Пуцін і Лукашэнка казалі, што хочуць перамоваў аб Украіне. А вайна працягваецца


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 779 дзён. Пакуль кіраўнікі Расеі і Беларусі абмяркоўваюць, што хацелі б працягу стамбульскіх перамоваў, украінскае кіраўніцтва рыхтуецца да чарговага наступу ворага.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі. Масква, Расея. 11 красавіка 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

Пуцін і Лукашэнка просяць перамоваў?

Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка прыехаў з працоўным візітам у Маскву, размаўляў з Уладзімірам Пуціным. Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, той казаў, што «не мы пачалі гэтую вайну ў 2014 годзе». Калі пад «мы» меў на ўвазе Беларусь, дык не схлусіў, бо на Украіну напалі расейскія «зялёныя чалавечкі», што Пуцін тады прызнаваў. Роўна 10 гадоў таму падтрыманыя Расеяй «сепаратысты ДНР» захапілі Славянск. Беларусь тады яшчэ не была суўдзельніцаю нападу.

Пуцін згадаў перамовы 2022 года, якія пачаліся ў Беларусі і працягнуліся ў турэцкім Стамбуле, але не прывялі да міру. Праўда, пасля тых перамоваў Расея адступіла з кіеўскага, сумскага і чарнігаўскага кірункаў – было ўжо відавочна, што бітва за Кіеў прайграная.

Там, паводле Пуціна, «практычна завяршылі гэтую вялікую працу», парафавалі нейкі дакумент, ды потым «пад ціскам Захаду ўкраінскі бок адмовіўся ад гэтай дамоўленасці». Цяпер на мірную канферэнцыю ў Швейцарыі, адзначыў Пуцін, Расею і Беларусь не запрасілі, бо кажуць, што Расея і Беларусь ад міру адмаўляюцца. Пуцін дадаў, што «мы за» перамовы, але «не ў фармаце навязвання нам якіх бы то ні было схемаў», бо «сёння ёсць усё для таго, каб сесці і дамаўляцца».

«Трэба проста па-чалавечы сябе паводзіць. Дастаць той дакумент, які вы некалі мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім, – сказаў Лукашэнка, падобна, пра нейкі дакумент са Стамбулу-2022. – Гэта разумная пазіцыя. Там прымальная пазіцыя і для Украіны. Яны ж пагадзіліся».

Пуцін адказаў Лукашэнку: «Канечне».

Каментар
Лукашэнка ў Маскве: трэба размаўляць з тымі, хто стаіць за ўкраінцамі
2024.04.11 21:42

Вайсковы аналітык з ананімнага Telegram-блогу «Cynik» выказаў здагадку: Расея хоча новай «стамбульскай дамовы», але ўжо фактычна без гарантыяў бяспекі Украіны, а з раздзелам «сфераў уплыву» са Злучанымі Штатамі. Калі ў Стамбуле-2022 Расеі быў патрэбны час перападрыхтавацца на фоне росту вайсковага патэнцыялу Украіны і спаду вайсковага патэнцыялу Расеі, то цяпер Расея рыхтуецца да наступу, а Украіна мае праблемы з мабілізацыяй і дастаўкамі зброі. На думку аналітыка, Расея будзе чакаць прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, у выніку якіх да ўлады можа прыйсці ізаляцыяніст Доналд Трамп.

Украінскае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва папярэджвае пра чарговы наступ Расеі на фронце ўжо ў канцы траўня ці пачатку чэрвеня, піша ўкраінскае выданне ТСН. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо папярэджваў, што без заходняй дапамогі (значную частку якой блакуюць амерыканскія рэспубліканцы) Украіне давядзецца адступаць на фронце. Такім чынам, задача-максімум на 2024 год – утрымаць фронт.

Паводле французскага выдання «Le Figaro», Украіна абяцае Захаду контрнаступ у 2025 годзе, калі ўдасца пратрымацца ў 2024-м.

Аналітыка
Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?
2024.03.28 06:00

Пакуль жа вайна не спыняецца

Зводка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны на раніцу 12 красавіка выглядае звычайнаю для апошніх месяцаў. За дзень было 78 баявых сутыкненняў, Расея нанесла 54 ракетныя і 126 авіяцыйных удараў, 95 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, за ноч збілі 16 з 17 ударных беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed». На бахмуцкім кірунку адбілі 29 атак, на аўдзееўскім – 7 , на навапаўлаўскім – 26, на арэхаўскім – 5, на херсонскім – 7.

Расея, паводле Генштабу ЗСУ, страціла за мінулы дзень каля 840 чалавек, 9 танкаў, 19 браняваных машынаў, 34 артылерыйскія сістэмы, 2 рэактыўныя сістэмы залпавага агню і гэтак далей. Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны Расея страціла, паводле ЗСУ, больш за 450 тысячаў чалавек.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) нагадвае, што ў ноч на 11 красавіка Расея нанесла маштабную серыю ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны, сярод іншага знішчыла Трыпальскую ЦЭС каля Кіева. Украінскі бок працягвае прасіць у Захаду больш дапамогі, у прыватнасці – больш батарэяў амерыканскіх «Patriot» для паветранай абароны.

Брытанская выведка 10 красавіка адзначала, што Расея хоча набраць 400 тысяч кантрактнікаў за 2024 год, каб падтрымаць сілы на тэрыторыі Украіны і замясціць вялізныя страты. Расея працягвае набіраць прызыўнікоў: гэтаю вясною прызаве ў войска каля 150 тысячаў чалавек для службы на расейскай тэрыторыі, але на прызыўнікоў будуць ціснуць, каб тыя падпісвалі кантракты на службу на тэрыторыі Украіны. Агулам жа Расея хоча нарасціць узброеныя сілы да 1,32 мільёна чалавек у гэтым годзе і 1,5 мільёна ў наступным.

Зяленскі тым часам прыбыў у Літву на саміт «Ініцыятывы трох мораў» у Вільні, падпісаў пагадненне аб бяспецы з Латвіяй, абмеркаваў рыхтаванне глабальнага саміту ў Швейцарыі.

Агляд
Павольныя прасоўванні войскаў РФ. Што адбываецца ва Украіне?
2024.04.11 17:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў