КДБ заявіў аб выкрыцці «трох баявых ячэек СБУ» ў Беларусі


Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі 11 верасня заявіў дзяржаўнаму інфармагенцтву «БелТА», што выявіў і затрымаў на тэрыторыі Беларусі тры «баявыя ячэйкі», што працавалі на Службу бяспекі Украіны і «рыхтавалі тэракты» на чыгунцы ў Стаўбцоўскім і Талачынскім раёнах.

Пісталет, нібыта знойдзены ў дыверсантаў з СБУ, затрыманых у Беларусі.
Фота: КДБ / Belta.by

Як сцвярджае КДБ, адзін з фігурантаў, які рыхтаваў падрыў чыгункі ў Стаўбцоўскім раёне, сам выйшаў на сувязь з СБУ, прыцягнуў свайго былога калегу. А спробай падрыву ў Талачынскім раёне, заяўляе КДБ, кіраваў ужо грамадзянін Украіны, які прыцягнуў двух беларусаў з навыкамі ў мінна-падрыўной справе. Усіх затрыманых змясцілі ў СІЗА КДБ.

Паводле словаў прадстаўніка КДБ, грамадзянін Украіны незаконна перайшоў украінска-беларускую мяжу, пакінуў «цэлы арсенал з аўтаматамі Калашнікава, дронамі і выбухоўкай». Праўда, на здымках, якія сілавікі далі дзяржаўным медыям, бачныя толькі нейкія скруткі, нож, ліхтарык, гадзіннік і рацыя, а таксама пісталет з глушыльнікам, падобны да «Sig Sauer P320».

На тэлеканале «Беларусь-1» анансавалі на вечар аповед аб падрабязнасцях справы, які анансавалі як «Кантракт з д’яблам». На дзяржаўным канале АНТ анансавалі фільм «Бесы тэрору». З анонсаў зразумела хіба тое, што затрыманыя тры ці чатыры мужчыны сярэдніх гадоў, а хтосьці, задыхаючыся, кажа, што закладаў выбуховую прыладу на чыгунцы. Паводле БТ, планаваліся нібыта выбухі з максімальнай колькасцю ахвяраў.

Чалавек, якога дзяржаўныя медыі Беларусі называюць агентам СБУ Вячаславам Бародзіем. Скрыншот: Людмила Гладкая / Sb.by

На відэа адзін чалавек з несхаваным тварам разбірае пісталет. У дзяржаўных медыях сцвярджалася, што гэта агент вайсковай выведкі Украіны і СБУ Вячаслаў Бародзій, затрыманы 1 верасня ў Ельскім раёне каля вёскі Скароднае. Дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня» заяўляе, што ён меў пазыўны Мангуст і праходзіў навучанне ў горадзе Белая Царква, а ў апошнія гады працаваў егерам у памежжы. У інтэрнэце не ўдалося знайсці згадак аб украінцы з такімі імем і прозвішчам, але мужчына на відэа размаўляе з выразным украінскім акцэнтам.

Што ў гэтым дзіўнага

Беларускія «рэйкавыя партызаны» актыўна дзейнічалі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі з Беларусі на Кіеў ішлі расейскія войскі. Але «рэйкавыя партызаны» тады не падрывалі ўласна рэйкі, а псавалі тэхніку без чалавечых ахвяраў.

Аб затрыманнях у Стаўбцоўскім, Талачынскім ці Ельскім раёнах у апошнія дні ў недзяржаўных крыніцах не паведамлялі. Нядаўна ў Расеі блізу мяжы з Беларуссю невядомыя падарвалі цягнік з нафтапрадуктамі, але і тады акцыя відавочна не была нацэленая на максімальную колькасць чалавечых ахвяраў.

Украінскія медыі прыпісваюць СБУ разнастайныя дыверсіі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны, ды ва ўсіх гэтых акцыях агульная рыса – нацэленасць не на максімальныя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, а на шкоду войскам або акупацыйным уладам.

У Беларусі не былі пацверджаныя амаль ніякія акцыі СБУ – хіба прадстаўнік BYPOL і Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў сцвярджаў, што СБУ аказвала спрыянне ў арганізацыі атакі дронамі на расейскі «лятучы радар» A50 у Мачулішчах. БТ яшчэ да прызнання Азарава вінаваціў СБУ ў акцыі, ды матэрыял атрымаўся з шэрагам нестыковак.

З апублікаваных дзяржаўнымі медыямі матэрыялаў незразумела, чаму «тэракты» рыхтавалі ў цэнтральнай і паўночнай Беларусі, калі падарваць цягнікі маглі і бліжэй да Украіны, і чаму выбухоўку тром «ячэйкам тэрарыстаў» нёс адзін чалавек. Таксама незразумела, навошта былі патрэбныя (і ці былі наогул) аўтаматы Калашнікава і чаму затрыманы з пісталетам не скарыстаўся зброяй або не пацярпеў у перастрэлцы.

Што думае былы супрацоўнік СБУ

Былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак кажа ў каментары «Белсату», што нешта з гэтай гісторыі можа і быць праўдай, але не факт, што затрыманыя рыхтавалі менавіта тэракт: маглі, напрыклад, весці выведную дзейнасць. Ды ён заўважае, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі паказаў сябе як «страшэннага тэатрала», неаднаразова разыгрываў «пастаноўкі і пышныя трагедыі».

Ён нагадвае, як у Расеі рэгулярна паказваюць кучы зброі ці бронекамізэлек і рапартуюць аб знішчэнні ўкраінскай дыверсійна-выведнай групы, але такія пастаноўкі крытыкуюць нават праваенныя блогеры-«ваенкоры». А таксама згадвае, як на БТ ужо дэманізавалі ўкраінцаў і праслаўлялі КДБ – распавядалі, як сілавікі «гераічна ратавалі» дальнабойнікаў, якія сталі «закладнікамі нацыяналістаў» падчас таго, як на вуліцах вольна дзейнічалі «марадзёры, рабаўнікі і нацысты».

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў