У планах абавязковае пашырэнне. Полк Каліноўскага праводзіць у Польшчы сустрэчы з патэнцыйнымі навабранцамі


Полк імя Кастуся Каліноўскага працягвае набіраць і трэнаваць навабранцаў. Дзеля гэтага вырашана правесці шэраг сустрэчаў з беларусамі ў выгнанні. 9 траўня на такую сустрэчу з інструктарам і настаўнікам палка, палкоўнікам ЗСУ ў адстаўцы, ветэранам войнаў у Афганістане і на Данбасе Міколам Молакавым прыйшлі жыхары Кракава.

Інструктар палка Каліноўскага, палкоўнік ЗСУ ў адстаўцы, ветэран войнаў у Афганістане і на Данбасе Мікола Молакаў.
Фота: Белсат

У зале паставілі стол, на чале якога – галоўны госць вечара.

Спадару Міколу 71 год, але нічога не выдае сталага ўзросту: ён мае моцны камандны голас, выпраўку. Сустрэча пачалася з аповеду пра жыццё беларускіх ваяроў і пра тое, якім чынам вядзецца падрыхтоўка навабранцаў да баявых дзеянняў: «Першыя тры тыдні – вучэбны цэнтр. Фізічная падрыхтоўка, тактыка, тэорыя. Пасля – палігон, для вывучэння і засваення практычных навыкаў. Таксама ёсць паняцце «шэрая зона». Гэта ўжо добраахвотна. Бо там можна трапіць пад абстрэл. Адсотак не такі вялікі, але варыянт загінуць усё роўна ёсць».

Галоўная задача падрыхтоўкі – прайсці ўсе псіхафізічныя тэсты. Спадар Мікола кажа, што праходзіць іх разам з навучэнцамі.

«А што адбываецца, калі чалавек не прайшоў тэсту?» – задае пытанне адзін з прысутных.

«Адстраляцца зможа ў любым выпадку! Калі не атрымалася з першага разу, будзе магчымасць пастраляць пасля, – паўжартам адказвае ваяр. – Таксама навабранцам трэба падняцца вертыкальна пры дапамозе толькі адной вяроўкі. Падняцца на чацвёрты паверх і спусціцца, без страхоўкі. Вучацца капаць траншэі. Весці агонь па раставых мішэнях. Шмат чаго трэба вывучыць. А ў гэтым годзе плануем увесці яшчэ адзін нарматыў: трэба навучыцца скокнуць у ваду ва ўсёй амуніцыі, зняць пад вадою бронік і ўсплыць. Так, цяжка, але нашая задача – стварыць полк, які не будзе горшы за астатніх. Таму значэнне гэтых трэнаванняў – вельмі важнае. Без падрыхтоўкі – ніяк! Калі прайшлі падрыхтоўку, то на вайне ў штаны не накладуць. Бо калі псіхалагічна чалавек не падрыхтаваны, то яму падаецца, што кожная ракета ляціць акурат у яго».

Для прыкладу палкоўнік у адстаўцы распавёў, як гэта адбываецца ў рэальным жыцці. З ягоных словаў, некаторыя байцы нават атрымліваюць задавальненне ад праходжання «шэрай зоны».

Інструктар палка Каліноўскага, палкоўнік ЗСУ ў адстаўцы, ветэран войнаў у Афганістане і на Данбасе Мікола Молакаў.
Фота: Белсат

Таксама на сустрэчы казалі пра тое, як падтрымліваюць полк іншыя краіны, камуфляжам і ўзбраеннем, і пра заробкі салдатаў, якія ваююць на так званым «пярэднім краі»: «Улады Украіны, праўда, два месяцы затрымлівалі выплаты, казалі, што «ім [салдатам] не трэба». Але мы пабунтавалі – і заробкі вярнулі. Гэта каля 100 тысяч грыўняў. Прадугледжаная і дзяржаўная кампенсацыя на лекаванне ў выпадку ранення».

У планах ПКК, са словаў ваяра, – абавязковае пашырэнне. Бо цяпер полк не налічвае і трох тысяч вайскоўцаў, а трэба, каб было каля пяці. Патрэбныя тры батальёны і свая рота. Каліноўцы чакаюць не толькі новых салдатаў, але і медыкаў.

Падчас другой частцы сустрэчы былі адказы на пытанні прысутных. І першае, што іх цікавіла, аказалася мэта мерапрыемства. Ваяр тлумачыць, што полк вельмі непакоіцца з нагоды чутак пра яго.

«Вы ж самі ведаеце, пра што я. Трэба зняпраўдзіць няшчырую інфармацыю. Так не павінна быць».

Закранулі і мэту рэкруцтва.

«А ці складана да вас трапіць? Ці ўсіх бяруць?» – працягваюцца пытанні з залы.

«Ну, я ж трапіў, а мне 71 год. І мяне ў армію не бяруць. Калі ты сышоў і хочаш назад, то табе абавязкова трэба прайсці паліграф. Калі ты ўсё прайшоў, то праблемы няма. Толькі доўга афармляецца вайсковы білет. А калі ён не аформлены, то грошы на рахунак не ідуць», – адказвае палкоўнік у адстаўцы.

Рэпартаж
«Вайна ва Украіне – толькі прамежкавы этап». Страх і нянавісць каліноўцаў
2023.04.08 09:28

Абмяркоўвалі на сустрэчы і пытанні пра Беларусь, магчымасць яе вызвалення, і тое, як далучыцца да ПКК дзеля гэтага:

«Шмат хто не ідзе ў ПКК, пакуль у Беларусі нічога не пачалося. Так і я. Усе чакаюць гадзіну «Ч». Як будзе выглядаць падрыхтоўка? Калі яна пачнецца, каб далучыцца?» – запытаў адзін з прысутных хлапцоў.

«Ідзі зараз! Мы яшчэ падумаем, ці браць цябе, бо ты адседжваўся столькі часу! Увогуле, галоўнае – не баяцца», – папярэджвае спадар Мікола.

Пыталі таксама і пра псіхалагічную дапамогу, на месцы і на адлегласці. Аказваецца, псіхолаг працуе толькі на месцы: вырашае, ці патрэбны байцу тэрміновы адпачынак. Прысутныя хацелі даведацца і пра лёс беларускіх палонных, але на гэтае пытанне ваяр не здолеў даць адказу.

Размова скончылася заклікам далучацца. Хлапцам – абавязкова, дзяўчатам – калі пажадаюць.

Яшчэ некалькі такіх сустрэчаў запланавана ў іншых гарадах Польшчы. Іх вынікі будуць відаць крыху пазней. А пакуль полк імя Кастуся Каліноўскага чакае новых ваяроў, якія гатовыя выправіцца на вайну ва Украіну, а пазней, калі атрымаецца, – і на вызваленне Беларусі.

Каментар
Чаго полк Каліноўскага і ўлады Беларусі чакаюць ад украінскага контрнаступу. Расказвае Кабанчук
2023.05.03 14:35

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў