Сайт «Пракаповіч» узнік у 2011 годзе, калі на фоне абвальнай дэвальвацыі валюта знікла ў абменніках. Цяпер асобы, якія жадаюць абмяняць грошы, камунікуюць у аднайменным чаце ў Telegram. «Белсат» спытаў у адміністратара суполкі, хто дагэтуль мяняе валюту з рук, калі праблемаў з ёю ў банках няма.
Сайт «Пракаповіч», названы ў гонар колішняга кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, які абяцаў, што «аніякай дэвальвацыі не будзе», стаўся ў 2011 годзе сапраўдным выратаваннем для тых, каму валюта была пазарэз патрэбная. Калі рубель абваліўся, замежныя грошы вымелі з абменнікаў, і банкі прадавалі толькі тое, што здавалі самі грамадзяне.
Беларусы, якія хацелі купіць або здаць валюту, пакідалі на сайце абвесткі, дамаўляліся разам ісці ў абменнік, прадавец аддаваў грошы, а ягоны «бізнес-партнёр» адразу ж выкупляў іх назад. І потым пакупнік кампенсаваў розніцу паміж афіцыйным курсам і тым, на які ўгаворваліся. Усе былі задаволеныя: прадаўцы здавалі паводле выгаднейшага курсу, а пакупнікі не траплялі на падробкі. Да таго ж такі абмен фармальна не лічыўся незаконным.
Цяпер сітуацыя іншая: валюты ў банкаў нават болей, чымся ім патрэбна. Аднак праект «Пракаповіч», які перавандраваў у Telegram, дагэтуль застаецца папулярным: у чаце 8 тысячаў удзельнікаў.
Адміністратар суполкі ў размове з «Белсатам» прызнаў, што бальшыня там – валютчыкі, а не звычайныя грамадзяне:
«90% валютчыкаў. Прыходзяць за ананімнасцю і аб’ёмамі, зарабляюць на курсавой розніцы і аб’ёмах. Яшчэ тыдзень таму маржа ў банкаў была 10–11%, цяпер – 1–2%. Меркаваў, што людзі сыдуць, але – не, хаця і стала меней, 150–300 абвестак на содні».
Наш суразмоўца не выключае, што папулярнасць сэрвісу яшчэ ўзрасце.
«Калі зробяць больш жорсткім валютнае заканадаўства або зменшаць ліміты продажу ў банках, ліміты на зняцце гатоўкі ў банкаматах. Валютную паніку таксама выключаць нельга», – мяркуе кіраўнік суполкі.
Сяргей Крот belsat.eu