Прамова Джо Байдэна ў Вільні: Працягвайце змагацца!


12 ліпеня, пасля заканчэння саміту НАТО, перад тысячамі людзей, што сабраліся на пляцоўцы каля Віленскага ўніверсітэту, выступіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн. Прыводзім асноўныя тэзісы яго выступлення.

Прамова Джо Байдэна ў Вільні. 12 ліпеня 2023 года / E. Blaževič / LRT nuotr.

Праход як у аэрапорт

Паслухаць выступленне амерыканскага прэзідэнта людзі збіраліся за некалькі гадзін. Усіх, хто прыйшоў на мерапрыемства, пачалі запускаць за тры гадзіны, паведамляе LRT. Усе наведвальнікі павінны былі прайсці падобны кантроль, як у аэрапорце: было забаронена прыносіць з сабой бутэлькі з вадой, электронныя цыгарэты і інш.

У першых шэрагах прысутных можна было заўважыць прэзідэнта Літвы Гітанаса Науседу, прэм’ер-міністарку Інгрыду Шыманіце, міністраў літоўскага ўраду, чальцоў Сейма, віленскага архіепіскапа Гінтараса Грушаса і іншых.

Прысутнічалі на выступленні таксама кіраўніца Аб’яднага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка.

Гістарычная падзея

Сваю прамову Джо Байдэн пачаў са згадкі пра барацьбу Літвы за свабоду, пра тое, як у 1991 годзе тысячы бяззбройных людзей выйшлі на абарону тэлевежы і сваёй свабоды. І нягледзячы на тое, што 14 чалавек былі забітыя, а сотні параненыя, увесь свет пабачыў, што рэпрэсіі, якія цягнуліся дзесяцігоддзі, не зменшылі дух свабоды ў Літве.

Саміт, які прайшоў гэтымі днямі, Джо Байдэн назваў гістарычным: бо ў Альянс уступіла Фінляндыя, і былі адчыненыя дзверы для Швецыі.

Байдэн выказаў гонар тым, што можа называць Літву сябрам і хаўруснікам, бо яе з Альянсам аб’ядноўвацюь дэмакратычныя каштоўнасці, а таксама клятва пра тое, што напад на аднаго з’яўляецца нападам на ўсіх.

Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты не могуць квітнець без бяспечнай Еўропы. «І гэта не жарт, гэта праўда», – падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.

Расея думала, што НАТО разваліцца

Джо Байдэн выказаў аптымізм з нагоды таго, што арганізацыя НАТО сёння мацнейшая, чым калі б то ні было.

Калі Пуцін, жадаючы атрымаць больш улады, адзначыў Байдэн, пачаў вайну супраць Украіны, ён разлічваў на тое, што НАТО адразу распадзецца і што дэмакратычныя лідары пакажуць сваю слабасць. Аднак Пуцін памыліўся, сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Джо Байдэн падкрэсліў, што Злучаныя Штаты спачатку спрабавалі стрымаць маскоўскую агрэсію дыпламатычным шляхам, але калі гэта не дало вынікаў, аб’ядналіся ў імкненні даць адпор. І зараз, праз паўтара года расейскіх злачынстваў супраць чалавечнасці, украінскі народ застаецца непахісным, а іх краіна – незалежнай і свабоднай.

Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога Украіне не спыніцца, і Злучаныя Штаты будуць абараняць свабоду і мір і надалей, настолькі доўга, наколькі гэта будзе патрэбна.

На думку Джо Байдэна, Расея сёння не зацікаўлена ў дыпламатычным вырашэнні пытання вайны, бо Пуцін лічыць, што Расея можа пратрымацца дольш за Украіну, і спадзяецца, што адзінства НАТО распадзецца. «Але ён не разумее нашай адданасці свабодзе… бо ў гэтым наша сутнасць», – падкрэсліў Байдэн.

Пасланне да беларусаў: Працягвайце змагацца!

Згадаў у сваім выступленні Джо Байдэн і Беларусь – у кантэксце таго, што многія народы доўга былі пазбаўленыя свабоды і ведаюць, асабліва старэйшыя пакаленні, наколькі каштоўна мець магчымасць вызначаць сваю будучыню.

«Гэта каштоўна для людзей паўсюль, не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі, Малдове, Грузіі – ва ўсіх кутках свету, дзе людзі змагаюцца за права быць пачутымі. Таму мой мэсэдж вам сённяшнім вечарам такі: працягвайце і надалей, працягвайце, нагадвайце свету пра надзею», – сказаў прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў