Зяленскі прыехаў у Брусель, ЗША анансавалі новы пакет дапамогі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 11 кастрычніка прыбыў з неанансаваным візітам у Брусель, дзе праходзіць сустрэча кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны – тое, што называюць фарматам «Рамштайн».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на сустрэчы ў фармаце «Рамштайн». Брусель, Бельгія. 11 кастрычніка 2023 года. Кадр з відэа: NATO News / Youtube

Уладзімір Зяленскі ўпершыню ўзяў удзел у фармаце «Рамштайн» не онлайн, а пры фізічнай прысутнасці. Як перадае «Європейська правда», Зяленскі расказаў, што прыярытэтамі сустрэчы ёсць сістэмы супрацьпаветранай абароны, далёкабойныя ракеты, а таксама агулам абарона Украіны – асобная тэма ад контрнаступу. Апроч таго, гаворка будзе ісці пра артылерыю.

«Супрацьпаветраная абарона – істотная частка адказу на пытанне, калі скончыцца гэтая вайна і ці скончыцца яна справядліва для Украіны», – казаў Зяленскі.

Паводле яго, Расея намагаецца паўтарыць леташнюю тактыку знішчэння крытычнай інфраструктуры Украіны, але «з выразнымі высновамі і з большымі тэрарыстычнымі намаганнямі». Таму патрэбныя «штуршок і крок наперад» у даванні Украіне сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Дзеянні Уладзіміра Пуціна ў вайне ва Украіне Зяленскі параўнаў з дзеяннямі тэрарыстаў «Хамасу» супраць Ізраілю.

Злучаныя Штаты на паседжанні ў Бруселі анансавалі новы пакет дапамогі Украіне на 200 млн долараў. У яго маюць увайсці боепрыпасы для сістэмаў супрацьпаветранай абароны, артылерыйскія і ракетныя снарады, высокадакладныя авіяцыйныя боепрыпасы, супрацьтанкавая зброя, абсталяванне для супрацьдзеяння дронам. Агулам ЗША ўзялі на сябе абавязак перадаць або ўжо перадалі дапамогі на 43,9 млрд долараў з пачатку поўнамаштабнай вайны.

Міністр абароны ЗША Лойд Остын тлумачыў, што ёсць пяць асноўных прычынаў падтрымліваць абарону Украіны. Напад на Украіну пагражае бяспецы ўсёй Еўропы, «усе разумеюць стаўкі». Расейская агрэсія відавочна кідае выклік саюзнікам у NATO. Расейскія зверствы супраць мірнага насельніцтва закранаюць супольныя каштоўнасці і пагражаюць вяршэнству права. Расейскія атакі на ўкраінскае збожжа наўмысна ствараюць пагрозу голаду і пакутаў людзей па ўсім свеце. Калі буйныя дзяржавы змогуць беспакарана нападаць на мірных суседзяў, гэта зруйнуе сусветны парадак, што грунтуецца на правілах.

Офіс Зяленскага піша, што Остын запэўніў Украіну ў працягу сталай і бесперабойнай перадачы ўсяго неабходнага для Украіны.

Аналітыка
Ці стаміўся Захад ад падтрымання Украіны? Тлумачым, якія настроі пануюць у ЗША і Еўропе
2023.10.10 11:43

На паседжанні сярод іншага абмяркоўвалі і пашкоджанне газавай інфраструктуры ў Балтыйскім моры. 8 кастрычніка кампанія «Gasgrid Finland» западозрыла выцек газу і перакрыла газаправод, які злучае Фінляндыю і Эстонію; быў пашкоджаны таксама кабель перадачы звестак у Фінскай затоцы. У гэтым Фінляндыя і Эстонія падазраюць вонкавы ўплыў, дапускаюць нават, што была ўжытая выбухоўка. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што калі пацвердзіцца наўмысная атака, то гэта «сустрэне аб’яднаны і рашучы адказ NATO».

З лідарам NATO Зяленскі абмяркоўваў у тым ліку важнасць супрацы Украіны з замежнымі вытворцамі зброі дзеля ўкаранення стандартаў NATO ва ўкраінскае войска і абарончую прамысловасць.

Да таго Зяленскі наведваў Румынію і сустракаўся з кіраўніцтвам краіны, а ў Бельгіі плануе сустрэцца таксама з бельгійскім прэм’ерам. Бельгія ў дзень візіту Зяленскага анансавала, што будзе з 2025 года перадаваць Украіне самалёты-знішчальнікі F-16.

Ва ўкраінскіх медыях звяртаюць увагу таксама на адну з заяваў Зяленскага ў інтэрв’ю румынскаму Digi24.ro: ён сказаў, што калі вайна будзе працягвацца, ён будзе балатавацца на другі прэзідэнцкі тэрмін (хоць падчас ваеннага стану праводзіць выбары ва Украіне забаронена), але калі б вайна скончылася, то ўжо б не балатаваўся.

Hавiны
Расея пайшла ў новыя наступы на ўсходзе і поўдні Украіны
2023.10.11 11:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў