Афіцыйныя медыі не распавялі беларусам пра беларускага лаўрэата Нобэлеўскай прэміі


Пра афіцыйную цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру, адным з лаўрэатаў якой стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, афіцыйныя дзяржаўныя медыі не паведамілі зусім. Выданне «Зеркало» прыходзіць да высновы, што дзяржвыданням паставілі табу на асвятленне гэтай тэмы.

Алесь Бяляцкі. Калаж з фота: spring96.org

Пра беларуса Алеся Бяляцкага, які атрымаў сёлета Нобэлеўскаю прэмію міру, дзяржаўныя медыі нашай краіны не напісалі ў момант абвяшчэння пераможцаў, а таксама праігнаравалі інфармацыю пра ўручэнне прэміі. 10 снежня ў Нарвегіі адбылася цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру, лаўрэатамі якой сталі заснавальнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расейскі фонд «Мемарыял».

Афіцыйныя СМІ не ўзгадалі пра гэта, пры тым, што ўпершыню беларус атрымаў Нобэлеўскую прэміі міру. Выглядае, што чыноўнікі забаранілі рэдакцыям інфармаваць сваіх чытачоў і гледачоў пра гэтую падзею.

Алесь Бяляцкі цяпер за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. У выніку беларусаў, якія маюць доступ толькі да незаблакаваных медыяў, пазбавілі магчымасці даведацца пра гэтую падзею.

Замест Бяляцкага прэмію паехала прыняць ягоная жонка Наталля Пінчук. Раней яна выступіла на прэс-канферэнцыі з лаўрэатамі. Бяляцкі застаецца ў няволі ўжо паўтара года, але ён ведае, што зрабіўся набэліятам.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў