Крок да вялікай вайны ці яе перадухіленне? Якія наступствы будуць мець удары ЗША ў Емене


У ноч на 12 студзеня ЗША і Вялікая Брытанія нанеслі ўдары па вайсковых аб’ектах хусітаў у Емене. Гэта стала адказам на агрэсіўныя дзеянні праіранскай групоўкі, якая ўжо амаль два месяцы ладзіць напады на камерцыйныя караблі ў Чырвоным моры. Якія наступствы пацягне за сабой атака ў Емене? І якім будзе адказ саюзніка хусітаў – Ірану?

Самалёт «RAF Typhoon» вяртаецца на базу «RAF Akrotiri» на Кіпры пасля ўдару па вайсковых цэлях у Емене. 12 студзеня 2024 года.
Фота: Sgt Lee Goddard / UK Ministry of Defence / AP / East News

Усяго авіяцыя і ВМС Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі нанеслі больш за 60 удараў (паводле некаторых звестак – 73) па 16 вайсковых цэлях. Мішэнню сталіся вайсковыя аэрадромы, месцы захоўвання і запуску беспілотнікаў і ракетаў, радары паветранай абароны і камандныя пункты хусітаў. Паведамляецца, што аперацыі брытанцаў і амерыканцаў спрыялі Нідэрланды, Канада, Аўстралія і Бахрэйн.

У абстрэлах выкарыстоўваліся крылатыя ракеты «Тамагаўк», якія запускалі з баявых караблёў, а таксама кіруемыя авіяцыйныя бомбы. Як адзначаюць у Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі, пры планаванні ўдараў «асаблівая ўвага надавалася мінімізацыі любых рызык для цывільнага насельніцтва».

Падобна, што саюзнікі сапраўды імкнуліся мінімізаваць чалавечыя страты. Пра гібель мірных жыхароў пакуль інфармацыі ўвогуле няма. Страты сярод вайскоўцаў, калі верыць хусітам, абмежаваліся пяццю загінулымі байцамі і шасцю параненымі.

Чаму ЗША і Брытанія на гэта пайшлі

ЗША і Вялікая Брытанія лічаць аперацыю супраць хусітаў вымушанаю самаабаронаю.

«Гэтыя ўдары ёсць адказам на беспрэцэдэнтныя напады хусітаў на міжнародныя марскія караблі ў Чырвоным моры, уключаючы выкарыстанне ўпершыню ў гісторыі супрацькарабельных балістычных ракетаў», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Як зазначыў Байдэн, напады хусітаў паставілі пад пагрозу жыцці грамадзянаў ЗША ды іншых краінаў, парушылі сусветны гандаль і свабоду карабельства. Усяго, паводле амерыканскага боку, з лістапада хусіты зладзілі 27 нападаў, ад чаго пацярпелі больш за 50 краінаў.

Аналітыка
Хусіты спыняюць Чырвонае мора, а ЗША збіраюць кааліцыю. Як гэта ўдарыць па гаманцах і свеце
2023.12.27 15:10

Праз Чырвонае мора праходзіць прыкладна 15 % сусветнага марскога гандлю, таму дзеянні хусітаў у рэгіёне сталі сур’ёзным выклікам для міжнароднай бяспекі. Рэч не толькі ў эканамічных стратах, але і ў палітычным значэнні гэтых падзеяў. Блакада Чырвонага мора стварала небяспечны прэцэдэнт: калі на вачах усяго свету хусіты, якія нават тэрыторыі Емену цалкам не кантралююць, беспакарана парушаюць міжнародныя парадкі, то гэта можа заахвоціць іншыя радыкальныя групоўкі і аўтарытарныя рэжыму да больш агрэсіўных дзеянняў.

Акрамя таго, абмяжоўвацца толькі пасіўнай абаронай гандлёвых шляхоў было немэтазгодна з гледзішча фінансавых і вайсковых выдаткаў: хусіты выкарыстоўвалі ў сваіх нападах танныя ракеты і беспілотнікі, а саюзнікі вымушаныя былі перахопліваць іх дарагімі высакакласнымі ракетамі, якія каштуюць у дзясяткі разоў больш.

Таму ЗША ды іх саюзнікі фактычна не маглі не пайсці на больш актыўныя дзеянні. Апошняю кропляю стаўся абстрэл хусітамі амерыканскіх і брытанскіх баявых караблёў у Чырвоным моры 9 студзеня. Гэта быў найбуйнейшы напад з пачатку вайны, хаця і не прывёў да стратаў з боку саюзнікаў. Пасля гэтага Байдэн нарэшце ўхваліў удары па Емене, якія ўжо некаторы час рыхтаваліся, зазначаюць крыніцы CNN.

Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 07:00

Пакуль не вайна, а «clear message»

Ці азначаюць удары па Емене, што на Блізкім Усходзе пачалася новая вайна? Насамрэч пра гэта казаць заўчасна.

ЗША і Вялікая Брытанія не ставяць перад сабою мэты зліквідаваць групоўку «Ансар Алах» і змяніць уладу ў Емене. Саюзнікі прэзентуюць сваю аперацыю як папярэджанне хусітам, а не акцыю адплаты. І Пэнтагон, і Байдэн выкарысталі словазлучэнне «clear message», то бок выразны сігнал або яснае паведамленне пра тое, якія страты могуць хусіты зазнаць, калі не спыняць блакавання гандлёвых шляхоў.

Брытанскі ўрад падкрэслівае, што аперацыя мае абмежаваны і кропкавы характар. «Вядома, мы сочым, каб гэта не прывяло да рэгіянальнай эскалацыі», – падкрэсліў міністр узброеных сілаў Вялікай Брытаніі Джэймз Гіпі. Прычым у Міністэрстве абароны кажуць, што першыя звесткі пра вынікі ўдару ў Емене сведчаць, што «здольнасць хусітаў пагражаць гандлёваму карабельству падарваная».

Такім чынам, Вашынгтон і Лондан даюць зразумець, што пакуль гэта была разавая акцыя, а не пачатак вялікай ваеннай кампаніі ў Емене. Пра наземную аперацыю ўвогуле гаворкі няма.

Што датычыць кропкавых удараў, то яны для Блізкага Усходу не ёсць чымсьці надзвычайным. Можна прыгадаць ракетныя ўдары ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі па Сірыі ў 2018 годзе, якія не пацягнулі за сабою вялікай вайны.

Раней ЗША ладзілі ўдары і ў Емене: напрыклад, у 2016 годзе яны разбамбілі радыёлакацыйныя станцыі хусітаў у адказ на запуск ракетаў у бок амерыканскага эсмінца.

Нядаўна завербаваныя байцы хусітаў трымаюць зброю і скандуюць лозунгі на цырымоніі ў канцы навучання ў Сане, Емен. 11 студзеня 2024 года. 
Фота: Osamah Yahya / Zuma Press / Forum

Ужо пасля пачатку вайны Ізраілю і «Хамас» амерыканцы наносілі авіяўдары па праіранскіх групоўках на тэрыторыі Іраку і Сірыі. Да эскалацыі гэта таксама не прывяло.

Рэакцыя свету: хусітаў ніхто не любіць

Не факт, што цяперашнія ўдары па хусітах выклічуць значныя палітычныя наступствы і палярызацыю на міжнароднай арэне.

Вашынгтон добра падрыхтаваў дыпламатычную глебу для аперацыі ў Емене. Перад тым, як перайсці да актыўных дзеянняў, ЗША стварылі шматнацыянальную ініцыятыву для гарантавання бяспекі марской навігацыі ў межах аперацыі «Вартаўнік росквіту». З асуджэннем дзеянняў хусітаў раней выступалі не толькі ЗША, ЕЗ і краіны NATO, але і Японія, Паўднёвая Карэя, Сінгапур, некаторыя краіны Афрыкі і Блізкага Усходу. Атакі на цывільныя караблі ў Чырвоным моры былі асуджаны напярэдадні на ўзроўні Рады Бяспекі ААН.

Гэта зусім не значыць, што аперацыя ў Емене не будзе крытыкавацца: праціўнікі ЗША абавязкова скарыстаюцца сітуацыяй у сваіх мэтах. Напрыклад, Расея абвінаваціла ЗША ў «грэбаванні міжнародным правам» і склікала тэрміновае паседжанне Рады Бяспекі ААН. Аднак паказальна, што 11 студзеня падчас галасавання ў Радзе Бяспекі наконт антыхусіцкай рэзалюцыі нават расейцы не рызыкнулі прагаласаваць супраць – занадта адыёзна выглядаюць дзеянні групоўкі «Ансар Алах».

Найбольш супярэчлівай, імаверна, будзе рэакцыя арабскіх краінаў. З аднаго боку, арабскае насельніцтва ў рэгіёне сімпатызуе антыізраільскай пазіцыі хусітаў, таму ўрады гэтых краінаў за рэдкім выключэннем не стануць адкрыта падтрымліваць аперацыю ў Емене, каб не выглядаць саюзнікамі Ізраілю. З другога боку, і хусітаў, і іх саюзніка, Іран, у арабскіх краінах не вельмі любяць.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн размаўляе з медыямі перад вылетам з міжнароднага аэрапорту «Мілўокі Мітчэл» ў штаце Ўісконсін, ЗША. 20 снежня 2023 года.
Фота: Leah Millis / Reuters / Forum

Найбольш уплывовыя краіны рэгіёну, Саудаўскую Аравію і Аб’яднаныя арабскія Эміраты, увогуле можна лічыць адкрытымі ворагамі «Ансар Алах». У 2015 годзе Саудаўская Аравія нават стварыла кааліцыю арабскіх дзяржаваў, якія прымалі ўдзел у грамадзянскай вайна Емене на баку праўрадавых сілаў.

Таму не дзіўна, што Эр-Рыяд адрэагаваў на аперацыю ЗША і Брытаніі без яўнага негатыву: проста заклікаў да стрыманасці і гарантавання бяспекі ў Чырвоным моры.

Ход за хусітамі і Іранам

Разам з тым, імавернасць далейшай эскалацыі і вялікай вайны ўсё-такі рэальна існуе.

Па-першае, удары 12 студзеня не ставяць кропку ў гэтай гісторыі. «Ансар Алах» абяцае, што брытанска-амерыканскія дзеянні на застануцца беспакаранымі і хусіты гатовыя нанесці ўдары па варожых цэлях на сушы і на моры. Блакаду Чырвонага мора, як сцвярджаецца, хусіты таксама спыняць не плануюць.

«Усе датычныя заплацяць за гэта. Мы не спынім атакі, пакуль вы не сыдзеце з рэгіёну», – заявіў чалец вайсковага кіраўніцтва хусітаў генерал-маёр Джахаф Абдулсалам. Ён паведаміў, што хусіты нібыта нанеслі ўдары ў адказ па караблях ЗША і Брытаніі ў Чырвоным моры, аднак пакуль пацверджанняў гэтаму няма, адзначае Бі-Бі-Сі.

Высокапастаўленая амерыканская крыніца «Associated Press» сказала, што ЗША «не здзівяцца, калі ўбачаць нейкі адказ» з боку хусітаў. У заяве Пэнтагону ў сваю чаргу зазначалася, што «ў выпадку неабходнасці мы распачнём наступныя дзеянні для абароны амерыканскіх сілаў». То бок саюзнікі разумеюць, што аперацыю магчыма прыйдзецца працягнуць. А чым глыбей будзе ваеннае супрацьстаянне, тым вышэй будуць рызыкі для ўсяго рэгіёну.

Дэманстранты нясуць транспаранты і сцягі падчас акцыі пратэсту ў падтрымку палестынцаў у Газе і з асуджэннем удараў ЗША і Вялікай Брытаніі па Емене ў Амане, Іярданія. 12 студзеня 2024 года.
Фота: Jehad Shelbak / Reuters / Forum

Паводле CNN, некаторыя амерыканскія чыноўнікі асцерагаюцца, што прамая атака на хусітаў у Емене будзе менавіта тым, чаго прагнула групоўка: уцягваннем ЗША ў адкрытыя баявыя дзеянні з іранскімі проксі, што прывядзе да зацягвання канфлікту на Блізкім Усходзе.

Па-другое, ключавой застаецца пазіцыя Ірану – галоўнага саюзніку хусітаў. Тэгеран фінансуе і пастаўляе зброю «Ансар Алах», шчыльна супрацоўнічае з групоўкай. Залежнасць «Ансар Алах» настолькі вялікая, што праціўнікі хусітаў часам называюць іх «марыянеткамі Ірану».

Іран прадказальна асудзіў дзеянні ЗША і Брытаніі 12 студзеня. У Тэгеране заявілі, што ўдары саюзнікаў парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць краіны і міжнароднае права, што будзе спрыяць нестабільнасці ў рэгіёне. Аднак у цэлым пакуль што рэакцыя Ірану выглядае досыць стрымана – прынамсі, пагрозамі яны не раскідваюцца.

Імавернасць маштабнага ўмяшання Ірану вайну Ізраілю і «Хамас» ад самага пачатку лічылася галоўнай рызыкай для сітуацыі на Блізкім Усходзе. Каб папярэдзіць такое развіццё падзеяў, Злучаныя Штаты адразу пасля нападу «Хамас» на Ізраіль перакінулі ў рэгіён сваю авіяносную групу.

Актыўная пазіцыя ЗША пакуль паспяхова стрымлівала Іран ад адкрытага ўваходу ў канфлікт. Тэгеран перыядычна заяўляў пра «чырвоныя лініі» і пагражаў Ізраілю, але іх удзел у канфлікце застаецца абмежаваным. Іран не пайшоў на адкрыццё паўнавартаснага другога фронту нават праз сваіх хаўруснікаў з «Хізбулы» – там усё абмяжоўваецца памежнымі абстрэламі невялікай інтэнсіўнасці.

Таму нельга выключаць, што ўдар па хусітах станецца для Ірану дадатковым стрымлівальным фактарам, бо яшчэ раз пераканае Тэгеран у рашучасці намераў ЗША і іх саюзнікаў. Аднак і дээскалацыі ад іранскага кіраўніцтва чакаць не выпадае.

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў