Турцыя ўхваліць заяўку Швецыі на сяброўства ў NATO не раней за кастрычнік


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган абвясціў, што заяўка Швецыі на ўступленне ў NATO не будзе ратыфікаваная турэцкім парламентам раней за кастрычнік. Аб гэтым ён заявіў пасля саміту альянсу ў Вільне, паведамляе Associated Press.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Facebook

Турэцкі прэзідэнт Рэджэп Эрдаган сказаў, што гэты працэс давядзецца адкласці да таго часу, пакуль заканадаўцы не вернуцца з летніх канікулаў. Новая сесія адкрыецца 1 кастрычніка.

«У бліжэйшыя два месяцы парламент не засядае. Але наша мэта – як мага хутчэй завяршыць гэта пытанне», – адзначыў турэцкі прэзідэнт.

Увечары 10 ліпеня генсек NATO Енс Стольтэнберг аб’явіў, што пасля трохбаковай сустрэчы з удзелам прэм’ера Швецыі Ульфа Крыстэшана, турэцкі прэзідэнт Рэджэп Эрдаган «пагадзіўся накіраваць пратакол аб ратыфікацыі ўступлення Швецыі ў NATO ў парламент як мага хутчэй і супрацоўнічаць з парламентам, каб гарантаваць яго адабрэнне».

Hавiны
Эрдаган пагадзіўся прыняць Швецыю ў NATO
2023.07.11 00:30

Швецыя падала заяўку на ўступленне ў NATO ў 2022 годзе разам з Фінляндыяй. Апошнюю прынялі ў альянс у красавіку 2023 года. Аднак тады Турцыя, будучы членам альянсу, паставіла шэраг умоваў, якія шведскія ўлады павінны былі выканаць, каб яна ратыфікавала ўваход. У прыватнасці, Турцыя патрабавала абʼявіць тэрарыстычныя курдскія арганізацыі, выдаць асоб, абвінавачаных у тэрарызме, і адмяніць забароны на пастаўкі зброі Анкары.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў