эфіру.

Тэлевядоўца Дзмітрый Шэпелеў (злева) і былы футбаліст зборнай Італіі Фаб’ё Каннавара ў Канстанцінаўскім палацы. Санкт-Пецярбург, Расея. 25 ліпеня 2015 года.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

«Калі тэлевядоўца сапраўды выступаў супраць СВА, дык ён падпадае пад сістэму нашага заканадаўства. Праверкай гэтага павінны займацца праваахоўныя органы. На жаль, ні камітэт культуры, у якім я працую, ні Міністэрства культуры да тэлебачання дачынення не маюць», – заявіла дэпутатка і заклікала не дапусціць Шэпелева да федэральнага тэлебачання.

Не прайшла паўз беларуса і Яна Паплаўская – выканаўца ролі Чырвонакаптуркі ў аднайменным савецкім фільме. Яе разлютавала тое, што вядоўца, які не мае расейскага грамадзянства, «адседзеў у сваёй кватэры 1,5 года, а цяпер салодкагалоса распавядае, што ён будзе рабіць праграму для расейскіх дзетак».

«Цяпер дзеці і ўдовы, бацькі забітых на фронце расейскіх жаўнераў будуць глядзець па тэлебачанні на гэты хлуслівы твар», – заявіла акторка і падкрэсліла: яна не забыла, як Шэпелеў «слёзна прасіў прабачэння перад украінцамі».

Месца для нейтральнасці не засталося

Былы беларускі тэлевядоўца, ютубэр Іван Падрэз у размове з «Белсатам» выказаўся адносна апошняй сітуацыі са сваім былым калегам у праграме «5х5» Дзмітрыем Шэпелевым. Хоць і прызнаў, што ўжо гадоў 20 не размаўляў з ім, дый раней не быў блізкім сябрам, таму не ведае, якія менавіта абставіны змусілі яго так змяніць сваю пазіцыю адносна вайны.

«Мне ён падаваўся заўсёды шчырым чалавекам. І ў 2020, і ў 2022 годзе ён сваймі допісамі маніфеставаў і даказваў гэта. Напэўна, у яго ёсць персанальныя абставіны. Мабыць, ён гэта для сябе неяк растлумачыў», – адзначыў Падрэз.

Ён нагадаў, што праграма, якую цяпер вядзе Шэпелеў, прысвечаная хатнім жывёлінам.

«Мабыць, ён тлумачыць для сябе, што гэта праграма нейтральная, ніякага дачынення да вайны яна не мае. Наадварот, маўляў, неяк яднае людзей», – мяркуе суразмоўца.

Аднак, на яго думку, у сітуацыі, калі вядзецца «каланіяльная, імперская, фашысцкая, захопніцкая вайна» такі падыход «ужо не працуе».

«Мне падаецца, што цяпер ён у недарэчнай сітуацыі. І для гэтай фашысцкай дзяржавы ён не стане сваім, і для людзей, якія па наш бок, ён таксама ніколі сваім цяпер не стане», – падкрэсліў Падрэз.

Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што якімі б ні былі абставіны, што змусілі Шэпелева вярнуцца на расейскае тэлебачанне, «у яго былі ўсе мажлівасці, каб за гэтыя паўтара года са сваім жыццём штосьці зрабіць і не ўдзельнічаць у гэтым». Але «такі ў яго выбар», падсумаваў Падрэз.

Гісторыі
Хто такая Сабаленка: першая ракетка свету, якая толькі нядаўна выказалася супраць вайны
2023.09.11 15:36

Макар Мыш belsat.eu