У нядзелю 11 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашкавічах прайшоў Купалаўскі фэст, у якім сёлета прынялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і паэт Уладзімір Някляеў. Падчас імпрэзы арцыбіскуп закрануў палітычны крызіс у Беларусі, паведамляе выданне catholic.by.
Сёлетні Купалаўскі фэст, які штогод ладзіцца ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашкавічах, складаўся з трох частак: малітоўнай, музычнай і літаратурнай. Распачаўся ён нядзельнай святой Імшою, якую справіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх нагадаў пра абвешчаную святым Янам Паўлам ІІ «новую евангелізацыю», або абвяшчэнне нязменнай праўды Евангелля новымі сучаснымі метадамі. Арцыбіскуп распавёў, што менавіта пра гэта некалі казаў і Янка Купала, які пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну, якая мае не толькі літаратурнае значэнне, але і духоўна-евангелізатарскае.
«Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!» – працытаваў арцыбіскуп Кандрусевіч асабліва актуальныя сёння словы Старца з Купалавай драмы «Раскіданае гняздо».
Іерарх нагадаў, што наш лёс і лёс грамадства залежыць галоўным чынам ад таго, ці хочам мы змяніць сваё духоўнае жыццё на лепшае, ці выбіраем жыццё ў граху.
«Ад гэтага будзе залежаць нашая будучыня. Грамадска-палітычны крызіс, які мы цяпер перажываем, гэта вынік нашага грахоўнага жыцця і патаптання асноватворнага хрысціянскага прынцыпу: «Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб табе рабілі».
Таму ў нашым грамадскім жыцці мы не можам заставацца маўклівымі сведкамі граху і несправядлівасці, і, карыстаючыся сацыяльным вучэннем Касцёлу, павінны шляхам навяртання, прабачэння і паяднання імкнуцца да мірнага развязання крызісу, які перажываем, дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
СК belsat.eu