Пасля 10 гадоў перапынку ў Беларусі пройдзе аўтамабільная выстава


У Беларусі пасля 10-гадовага перапынку пройдзе выстава аўтамабіляў, піша «Office Life». Заяўленыя больш за 25 брэндаў. Але ёсць нюанс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выстава «Мотаршоу» 2013 года.
Фота: Onliner.by

Апошні раз аўтавыстава «Мотаршоу» праходзіла ў 2013 годзе. І вось нарэшце Беларуская аўтамабільная асацыяцыя абвесціла, што ў менскім футбольным манежы з 4 да 8 кастрычніка збіраецца зладзіць выставу «Аўта Экспа».

Пра свой удзел, адзначаюць арганізатары, заявілі ўжо больш за 25 брэндаў, рэпрэзентаваных на беларускім рынку. Але адметнасць у тым, што сярод іх будзе шмат малазнаёмых беларусам кітайскіх брэндаў.

Паводле старшыні праўлення БАА Сяргея Варыводы, мадэльны аўташэраг на беларускім рынку адчуў «нябачаную раней трансфармацыю». Добра знаныя маркі аўтаў былі замененыя на кітайскія малазнаёмыя брэнды.

«Шараговы спажывец папросту блытаецца ў назвах марак і мадэляў. Таму галоўная мэта «Аўта Экспа» – паказаць беларусам новы твар беларускага рынку новых легкавых аўтамабіляў», – адзначыў Сяргей Варывода.

Нагадаем, што 25 лютага 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, аўтамабільныя брэнды «Audi», «General Motors», «Volkswagen», «Skoda» і «Jaguar Land Rover» заявілі, што спыняюць экспарт аўтамабіляў у Расею, з якой атрымлівала машыны і Беларусь. Брэнд «Renault» спыніў сваю працу на заводзе ў Падмаскоўі.

З лютага 2023 года аўтамабільны рынак у Беларусі паціху пачаў ажываць, але ў гадавым вымярэнні месяц да месяца ў параўнанні з лютым 2022 года, прасеў амаль на 70 %. У тройку лідараў у продажах уваходзяць «Geely», «Lada» і «Audi» (апошні брэнд у выніку не пакінуў ні беларускага, ні расейскага рынкаў).

Адметна, што 11 жніўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі наладзяць вытворчасць легкавых аўтаў «Geely» з максімальнаю доляй лакалізацыі тэхналагічных працэсаў.

«Мы дамовіліся з кітайцамі пра ліцэнзійную вытворчасць сваіх аўтамабіляў. Вызначылі, па-мойму, два брэнды. Таму ў нас будзе свой беларускі аўтамабіль. Калі мы ўжо за гэта зачапіліся, то мы дойдзем да вытворчасці ўласнага абсалютна, амаль на 100%, аўтамабіля беларускага. Якаснага аўтамабіля», – заявіў Лукашэнка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў