На 76-гадовую маці палітычнага вязня Аляксея Іванісава, якога судзяць за «тэрарызм» у «справе «Буслы ляцяць», завялі адміністратыўную справу за абразу (ч. 1 арт. 10.2 КаАП). Пра гэта «Белсату» паведаміў блізкі сябар Аляксея. Наталлю Іванісаву будуць судзіць 13 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. У будынку гэтага ж суда ў закрытым рэжыме разглядаюць і справу сына жанчыны.
Наш суразмоўца расказаў, што пасля першага паседжання ў «справе «Буслы ляцяць» 6 чэрвеня, на якім суддзя пастанавіла зрабіць працэс закрытым, адбыўся інцыдэнт паміж маці абвінавачванага Наталляй Іванісавай і незнаёмаю жанчынаю.
Нібыта жанчына ўмяшалася ў размову асобаў, якія прыйшлі на суд падтрымаць абвінавачваных, і заявіла: «Так ім і трэба. Мала! Трэба яшчэ больш перасаджаць. Праз такіх, як вашыя родныя, пакутуюць усе. І вайна праз іх ледзь не пачалася». Наталля Іванісава, пачуўшы гэткія словы на адрас сына, не стрымалася і прамовіла адно толькі слова: «Дз…рмо».
Пасля гэтага незнаёмка запатрабавала, каб дзяжурны супрацоўнік МУС выклікаў нарад міліцыі. На Наталлю Іванісаву склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 10.2 КаАП («Абраза»). Нібыта жанчына наўмысна «прынізіла гонар і годнасць» пацярпелай.
Паводле ч. 1 арт. 10.2 КаАП, пенсіянерку могуць пакараць штрафам да 30 базавых велічыняў.
Сябар Аляксея Іванісава сцвярджае, што «пацярпелая», якую ён называе «ябацькай», проста справакавала пенсіянерку на вострае слова ў адказ. Паводле крыніцы, Наталля Іванісава таксама падала ў міліцыю заяву на гэтую жанчыну.
Адміністратыўны працэс над маці палітвязня адбудзецца 13 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску (пачатак а 14:30).
Наш суразмоўца нагадвае, што ў лютым 2021 года Наталлю Іванісаву штрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» – чытала ў электравіку кнігу беларускага пісьменніка (разам з ёю тады «ўзялі» яшчэ 15 чалавек). Наступным разам яе затрымалі 27 верасня разам з сынам. Пасля ператрусаў у кватэры і на лецішчы жанчыну на 25 содняў кінулі за краты: на адным са скрыншотаў відэа на падтрыманне Марыі Калеснікавай і Максіма Знака жанчыну нібыта апазналі са спіны. Прысуджанае пакаранне Наталля адбывала ў легендарнай камеры № 15 на Акрэсціна.
Сябар палітычнага вязня Аляксея Іванісава расказаў таксама, што новага адбываецца ў закрытым працэсе ў «справе «Буслы ляцяць». Прайшло ўжо больш за 20 судовых паседжанняў. Дэталі невядомыя, бо адвакат не мае права распаўсюджваць інфармацыі.
Са звестак, што даходзіць ад Аляксея да сваякоў, дарогай у суд ён пазнаёміўся з філосафам Уладзімірам Мацкевічам, журналістам Андрэем Аляксандравым, анархістам Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, праваабаронцаю Марфаю Рабковаю.
Працэс у «справе «Буслы ляцяць» пачаўся 6 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе. Фігурантаў справы Аляксея Іванісава, Аляксея Гамезу, Мікалая Бібліса, Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва і Аляксандра Сідарэнку абвінавачваюць агулам паводле шасці крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў акце тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага дзеяча (ч. 1 арт. 359). Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 8 да 15 гадоў (ч. 1) ці нават смяротнае пакаранне (ч. 2).
Як паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна», згодна з версіяй абвінавачвання,
Справу «тэрарыстаў», якім прыпісваюць удзел у арганізацыі «Буслы ляцяць», разглядае Менскі гарадскі суд (суддзя – Анастасія Папко), але паседжанні праходзяць у вялікай зале суда Маскоўскага раёну сталіцы. 13 траўня фігуранты справы былі ўнесеныя ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.
Зміцер Міраш belsat.eu