У Баранавіцкай гарадской лякарні № 1 пасля рамонту запрацаваў апарат МРТ. Ён перастаў працаваць яшчэ ў пачатку траўня, піша «Наш край».
«Цяпер ён адноўлены і, паводле інфармацыі намесніка галоўнага лекара па тэхніцы цэнтральнай паліклінікі Васіля Гаркавага, медыкі пачалі прымаць пацыентаў для абследавання на МРТ», – адзначае выданне.
Гэта не першы такі выпадак у Беларусі. Напрыклад, у пачатку года пасля пяцімесячнага прастою пачалі чыніць апарат МРТ у лякарні Маладзечна. Тады прадстаўнік «Медтэхнацэнтру» распавёў, што ў Беларусі праблема з камплектавальнымі для такіх апаратаў кампаніі «Siemens».
У снежні ў Ляхавіцкім раёне запрацаваў камп’ютарны тамограф, які зламаўся ў верасні. У Ляхавіцкай ЦРБ таксама скардзяцца на праблемы з дэталямі праз санкцыі.
Аднак пытанне не толькі ў санкцыях. Напрыклад, яшчэ ў 2017 годзе ў Бабруйску скардзіліся, што рэгулярна знядзейваецца адзіны ў горадзе апарат МРТ.
Арсен Рудэнка belsat.eu