Палітзняволеную Таццяну Канеўскую перавялі з калоніі ў «крытую» турму


Пра перавод распавялі сыны 55-гадовай зняволенай жыхаркі Гомля, піша радыё «Рацыя». Дакладных прычынаў такога рашэння ні сваякам, ні адвакатцы ў калоніі не патлумачылі.

Для сыноў Таццяны Канеўскай перавод маці ў турму стаў «нечаканым і незразумелым».

Канеўская адбывала пакаранне за ўдзел у пратэстах – 6 гадоў пазбаўлення волі – у Гомельскай жаночай калоніі № 4.

Адміністрацыя калоніі адмовілася паведаміць адвакатцы палітзняволенай, куды менавіта перавялі ейную падабаронную. Гэта можа быць турма ў Жодзіне, Магілёве ці Горадні, дзе ёсць камеры для жанчын. Там зняволеныя не маюць магчымасці выходзіць на працу, іх трымаюць у камерах, маюць абмежаванні на лісты, спатканні і перадачы. Такія захады ўжываюць да «парушальнікаў правілаў унутранага ўтрымання» калоніяў.

Гісторыі
«Наша мама ў палоне». Пакуль палітзняволеная Таццяна Канеўская за кратамі, ад рэпрэсіяў цярпіць уся сям’я
2021.04.12 19:08

Вядома, што ў лістападзе Таццяну Канеўскую на 20 дзён змяшчалі ў штрафны ізалятар. Канеўская – адна з лідарак кампаніі «Маці 328», якая змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У 2020 годзе Таццяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах. 8 жніўня 2020 года, за дзень да асноўнага галасавання, актывістку затрымалі.

У Канеўскай чатыры сыны. Летась увесну аднаго з іх, Дзмітрыя, асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі за негатыўны каментар на адрас міліцыі ў тэлеграм-канале. У лістападзе-снежні 2021 года яшчэ адзін сын Аляксей адседзеў 30 содняў за тое, што з’явіўся ў судзе, дзе быў сведкам, у масцы з надпісам «Честные люди». Суд палічыў гэта пікетам.

Малодшы сын Таццяны – непаўналетні.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў