Культура даносаў. Калі дэананімізаваць бессэнсоўна


Дэананімізацыя зрабілася папулярнай тэмай пасля беларускіх пратэстаў. Ці заўсёды яна мае сэнс, «Белсат» пацікавіўся ў адмыслоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Чорная мапа Беларусі» з’явілася ўвосень 2021 года і мела шырокі розгалас. На ёй адзначаныя адрасы і тэлефоны некалькіх тысяч беларусаў, якія тэлефанавалі ў міліцыю, каб паскардзіцца на суседзяў ці пратэстоўцаў. Мы патэлефанавалі даносчыку, які ў 2020 годзе скардзіўся ў міліцыю на суседзяў за сцяг.

Аляксандр Іванавіч, добры дзень!

– Добры дзень!

Вы пакідалі заяўку, што ў доме насупраць, на трэцім паверсе, вывесілі БЧБ-сцяг у 2020 годзе. Скажыце, калі ласка, вырашылі вашу праблему?

– Дык вядома. Прыбралі гэта ўсё. Яны [міліцыянты. – Заўв. belsat.eu] там спачатку хадзілі – яны не адкрывалі ім. Ну, а потым накшталт разабраліся.

Скажыце, а чаму вы ўсё ж такі вырашылі патэлефанаваць і паскардзіцца на гэтых людзей?

– (Смяецца.) Ну як, што значыць чаму? Я вязень, ненавіджу фашыстаў. І што яшчэ можна сказаць? І што можна яшчэ дадаць?

А бел-чырвона-белы сцяг – гэта сцяг фашысцкі?

– Я лічу, што так. Я 2,5 года быў у канцлагеры. Тое сяло, у якім я нарадзіўся, фашысты спалілі. А нас з мамай павезлі ў Германію. Яна, мы былі ў канцлагеры, яна працавала там… Ай, ну што там распавядаць, карацей кажучы. Я зразумеў. Гэта вы, напэўна, хочаце высветліць пра сябе. Дык вось, я вам дакладваю: значыць, не трэба так, падумайце добранька аб тым, аб сваёй будучыні і аб сваёй дзяржаве, аб сваіх людзях, аб сваіх дзецях і г. д. Зразумелі, так?

Што стала з тымі людзьмі, якія вывешвалі бел-чырвона-белы сцяг?

– Гэта мяне не цікавіць ужо. Не ведаю.

Вы не цікавіліся, што з імі магло здарыцца пасля вашай скаргі?

– Абсалютна не цікавіўся. Абсалютна. Мне гэта нецікава. У мяне не той узрост, і я, па-першае, я не такі ўжо, як гэта сказаць, злосны, каб пераследаваць і г. д.

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі Аляксандру Архіпаву, антраполага, старэйшую навуковую работніцу Школы актуальных гуманітарных даследаванняў Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы.

– У Беларусі, пасля таго як пачаліся даносы з палітычных прычынаў, з’явілася мапа з адрасамі і кантактамі даносчыкаў. Ці эфектыўна дэананімізаваць даносчыкаў?

– З таго, што я цяпер бачу, тыя людзі, якія ў нашым з вамі разуменні данеслі, – яны часта ганарацца сабой. Яны нібы адчуваюць, што здзейснілі добрыя дзеянні, таму дэананімізаваць іх даволі бессэнсоўна. З іхнага пункту гледжання, яны знайшлі ворага. І гэтая хваля даносаў, пра якую мы гаворым, – гэта сведчанне халоднай грамадзянскай вайны. Дэананімізацыя ўздзейнічае ў тым выпадку, калі гэта здзяйсняецца таемна, калі людзі літаральна пад покрывам ночы ананімна пішуць нейкія паведамленні. Тады раскрыццё іхных сапраўдных імёнаў мае ўздзеянне, але тут не той выпадак. Людзі шчыра думаюць, што яны знайшлі ворагаў.

– Вы дзеліце ўсе даносы на тры тыпы. Раскажыце пра гэта крыху падрабязней.

– Дзяленне даносаў на тры тыпы звязанае, уласна кажучы, з мэтай. Можна данесці, бо ў вас ёсць нейкі меркантыльны інтарэс. Ты даносіш на Пятра Іванавіча, бо ты хочаш пакой у камуналцы. Другі тып – гэта данос з ідэі выратаваць сябе. Гэта спосаб даносчыка, калі ты даносіш праз адчуванне ўласнай небяспекі, каб выратаваць сябе. І трэці тып – гэта даносы з ідэалагічных меркаванняў. Калі ніякай наўпроставай выгады або пагрозы твайму жыццю няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

– Які тып лідаруе цяпер?

– Цяпер хутчэй квітнеюць даносы трэцяга тыпу. Гэта значыць, людзі бачаць нейкае, з іхнага пункту гледжання, парушэнне і паведамляюць пра гэта. Як гісторыя пра тату трэцякласніка ў Расеі, які ўбачыў, што аднакласнік ягонага сына напісаў у школьным чаце «Слава Украіне». Гэта значыць, ніякай пагрозы для таты не было і нават уявіць складана, якая магла быць пагроза для таты або якую выгаду ён мог ад гэтага мець. Тым не менш, тата пра гэта паведаміў.

У чым глыбінная адметнасць даносаў, на ваш погляд?

– Наогул даносы – гэта такая вельмі спецыфічная форма ўзаемадзеяння з уладай, пры якой людзі, якія стаяць на самым нізкім ярусе піраміды, якія ніколі па-іншаму не могуць узаемадзеяць з уладай, раптам з ёй узаемадзеюць. І такім чынам выконваецца некаторы нізавы запыт на справядлівасць. Вось я паведаміла пра злачынства, я малайчына, і мяне пачулі. Такім чынам, улада, якая будуе свае адносіны з людзьмі на аснове даносаў, – яна нібыта абапіраецца на нізавое ўяўленне справядлівасці. Таму нядзіўна, што таталітарнае і аўтарытарнае грамадства – яны вельмі часта будуюць свае адносіны на даносах, але пры гэтым ніякай нармальнай структуры для ўзаемадзеяння грамадзянаў паміж сабой не існуе.

Размаўляла Арына Маліноўская belsat.eu

Стужка навінаў