«Дзяржаве напляваць і на пацыентаў, і на медыкаў». Доктар у эміграцыі – пра стан беларускай медыцыны


Беларуская медыцына перажывае цяжкі час, яна сама ўжо даўно і цяжка хварэе. Сур’ёзны адток прафесійных кадраў, рэпрэсіі супраць дактароў, вялізныя перапрацоўванні тых, хто яшчэ застаўся, і як вынік – паход да доктара ў Беларусі ператвараецца ў латарэю, а атрымаць якасную дапамогу, асабліва ў раёнах, робіцца ўсё цяжэй. Згодна з Рэспубліканскім банкам вакансіяў, у краіне сёння не стае 6660 дактароў-спецыялістаў. Гэты лік расце з кожным месяцам цягам апошніх двух гадоў. Пры гэтым колькасць высокапрафесійных медыкаў, якія з’ехалі з краіны і працуюць за мяжой, ідзе ўжо на тысячы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Пра сітуацыю ў беларускай медыцыне падчас онлайн-сустрэчы, зладжанай платформаю Petitions.by, распавёў гінеколаг Станіслаў Салавей. Пасля 2020 года ён быў сябрам незалежнага прафсаюзу медыкаў «Панацэя», некалькі разоў быў арыштаваны – і вось ужо паўтара года працуе ў Адэсе. Прыводзім тэзісы ягонага выступу.

Пра праблемы, што існуюць у сістэме аховы здароўя

Цяжка ацэньваць тое, што ўвесь час хаваецца, маскуецца, фальсіфікуецца. Ёсць адзін малавядомы медычны часопіс «Арганізацыя медычнага забеспячэння войскаў», у якім ёсць артыкул пра паказнікі якасці надавання медычнай дапамогі ў вайсковых шпіталях. Сярод прычынаў, што зніжаюць якасць надання медычнай дапамогі, 58 % медыкаў назвалі нізкую матывацыю насельніцтва ў захаванні свайго здароўя, 56 % – састарэлае абсталяванне, 32 % – адсутнасць у медычнага працаўніка матывацыі для падвышэння якасці сваёй працы. Кожны пяты назваў прычынаю нястачу медыкаментаў і расходнікаў.

Пра дасяжнасць медычнай дапамогі

Сістэма ў Беларусі пабудаваная гэтак, што яе мэта – не вылечыць пацыента, не аблегчыць працы медыка, а зрабіць прыгожую карцінку, бачнасць працы. Таму бачнасць даступнасці стараюцца стварыць максімальнай. У Беларусі ў прынцыпе не складана трапіць да доктара на першасны прыём, але гэта толькі стварае ілюзію медычнай дапамогі. На агляд аднаго пацыента ідзе 5 хвілінаў замест 15, бо доктар працуе адзін замест трох, што меліся б быць. У буйных гарадах сітуацыя лепшая, бо там ёсць платныя цэнтры, дый больніцаў больш. У раёнах жа гадамі не было вузкіх спецыялістаў. Нядаўна Міністэрства аховы здароўя змяніла адзін з законаў, што дазволіў праходзіць перападрыхтаванне фармальна за месяц – з доктара агульнай практыкі ў, напрыклад, кардыёлага. Пры гэтым працаваць ты можаш адразу, а курсы прайсці калі-небудзь цягам 6 месяцаў. Гэта робіцца для таго, каб на паперы павялічыць дасяжнасць медычнай дапамогі і каб закрываць дзіры ў кадрах.

У нас гіпердасяжная сістэма ў плане першаснага кантакту доктар – пацыент. Забалела спіна? Выклікай хуткую. Бо лянуешся ісці ў паліклініку і сядзець у чарзе. Але чалавек не разумее, што робіць сабе горш: ён атрымае стомленага доктара, ці тая ж хуткая будзе ехаць да яго ўдвая даўжэй, бо калі ў яго здарыцца інфаркт, хтосьці выклікае хуткую на соплі дзіцяці. У замежжы медыцына працуе інакш: прыйсці да доктара з простым насмаркам ці чымсьці планавым у гэты ж дзень немагчыма ці каштуе вялікіх грошай. У выпадку ж пільнай сітуацыі ўсё будзе зроблена максімальна хутка і якасна. Але тэмпература 37,5 – гэта не пільная сітуацыя. У нас чалавек ідзе да доктара не для таго, каб той яго лячыў, а каб даў паперку пра тое, што чалавек да яго прыходзіў. Дактароў ператварылі ў пісараў, мэта якіх не вылечыць чалавека, а даць яму паперку.

Дасяжнасць якаснай медычнай дапамогі – іншае пытанне. Паспрабуйце зрабіць МРТ у мястэчку. Чым далей ад буйных гарадоў, тым цяжэй з вузкімі спецыялістамі, правядзеннем нейкіх аперацыяў. На жаль, практыка такая, што ў раёны адпраўляюць людзей проста «адпрацоўваць» размеркаванне пасля ўніверсітэту, пасля чаго чалавек з’язджае. Згодна з даследаваннямі, кожны трэці хірург у амбулаторным звяне паліклінікі – малады спецыяліст, першага ці другога года пасля адпрацоўвання. Да маладых спецыялістаў могуць быць пытанні адносна якасці працы, і не таму, што ён кепска вучыўся, а таму, што ўва ўсім свеце медыцыне вучацца вельмі працяглы час. У нас жа вельмі хутка чалавек праходзіць шлях ад студэнцкай лавы да самастойнай працы – праз вялікі дэфіцыт кадраў, які Мінздароўя такім чынам намагаецца затыкаць.

Пра наступствы недастатковага фінансавання медыцыны

Тое, што апаратура ў шпіталях старая, яна зношваецца, яе трэба мяняць ды існуюць праблемы з расходнікамі, даказваць не трэба. Бывае так, што апарат доўгія месяцы ў прастоі, бо шпіталь не можа адной дэталькі купіць.

Праблема не ў тым, што ў краіне вылучаюць мала грошай на ахову здароўя. Праблема ў тым, што частка гэтых сродкаў выдаткоўваецца марна. Калі згадаць першую хвалю каронавіруса, у стацыянар клалі нават людзей, якія не хварэлі, а проста кантактавалі, людзей без сімптомаў. Пры гэтым на кожнага з іх выдаткоўваўся працоўны рэсурс медыкаў, рэсурсы на харчаванне і г. д. То бок пры абмежаваным бюджэце марнуецца шмат грошай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Сістэма вельмі непаваротлівая, і абмежаванасць рэсурсу моцна б’е па невялікіх больніцах, раёнах. РНПЦ транспланталогіі – безумоўна, іншае каралеўства, якое атрымлівае ўсё, што і калі захоча. Але атрымаць якасныя медыкаменты – праблема. Паглядзім на хіміятэрапію. Прэпаратаў імунатэрапіі, сучасных прэпаратаў са свечкай не знайсці. Ёсць таксама праблема дыягностыкі.

Такая сістэма нязручная для дактароў, ім нязручна працаваць праз вялікую колькасць перашкодаў, бюракратыю і перапрацоўванні, адсутнасць юрыдычнай абароны. Гэта ўсё адбіваецца на якасці надавання медычнай дапамогі. Ад гэтай сістэмы цярпяць і пацыенты: атрымаць якасную дапамогу робіцца ўсё цяжэй.

Пра ролю дзяржавы ў забеспячэнні якасці медыцыны

Дзяржаве напляваць і на пацыентаў, і на дактароў. Ідэя, што пацыента трэба аглядаць на першае ж патрабаванне, нават калі ў яго проста насмарк, прыводзіць да таго, што доктар прымае не 20, а 60 пацыентаў. Тое, што гэты агляд проста для галачкі, забівае логіку агляду. У дактароў замыльваецца вока, і медык можа прапусціць пацыента, якому сапраўды патрэбная дапамога.

Вельмі часта пацыентаў шпіталізуюць дзеля выканання плану пацыентаў. То бок людзі паводле плану мусяць хварэць? Асноўнае ў медыцыне – выканаць план. Вялікі адток прафесійных кадраў, вялізныя перапрацоўванні – гэта хвалюе Міністэрства аховы здароўя найменш. Галоўнае, каб на стол лягла прыгожая справаздача. Медык і пацыент нікому не цікавыя. Ёсць такі жарт: пацыент перашкаджае доктару рабіць ягоную працу. І гэта сапраўды так, бо праца доктара – пісаць паперы.

Пра правы пацыентаў і медыкаў

Ёсць Закон аб ахове здароўя, там ёсць асобны раздзел, прысвечаны правам пацыентаў. Чалавек, напрыклад, можа выбраць сабе доктара і месца, дзе яму лячыцца. Аднак там ёсць раздзел і пра абавязкі. Напрыклад, клапаціцца пра сваё здароўе.

Закон існуе, іншае пытанне – як ён выконваецца. Медыкі заўсёды былі ў сітуацыі, што яны ўва ўсім вінаватыя. Любая скарга на доктара ставіць яго ва ўразлівае становішча. У выніку ствараецца каставая сістэма, калі адзін доктар прыкрывае другога. Бо ўсе разумеюць: наступным разам ужо ты можаш апынуцца ў праблемнай сітуацыі проста на роўны месцы, і тваіх правоў ніхто не абароніць, акрамя тваіх калегаў, бо няма прафсаюзаў, юрыстаў, якія б гэта рабілі. Ёсць скарга – ты вінаваты ў любым выпадку.

Пра паход да доктара як латарэю

Цяпер у любую беларускую больніцу будуць набіраць паводле дыплому. Пра якасць, выбракоўванне кадраў, канкурэнцыю, тое, што прымушае доктара развівацца, казаць не выпадае. Пацыенту як пашанцуе: ён можа трапіць на спецыяліста высокага ўзроўню, у якога ёсць досвед, матывацыя развівацца і адукоўвацца, а можа трапіць на лекара, які працуе на дзве стаўкі апошнія 10 гадоў, і ўсё, чаго ён хоча, – дажыць да выходных і з’ездзіць на рыбу, каб хоць неяк адпачыць.

Галоўная праблема ў медыцыне – перапрацоўванні. Для доктара стацыянару звычайная сітуацыя, калі ты прыйдзеш на працу ў панядзелак а 8:00, а пойдзеш адтуль у аўторак а 16:00. А ў сераду табе зноў на працу, магчыма, на такое ж дзяжурства. Ці сядзеце вы ў машыну да кіроўцы, які спаў апошні раз 30 гадзінаў таму? Паводле закону, лекар не можа працаваць больш за 24 гадзіны, і пасля гэтага мусіць двое содняў адпачываць. У нас жа няма такога, бо вельмі абмежаваны рэсурс. Таму паход да доктара ператвараецца ў латарэю. Нават высокакваліфікаваны спецыяліст, які спаў пазаўчора, можа памыліцца, бо ён проста стаміўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Пры гэтым няма нідзе звестак, колькі спецыялістаў сістэма ўжо страціла, колькі дактароў працуе, якая ў іх падрыхтаванасць, узрост. Дактары і раней з’язджалі з Беларусі, а пасля 2020 года маштабы ад’езду сталі проста катастрафічныя. Пры гэтым суперпрафесійных дактароў звальняюць за палітыку, і яны не могуць знайсці ў краіне месца працы.

Разам з тым, не варта думаць, што ўсё згублена. Беларуская медыцына мае вялікі патэнцыял на аднаўленне, але толькі тады, калі зменяцца ўмовы.

СП belsat.eu 

Стужка навінаў