Беларускі спецназ у Дубаі паспаборнічаў з чачэнскім, амерыканскім і канадскім


Сілавікі беларускага спецпадраздзялення «Алмаз» і жаночая зборная Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ўзялі ўдзел у неафіцыйнай «алімпіядзе спецназу» – «UAE SWAT Challenge» у Дубаі. Як заўважыў «Reform.by», з імі спаборнічалі сілавікі з Канады і Злучаных Штатаў, што выклікала пэўную крытыку ў заходніх медыях.

Байцы спецпадраздзялення «Алмаз» на «UAE SWAT Challenge»
Байцы спецпадраздзялення «Алмаз» на «UAE SWAT Challenge». Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Люты 2024 года. Скрыншот: Uaeswatchallenge.com

У выніковай турнірнай табліцы відаць, што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах спаборнічалі пераважна сілавікі з аўтарытарных краінаў, разам з беларускім «Алмазам» у спаборніцтве бралі ўдзел у тым ліку байцы чачэнскага спецпадраздзялення «Ахмат», якое падазраюць у ваенных злачынствах падчас вайны ва Украіне.

Але разам з тым у спаборніцтвах бралі ўдзел сілавікі са Злучаных Штатаў (аддзяленне экстраннай службы паліцыі Нью-Ёрку і паліцыя Сан-Антоньё – найбуйнейшага гораду Тэхасу) і Канады (падраздзяленне экстраннага рэагавання Лондану – буйнога гораду ў Канадзе).

Канадскае выданне CBC назвала ўдзел лонданскіх паліцыянтаў у дубайскіх спаборніцтвах нечаканым для палітыкаў і Рады паліцыянтаў, але гаворка была найперш пра фінансаванне палёту за акіян, а толькі ў другую чаргу – пра парушэнні правоў чалавека ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Больш жорстка выказалася брытанскае выданне «The Guardian», якое назвала ўдзел амерыканскіх і канадскіх сілавікоў у гэтых спаборніцтвах «падарункам Маскве», бо спаборніцтвы выкарысталі для піяру «Ахмату». Выданне нагадала і пра тое, што «Алмаз» удзельнічаў у жорсткім здушэнні пратэстаў 2020 года ў Беларусі.

Адметна, што спаборніцтвы не задаволілі кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава: той абвінаваціў суддзяў «UAE SWAT Challenge» у непрафесійным і перадузятым судзействе, заявіў пра намер аспрэчваць вынікі. «Ахмат» заняў чацвёртае месца, саступіўшы беларускаму «Алмазу», спецпадраздзяленню «Калкан» з Кыргызстану і паліцыі Дубаю.

Беларускі бок спаборніцтвы задаволілі: міністр унутраных справаў Іван Кубракоў пахваліў спецназаўцаў за тое, што «выканалі пастаўленую задачу« і «заявілі пра сябе на ўвесь свет» як «найлепшае спецпадраздзяленне ў барацьбе з тэрарызмам».

Крытыкі ўдзелу ў спаборніцтвах сілавікоў ад медыяў з Албаніі, Балгарыі, Вугоршчыны, Малдовы, Сербіі ці Чарнагорыі знайсці ў адкрытых крыніцах не ўдалося.

Hавiны
Кіраўнік байцоў «Алмазу» стаў намеснікам дырэктара спарткомплексу «Стайкі»
2021.12.14 20:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў