У раёне Лошыца-5 плануюць пабудаваць тры кварталы з сярэднепавярховымі дамамі. Аб праекце забудовы тэрыторыі, якая прымыкае да Лошыцкага парку, паведамілі архітэктары «Менскпраекту».
Дамы будуць рознай вышыні. Уздоўж вуліцы Чыжэўскіх яны складуць 3–5 паверхаў. А ўздоўж запланаванага 3-га транспартавага кальца – 7- і 8-павярховыя дамы з падземнымі аўтастаянкамі. У паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частках Лошыцы будзе некалькі дамоў да 14 паверхаў.
Архітэктары абяцаюць, што забудова будзе ўлічваць ахоўныя зоны гістарычна-культурнай спадчыны і экалагічныя патрабаванні.
Асаблівасцю праекту мае зрабіцца пешаходны бульвар, які злучыць жылыя комплексы са Свіслаччу. Таксама ў мікрараёне размесцяцца два дзіцячыя садкі на 230 дзяцей і школа на 1056 вучняў.
Праект прайшоў экспертызу, але пакуль на месцы забудовы прыватныя дамы. Іх уладальнікам прапануюць кватэры ў новабудоўлях Лошыцы-7.
Паводле «Минск-Новости», у Лошыцы-5 плануюць пабудаваць каля 210 тысячаў квадратных метраў жытла. Гэта прыблізна 3130 кватэраў.
Арсен Рудэнка belsat.eu