Лукашэнка адмаўляе здачу суверэнітэту Беларусі праз інтэграцыю з Расеяй


«Размовы аб тым, што Расея або Беларусь адмаўляюцца ад свайго суверэнітэту, не ішло і на сённяшні дзень не ідзе ды ісці не можа», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Менску, прысвечанай абмеркаванню выканання інтэграцыйных праграмаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы, перадае БелТА.

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечаная інтэграцыі з Расеяй. 12 студзеня 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Аляксандр Лукашэнка сабраў чыноўнікаў, каб абмеркаваць выкананне праграмаў інтэграцыі з Расеяй. 9 студзеня гэтае пытанне закраналася на ягонай сустрэчы з дзяржсакратаром гэтак званай Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.

На сённяшняй нарадзе Лукашэнка заявіў, што інтэграцыя з Расеяй дазволіць «істотна рушыць наперад на шляху забеспячэння роўных правоў грамадзянаў і суб’ектаў гаспадарання дзвюх краінаў».

«Гэта аснова, на якой мы будуем адносіны з брацкай Расеяй: роўныя ўмовы для людзей і прадпрыемстваў. Менавіта таму мы пайшлі на комплексныя рашэнні многіх пытанняў супрацы з Расейскай Федэрацыяй», – запэўніў палітык.

Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь ад такой інтэграцыі суверэнітэт не губляе.

«Размовы аб тым, што Расея або Беларусь адмаўляюцца ад свайго суверэнітэту, не ішло і на сённяшні дзень не ідзе ды ісці не можа. Проста няма неабходнасці. Мы яшчэ ў тым фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расеяй, не выпрацаваліся», – сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што пры неабходнасці будзе абмяркоўвацца паглыбленне інтэграцыі і збліжэнне эканомікі дзвюх краінаў, «калі бакі ў перспектыве ўбачаць, што нечага не хапае».

Паводле Лукашэнкі, цяпер інтэграцыйныя праграмы выкананыя на 70 %, аднак «частка важных для нас ідзе з адставаннем ад узгодненых графікаў».

«Як мне дакладваюць, па шэрагу пытанняў марудна рухаюцца нашыя расейскія партнёры. Але я заўсёды кажу: не бывае нехта адзін вінаваты. Дзесьці і мы недапрацоўваем», – сказаў палітык.

Аналітыка
Вайна і інтэграцыя. Што адбывалася ў стасунках Беларусі і РФ у 2022 годзе
2022.12.19 17:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў