26-гадовы жыхар гораду Баранавічы набыў падробленае вадзіцельскае пасведчанне ў Расеі, але літаральна праз некалькі дзён супрацоўнікі ДАІ выявілі фальшыўку, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.
Супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі спынілі кіроўцу з несапраўдным пасведчаннем на вуліцы Бядулі. Малады чалавек прад’явіў дакументы старога ўзору. Супрацоўнікі ДАІ адразу ж западозрылі нядобрае, паколькі фармат пасведчання, што паказаў кіроўца, спынілі выдаваць яшчэ ў 2010 годзе, калі маладому чалавеку было ўсяго 17 гадоў.
Таму пасведчанне перадалі на экспертызу, якая выявіла, што бланк пасведчання і талон да яго зʼяўляюцца падробкай.
Пазней высветлілася, што 26-гадовы жыхар гораду Баранавічы наагул быў пазбаўлены права на кіраванне транспартным сродкам. Праваахоўнікам жа хлопец прызнаўся, што набыў фіктыўныя дакументы ў Расеі.
За падробку пасведчання або іншага афіцыйнага дакументу маладому чалавеку можа пагражаць пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац, або штрафу, або папраўчых прац на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў.
Мала таго, у дачыненні да жыхара Баранавічаў складзены пратакол за кіраванне транспартным сродкам без права кіроўцы. Пакаранне за парушэнне адміністрацыйнага артыкулу 18.19 («Кіраванне транспартным сродкам асобай, без права кіравання») прадугледжвае штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічыняў (ад 127, 5 да 510 рублёў).
СК belsat.eu