Затрыманні, выракі і аўтамабільны «экстрэмізм». Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Гомельскі абласны суд прызнаў Алега Дзегцярэнку вінаватым ва «ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання», а таксама ў «наданні сродкаў любым спосабам у мэтах выкарыстання ў тэрарыстычнай дзейнасці, матэрыяльнага забеспячэння і іншага падтрымання». Суддзя Алег Харошка прызначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 8 гадоў 6 месяцаў. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, дэталі невядомыя.

Суд Ленінскага раёну Горадні 26 лютага агучыў прысуд мужу і жонцы Сяргею і Таццяне Чыжам. Сямейную пару судзілі за пратэставы плакат, які яны неслі на падчас маршу ў жніўні 2020 году. Следства і суд палічылі, што плакат нібыта змяшчаў паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. У выніку Сяргею Чыжу прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады («хімія»), а Таццяне – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу таксама на тэрмін тры гады («хатняя хімія»).

Следчы камітэт паведаміў, што супраць Вольгі Вялічкі, якая раней узначальвала гарадзенскі дзіцячы госпіс, распачатае спецыяльнае вядзенне. Ёй выстаўленае абвінавачанне адразу паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў Магілёве за рэпосты затрымалі мясцовага жыхара. Паводле праваабарончай ініцыятывы «MAYDAY TEAM», затрыманага клічуць Юрый Бруквенкаў. Яму сорак гадоў, працуе ён аўтаперавозчыкам. У віну мужчыну паставілі «лайкі» ў «Аднакласніках» пад публікацыямі з груп, прызнаных так званымі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – «Хартыя 97» і «Краіна для жыцця».

Таксама падкантрольныя сілавікам каналы паведамляюць пра затрыманне рабочага цэментава-шыфернага заводу ў Крычаве: ён нібыта ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і абражаў Лукашэнку.

Па вяртанні з-за мяжы была затрыманая адміністратарка Telegram-каналу «Несцерка». Паводле сцверджання сілавікоў, за колькі дзён да ейнай паездкі ў Беларусь, хтосьці паведаміў пра гэта ў чат-бот сілавікоў. На «пакаянным відэа» жанчына кажа, што ўдзельнічала ў стрымах са Святланай Ціханоўскай, хадзіла на пратэсты, адміністравала тэлеграм-канал. Напрыканцы відэа жанчына плача.

Тэлеграм-канал «Вольны прафсаюз БДУ» адзін са студэнтаў гістфаку БДУ быў затрыманы ГУБАЗіКам.

Быў затрыманы адміністратар кампаніі па продажы адзення, які нібыта пісаў абразлівыя каментары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі, перапісваўся з блогеркай Таццянай Мартынавай. Таксама сілавікі сцвярджаюць, што ён зняў перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа ў чат-бот канала Nexta.

Суд Партызанскага раёну Менска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» газету «Автодайджест». «Автодайджест» – гэта штотыднёвае выданне, прысвечанае аўтамабілям. Газета вольна прадавалася ў «Белсаюздруку».

Hавiны
У беларускіх калоніях цягам двух тыдняў не працуюць інтэрнэт-крамы для перадачаў вязням
2024.03.12 15:11

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў