Вось чым частавалі на жаночым сняданку NATO, куды запрасілі Ціханоўскую


Раніцай 12 ліпеня жанчыны-палітыкі, у тым ліку міністаркі абароны краінаў NATO, сустрэліся на сняданку, куды запрасілі лідарку дэмакратычнай Беларусі Святлану Ціханоўскую. Фатограф Ян Лісіцкі, які трапіў на закрытую сустрэчу, на нашую просьбу распавёў, як усё выглядала.

На сустрэчах NATO, куды можна ўвайсці з камерай, звычайна мноства журналістаў. Аднак на месцы збору медыяў сёння я быў адзін: магчыма, рэпарцёраў, стомленых пасля першага дню саміту, напужала тое, што сняданак пачынаўся а 7:45. Каб прайсці кантроль бяспекі, на месцы трэба было быць а 6:45, а прачынацца давялося наагул а пятай.

Роўна за пятнаццаць хвілін да сёмай валанцёры перадалі мяне натаўскім афіцэрам, тыя адвялі да эстонскіх кінолагаў, якія спраўдзілі маю апаратуру з сабакам і далі дазвол на ўваход у невялікую залу з чатырма круглымі сталамі, якія афіцыянты паступова запаўнялі талеркамі.

Вось што на іх было:

Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Сервіроўка сталоў на сняданку жанчын падчас саміту NATO. Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Сэндвічы на сняданку жанчын падчас саміту NATO. Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Свежая гародніна і дэсерты з чыа на сняданку жанчын падчас саміту NATO. Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Афіцыянтка падае круасаны госцям сняданку жанчын падчас саміту NATO. Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Святлана Ціханоўская падчас здымку ўдзельніц сняданку жанчын на саміце NATO ў Вільні. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Сняданак жанчын на Саміце НАТА
Супольны партрэт удзельніц сняданку жанчын на саміце NATO ў Вільні. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Прыкладна а палове на восьмую пачалі з’яўляцца першыя ўдзельніцы спаткання. Тыя, хто не ведалі адна адну, знаёміліся. Тыя, хто ведалі, рабілі сэлфі. Калі прыйшлі ўсе, фатограф прэс-службы NATO прапанаваў зрабіць супольны здымак, пасля чаго каардынатаркі ненавязліва скіроўвалі жанчын да іхных месцаў, якія былі загадзя пазначаныя адмысловымі карткамі.

Пасля перад госцямі выступілі спікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, віцэ-прэм’ерка ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Вольга Стэфанішына, кіраўніца Асацыяцыі вымушана пераселеных жанчын «Згода» (Грузія) Юлія Харашвілі і ўкраінская пісьменніца і журналістка Ганна Шэлест, дырэктарка праграмаў бяспекі Рады замежнай палітыкі «Украінская прызма».

А пасля мяне далікатна, але настойліва папрасілі выйсці.

Каментар
На саміце NATO гучаць думкі, што Беларусь страчвае суверэнітэт і стала пагрозаю
2023.07.12 12:18

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў