Украінскі прэм’ер-міністр: контрнаступ Украіны можа пачацца ўлетку


Контрнаступ украінскага войска можа пачацца ўжо гэтым летам, заявіў прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у інтэрвʼю выданню «The Hill». Паводле ягоных словаў, выцек сакрэтнай інфармацыі Пэнтагону не перашкодзіць Украіне вызваліць свае тэрыторыі.

Прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. Скрыншот з відэа. Крыніца: Telegram / Denys_Smyhal

Мы не адчуваем ціску з боку нашых сяброў і партнёраў адносна пачатку наступу. Усе нашыя сябры і партнёры дакладна разумеюць, што для таго, каб перайсці ў контрнаступ, трэба быць на сто і нават болей адсоткаў гатовымі да гэтага, – сказаў Дзяніс Шмыгаль.

На пытанне журналіста пра тое, як апошнія выцекі амерыканскіх сакрэтных дакументаў паўплываюць на планаванне контрнаступу, Шмыгаль заявіў, што Украіна ў любым выпадку вызваліць свае тэрыторыі.

«Мы шмат разоў даказвалі, што можам гэта зрабіць. У нашых партнёраў па ўсім свеце мы просім […] танкі, боепрыпасы, самалёты і бранятэхніку», – заявіў ён.

Нагадаем, што сярод сакрэтных дакументаў Пэнтагону, якія трапілі ў сеціва пры нявысветленых абставінах, змяшчалася ў тым ліку  інфармацыя пра планы Украіны наконт вайны, а таксама звесткі, што ў краіне дзейнічаюць сілы спецыяльнага прызначэння некалькіх краінаў NATO. У самім Пэнтагоне ніяк не каментавалі змесціва «злітых» дакументаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў