«Заробкі ўперліся ў столь». Эксперты параўналі беларускую эканоміку з домам, што гніе


Даследчы цэнтр BEROC прэзентаваў вынікі свежага апытання беларускага бізнесу і грамадзянаў ды прагноз макраэканамічнай сітуацыі. Калі коратка: беларусы скардзяцца на падзенне даходаў, заробкі ўперліся ў столь, а максімальныя перспектывы эканомікі – вярнуцца да таго, што ўжо было, а не скокнуць вышэй. Прэзентацыя, якую паглядзеў карэспандэнт «Белсату», скончылася параўнаннем беларускай эканомікі з домам, які не гарыць, але гніе.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Напачатку экспертка BEROC Віялета Панасевіч агучыла вынікі сакавіцкага апытання беларусаў пра іхны дабрабыт і планы эміграваць ці застацца на Радзіме. Даследаванне ладзілі сярод дарослага гарадскога насельніцтва.

Выявілася, што амаль у 40 % апытаных даходы знізіліся. Асноўнымі прычынамі называліся рост цэнаў і рост курсаў долара і еўра. Што цікава, тыя, у каго зменшыліся даходы, сталі меней ашчаджаць на харчах, забавах і буйных куплях. Пры гэтым удвая вырас лік асобаў, якія пратэрмінавалі абавязковыя выплаты: вяртанне крэдытаў і аплату камунальных паслугаў.

«Больш за ўсіх ад зніжэння даходаў пакутуюць прадпрымальнікі і асобы, якія працуюць у будаўніцтве і гандлі», – паведаміла Панасевіч.

Большасць рэспандэнтаў называюць эканамічную сітуацыю ў Беларусі кепскаю і не разлічваюць, што праз год яна палепшыцца. Пры гэтым аптымістаў пакрысе робіцца болей: «Невялікая, аднак пазітыўная дынаміка: больш асобаў мяркуюць, што сітуацыя выправіцца», – адзначыла экспертка.

Індэкс, што фіксуе спажывецкія паводзіны, амаль вярнуўся да даваеннага ўзроўню: «Агулам спажывецкія паводзіны можна апісаць як «усё дрэннае ўжо здарылася» і горш, маўляў, быць не можа».

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Віялета Панасевіч таксама раскрыла міграцыйныя настроі беларусаў. Блізу 80 % апытаных плануюць заставацца на Радзіме, а каля 2 % упэўненыя, што з’едуць цягам года:

«Калі экстрапаляваць на выбарку, то гэта 85 тысяч асобаў. Гэта кажа пра тое, што хваля эміграцыі не збіраецца спыняцца».

Тыповы эмігрант апошніх гадоў: асоба з сярэднім даходам або даходам, вышэйшым за сярэдні, найчасцей з IT, аховы здароўя і будаўніцтва. Асноўныя прычыны рэлакацыі: нізкія заробкі, жаданне палепшыць якасць жыцця, нестабільнасць эканомікі. Таксама апытаныя кажуць, што не пачуваюцца ў бяспецы.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Старэйшы навуковы працаўнік цэнтру BEROC Леў Львоўскі распавёў пра адчуванні бізнесу. Былі апытаныя прадстаўнікі 300 малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Высветлілася, што апошнія тры месяцы яны адчувалі спад, цяперашняе становішча расцэньваюць як нейтральнае, аднак у будучыню глядзяць з аптымізмам, нават калі аб’ектыўных прычынаў таму няма.

Пры гэтым прадпрымальнікі чакаюць росту інфляцыі і кажуць, што ад дзяржаўнага рэгулявання цэнаў выйгралі спажыўцы, але пацярпеў бізнес.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Асноўнае, на што скардзяцца на прадпрыемствах, – разрыў лагістычных, вытворчых і фінансавых ланцужкоў.

«Людзям даводзіцца перабудоўваць бізнес менавіта з пункту гледжання таго, што ў іх адвальваюцца партнёры, трэба інакш вазіць тавары», – удакладніў Львоўскі.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Іншы старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC, Дзмітрый Крук, пачаў сваю частку прэзентацыі з канстатацыі: у канцы 2022-га і пачатку 2023-га пачаўся аднаўленчы рост эканомікі: «Ён адбываецца даволі збалансавана: за кошт і вонкавага, і ўнутранага попыту».

Менавіта дзякуючы попыту расце эканоміка. Спажыванне амаль вярнулася да даваеннага ўзроўню, хаця можна меркаваць, што першы квартал прадэманструе разварот.

Заробкі падтрымліваюцца штучна. «На рынку працы ўсё больш адбіваецца эміграцыя. Шмат якія фірмы вымушаныя нават на шкоду свайму фінансаваму стану падтрымліваць узровень выплатаў, каб утрымаць працаўнікоў», – сказаў Крук.

Ён заўважыў: сярэдні заробак нават перавысіў даваенны ўзровень, нібыта цалкам аднавіўся ВУП, хаця насамрэч «мы яшчэ ў істотнай прасадцы». «Цяжар крызісу ўзялі на сябе фірмы ды вытворцы», – канстатаваў эксперт.

Фактычна заробкі ўперліся ў столь, і павышаць іх без істотнага пагаршэння стану вытворцаў амаль няма магчымасці, адзначыў эканаміст цэнтру BEROC.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Разважаючы пра прагнозы, Дзмітрый Крук адзначыў: шмат што цяпер залежыць не ад эканомікі, да таго ж, ёсць высокая ступень няпэўнасці. Можна асцярожна чакаць, што канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі паціху будзе змяншацца, ізноў можа абрынуцца лагістыка, якую толькі адбудавалі, захоўваюцца рызыкі эканомікі Расеі – асноўнага партнёра.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

«Адбываецца павольная стагнацыя, загніванне беларускай эканомікі. Нават калі ўсё пойдзе паводле найлепшага сцэнара, у 2024 годзе будзе ўсяго толькі вяртанне да 2021 года. Чатыры страчаныя гады з пункту гледжання дабрабыту. Гэта значыць, найлепшая будучыня, якая можа быць, – гэта проста праз год вярнуцца да таго, што ўжо было», – намаляваў нярадасную карціну Крук.

Матэрыялы прэзентацыі даследчага цэнтру BEROC. Вільня, Літва. 12 красавіка 2023 года.
Фота: BEROC

Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў прэзентацыі, Леў Львоўскі канстатаваў, што крызіс у беларускай эканоміцы настаў прыкладна ў 2010 годзе. «Свет у сярэднім расце на 3 %, краіны з нашым узроўнем ВУП на душу насельніцтва растуць у сярэднім на 4,5 %. Мы з 2010 расцём на 1 % за год», – сказаў ён.

Дзмітрый Крук падсумаваў:

«У нас усе прывыклі, што крызіс – гэта пажар і дом гарыць. Але дом яшчэ можа згніць. Гэта значна большая праблема: гарэць будзе проста няма чаму».

Hавiны
Высокі негатыў і рост ціску. Міністр Чарвякоў распавёў, што чакае беларускую эканоміку
2023.03.21 14:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў