У Менску на месцы «Дрымлэнду» будзе парк Народнага адзінства


На месцы парку «Дрымлэнд», які нядаўна закрыўся, на беразе Свіслачы з’явіцца парк Народнага адзінства. У цэнтральнай частцы створаць экспазіцыю «Міні-Беларусь», контур якой паўторыць абрысы краіны з максімальным падабенствам рэчышчаў рэк і азёраў. Пра гэта паведамляе «Минск-Новости» са спасылкаю на Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму.

На месцы «Дрымлэнду» будзе парк Народнага адзінства з экспазіцыяй «Міні-Беларусь». Крыніца: minsknews.by

Плошча парку складзе 20 га. Частку будынкаў «Дрымлэнду», што цяпер на гэтым месцы, дэмантуюць. Цэнтральнаю часткаю парку Народнага адзінства станецца экспазіцыя «Міні-Беларусь», яе контур паўторыць мапу краіны. На месцы буйных гарадоў і славутасцяў пабудуюць іх макеты. Па мяжы экспазіцыі на вышыні ад 3 метраў у будучыні плануюць турыстычны маршрут з краявіднымі пляцоўкамі. На кожным участку экспазіцыі будуць свае расліны.

Ад цэнтральнага ўваходу да «Міні-Беларусі» будзе весці галоўная алея. Прадугледжваецца, што кіраўнікі замежных дзяржаваў падчас візітаў у беларускую сталіцу будуць высаджваць тут дрэвы. Ля кожнага будзе памятная таблічка.

Цяпер прапрацоўваюць канцэпцыю, замоўца – «Менскзялёнбуд». Пачатак уладкавання парку назначылі налета. Будаўніцтва зойме некалькі гадоў.

Сёлета ў ліпені стала вядома, што юрыдычную асобу парку «Дрымлэнд» пастанавілі зліквідаваць, паведамляў партал «Office Life». Прадстаўнікі ліквідатара растлумачылі, што рашэнне згарнуць праект прыняў сам уласнік, які страціў да яго цікавасць. Гэтым летам у парку не адкрылася нават аквазона з басейнам. Адзначаюць, што на канец ліпеня ў кампаніі няма крэдыторскай запазычанасці, толькі бягучая – каля 1 тысячы рублёў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў