Улюбёная гульня Лукашэнкі


Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі знайшлі новы спосаб дапамагчы расейскім агрэсарам у вайне супраць Украіны, але такі, каб самім у вайну не ўлезці. Вайна вайной, а грошы трэба зарабляць. На вялікую сям’ю Лукашэнак цяпер працуюць гіганты беларускай прамысловасці, якія дапамагаюць Расеі з баявой тэхнікай. Сам жа Аляксандр Лукашэнка старанна робіць выгляд зацікаўленага, нават на вайсковы палігон прыехаў. Глядзіць у адно месца, а галава занятая зусім іншым. Пад каракулевай шапкай будуюцца далёкасяжныя планы. Падрабязнасці – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Аляксандр Лукашэнка ў каракулевай шапцы і кіцелі, пры поўным парадзе, з навагодняга балу – на вайсковы палігон. А што зробіш? Такі час – святы чаргуюцца з вайной.

На Абуз-Лясноўскім палігоне, што ў Берасцейскай вобласці, размешчаная частка расейскіх вайскоўцаў гэтак званай супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Афіцыйна з 6 снежня яна завяршыла сваё баявое зладжванне. Вынікі Лукашэнка асабіста ацаніў сваім гаспадарскім вокам і распавёў, як над палепшанай версіяй вайсковай аптэчкі працавала амаль уся сям’я:

«Гэта сын мой малодшы прынёс мне натаўскую аптэчку і нашую. Кажа: «Тата, гэта што такое?», – і пачаў разгортваць. Кажа: «Гэта ж жыццё людзей». Ён у мяне дзе навучаецца? У тэхналагічным? Цяпер жа ў іх як у лекараў. Ён у мяне па жыцці лекар».

Коля – лекар, ці не таму, што пайшоў у маму – былую асабістую лекарку Аляксандра Лукашэнкі Ірыну Абельскую. У выніку, дзякуючы Мікалаю асабіста, аптэчку стварылі лепшую за натаўскую – натуральна, са словаў Аляксандра Лукашэнкі. Аптэчка сапраўды някепская, кажа прадстаўніца батальёну «Волат» палка Каліноўскага Настасся (Север) Махамет, але ёй далёка да натаўскай. Пры сур’ёзных раненнях ваяру будзе складана выжыць з гэткім наборам. Жгут, які мусіць спыняць кроў, парвецца, бо ўзялі самыя горшыя – кітайскія. Тым не менш, свой унёсак у жыццё расейскіх вайскоўцаў Лукашэнкі ўнеслі, ну і прапіярыліся.

На гэтым баявыя дзеянні для Лукашэнкі пакуль скончыліся. Бо вайна вайной, але грошы самі сабой не заробяцца.

«Калі мы паглядзім на гандлёвы баланс Беларусі за 2022 год, ён ужо практычна апублікаваны: за 11 месяцаў ёсць, за 12-ты яшчэ няма, але там паказаная цікавая тэндэнцыя, якой раней не было. Упершыню гандлёвае сальда з Расейскай Федэрацыяй у Беларусі станоўчае. Гэта акурат магчыма коштам таго, што беларускія кампаніі занялі тыя нішы, якія раней займалі заходнія фірмы», – каментуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Раней Лукашэнка атрымаў ад Пуціна 1,5 мільярда долараў крэдыту на гэтак званае імпартазамяшчэнне. Насамрэч – на рамонт і выраб вайсковай тэхнікі і зброі на беларускіх прадпрыемствах. Пасля амаль двух гадоў застою праз санкцыі для эканомікі, а асабліва для самога Лукашэнкі гэта шанец зарабіць.

Вайна яшчэ больш зблізіла Лукашэнку з Пуціным і зрабіла кіраўніка Расеі ў пэўным сэнсе залежным ад беларускага дыктатара, што стала яму своеасаблівай узнагародай. Лукашэнка колькі заўгодна можа рассыпацца ў кампліментах, клясціся ў вернасці Расеі, але рабіць пры гэтым тое, што выгадна яму. Пакуль абставіны дазваляюць. Ён аддаў беларускія землі расейскім вайскоўцам, дазволіў адтуль абстрэльваць Украіну, дазволіў нават забіраць беларускіх наймітаў, але сваё нешматлікае войска – адзін з апошніх козыраў – пакуль не аддаў.

На думку супрацоўніка Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгора Ніжнікава, Лукашэнка здолеў удала скарыстацца ў публічным дыскурсе, менавіта ў беларускім грамадстве, тэмай вайны.

«Тое, што, дарэчы, больш радыкалізавала і можа неяк нават адштурхнула Ціханоўскую ад беларусаў унутры краіны, нават ад тых, хто яе падтрымліваў дагэтуль за межамі, то Лукашэнка – наадварот. Ён толькі пашырыў сваю базу праз менавіта свае наратывы таго, што «я не дазваляю беларусам уступіць у вайну», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Пакуль для Лукашэнкі гэта адкладзенае пытанне. Ёсць больш важныя задачы – скарыстацца гэтым падтрыманнем, калі яно насамрэч ёсць. Тут паўстаюць даўнішнія амбіцыі – заняць крамлёўскае крэсла.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец мяркуе, што Лукашэнка дагэтуль бачыць сябе ў ролі міратворцы:

«Ён цалкам можа сабе ў галаве трымаць, што зараз Пуцін кудысьці зваліцца, а ён тут на кане белы і пухнаты, які можа стаць такім міратворцам, як ён кажа «злучальнікам славянскіх земляў», і ўсё гэта неяк разам сабраць, ды яшчэ на трон уехаць».

Натуральна, для гэтага патрэбная паспяховая палітычная кампанія, якую, напэўна, будзе нескладана правесці сярод насельніцтва Расеі, дзе яго заўсёды лічылі «крэпкім хазяйственнікам». Нагадаць расейцам пра свой вобраз дапаможа агульна медыйная прастора. Пра гэта Лукашэнка завёў гаворку з дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым. Лукашэнка патрабуе стварыць агульны медыяхолдынг у межах гэтак званай саюзнай дзяржавы.

Пакуль афіцыйна армія Лукашэнкі не ўступіла ў вайну, ён мае час на тое, каб дасягнуць уласных мэтаў.

«Ён здае Пуціну вялікія часткі суверэнітэту краіны, каб намінальна заставацца кіраўніком краіны на паперы, каб ён меў права вырашаць унутры краіны, – упэўнены Рыгор Ніжнікаў. – Нават калі вонкавая палітыка, нават калі абарончая палітыка краіны ўжо знаходзяцца пад, дэ-факта, кіраўніцтвам Масквы. Для яго трагедыя, як усё склалася. Але гэта яма, якую ён сам капаў, і гэта, вядома, адбываецца цяпер. Бо каб атрымаць нейкія short-turn-бенефіты, ён здае стратэгічныя інтарэсы», – мяркуе адмыслоўца.

А пакуль, кажуць у мінабароны Лукашэнкі, дадзеныя 95-ці адсоткаў ваеннаабавязаных беларусаў спраўджаныя, авіяцыйныя сілы Расеі і Беларусі пачнуць вучэнні 16-га студзеня, а зенітна-ракетныя комплексы ўжо абараняюць межы краіны ад умоўных ворагаў.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў