Віктар Мацкевіч, адвакат Сяргея Ціханоўскага, паведаміў, што крымінальная справа супраць ягонага падабароннага, а таксама Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча ды іншых падазраваных у справе будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе, перадае Tut.by.
У судзе паведамілі, што, «згодна з пастановай намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі 4 траўня 2021 года, крымінальная справа супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча ды іншых накіраваная ў Гомельскі абласны суд для разгляду па першай інстанцыі».
Дату першага пасяджэння прызначыць Гомельскі абласны суд.
28 красавіка галоўнае следчае ўпраўленне Беларусі паведаміла пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча.
Усім затрыманым інкрымінуюць «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ). Толькі паводле гэтага артыкулу могуць пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.
Міколу Статкевічу выставілі толькі гэты артыкул, Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу выставілі таксама распальванне сацыяльнай варожасці адносна прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК РБ). У гэтай жа справе, а таксама ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт.342 КК РБ) і пагрозах на адрас старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі (ч. 2 арт. 191 КК РБ) праходзяць Сяргей Ціханоўскі, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў.
Усе фігуранты справы прызнаныя палітычнымі вязнямі.
АД, belsat.eu