Пракуратура Цэнтральнага раёну сталіцы паведаміла пра прысуд жанчыне, якая ўчыніла тузаніну з двума амапаўцамі на вуліцы Зыбіцкай. «Віну прызнала і пакаялася», напісала агенцтва «Минск-Новости». Суд прызначыў ёй 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Калі адбылася гэтая бойка, не ўдакладняецца. Паводле звестак пракуратуры, жанчына шпацыравала па Зыбіцкай з сужэнцам, які ў той дзень адзначаў народзіны і быў нападпітку.
«Да іх падышлі супрацоўнікі сталічнага АМАПу і звярнулі ўвагу на стан мужчыны, сказаўшы, што яму трэба ехаць дадому адпачываць. Віноўнік урачыстасці стаў спрачацца з міліцыянтамі, называючы сябе палкоўнікам», – гаворыцца ў паведамленні.
Амапаўцы пастанавілі затрымаць мужчыну, аднак ягоная сужэнка «накінулася на аднаго з міліцыянтаў і ўдарыла рукою ў патыліцу, стала хапаць за форму, штурхаць», а пасля пачала лупцаваць торбаю.
У выніку мужа з жонкаю затрымалі. Супраць жанчыны завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб гвалце ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў.
У пракуратуры адзначылі, што 41-гадовая фігурантка працуе менеджаркай у прыватнай фірме, да крымінальнай адказнасці раней не прыцягвалася, віну прызнала і пакаялася. Жанчыну асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Сяргей Крот belsat.eu