Набыць квіток на міжнародны аўтобус праз Польшчу змогуць толькі ўладальнікі польскай нацыянальнай візы, праз Літву – толькі літоўскай, а праз Латвію – толькі латвійскай. Пры гэтым пасажыру з нямецкаю нацыянальнаю візай адмовяць у набыцці квітку на рэйс з Менску ў Мюнхен, бо аўтобус мінае беларускую мяжу з Польшчаю. З гэтай жа прычыны пасажыр з польскаю нацыянальнаю візаю не здолее набыць квіток на аўтобус да Вільні ці Рыгі.
У «Менсктрансе» растлумачылі, што правіла дзеіць з 7 верасня. Для звычайнай шэнгенскай візы нічога не змянілася.
Змяненні назвалі часовымі і звязваюць іх са складанасцямі пры мінанні дзяржаўнай мяжы з краінамі Шэнгенскага пагаднення.
У сваю чаргу ў Берасці ў «Officelife» распавялі, што ніякіх абмежаванняў для продажу квіткоў не ўводзілі:
«Візаў мы не правяраем, вы самі несяце за яе адказнасць. Без пытанняў прадаём квіткі і беларусам, і палякам».
Пры гэтым няма абмежаванняў на набыццё квіткоў і ў прыватных перавознікаў з Менску. Прадстаўнікі адной з кампаніяў пацвердзілі, што квіткі ў аэрапорт Вільні або Коўна без праблемаў прадаюць паводле нацыянальных візаў Польшчы ды іншых краінаў.
Антон Тачняк belsat.eu