Курс долара мінуў мяжу 3,2 рубля, еўра даражэйшае за 3,5


Беларускі рубель на гандляваннях на валютна-фондавай біржы 11 жніўня паслабеў да долара ЗША на 0,62 %. У абменных пунктах курс долара мінуў мяжу 3,2 рубля. Курс еўра ў абменніках перакрочыў 3,5 рубля. Пры гэтым айчынная валюта ўмацавалася да расейскага рубля на 0,08 %.

Беларускія рублі і долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У жніўні беларускі рубель патаннеў да долара ЗША на 5,8 %. З пачатку года айчынная валюта патаннела да амерыканскай на 46 капеек. Яшчэ ў студзені сёлета курс долара ЗША складаў 2,73 рубля. 11 жніўня ў абменных пунктах за долар ЗША даюць больш за 3,2 рубля. Курс еўра ў студзені сёлета складаў 2,90, а цяпер гэтую валюту можна здаць у абменніках за 3,5 рубля.

На фоне падзення назіраецца ўмацаванне курсу беларускага рубля да расейскай валюты. Па выніках гандлявання ў пятніцу 11 жніўня беларускі рубель умацаваўся да расейскага на 1,94 %. І калі ў пачатку года за 100 расейскіх рублёў давалі 3,78 беларускага, то цяпер набыць 100 расейскіх рублёў можна за 3,3 рубля.

Пакуль гістарычных паказнікаў курс беларускага рубля на дасягнуў. Нагадаем: найдаражэй долар і еўра каштавалі на гандляваннях 15 сакавіка 2022 года – 3,31 і 3,66 беларускага рубля адпаведна.

Каментар
Тэхнічны «адскок» ці трэнд? Што адбываецца на валютным рынку
2023.08.08 21:44

Эканаміст Анатоль Харытончык, эксперт даследніцкага цэнтру BEROC, у размове з «Белсатам» выказвае меркаванне, што пры адсутнасці нейкіх шокавых сітуацыяў, імаверна, не зусім эканамічных, чакаць нейкай значнай дэвальвацыі беларускага рубля не варта.

«У цэлым рубель у нас умацоўваўся ў другім квартале, калі мы будзем вымяраць яго кошыкам валютаў. Гэтае ўмацаванне дазволіла нейтралізаваць недаацэненасць беларускага рубля, якое сфармавалася летась, калі рубель значна аслабеў да расейскага. Цяпер, у трэцім квартале, беларускі рубель станецца праінфляцыйным. Гэта прывядзе да змяншэння яго інфляцыйнага ўплыву, а з іншага боку, гэта таксама зніжае і канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў», – кажа эксперт.

Эканаміст таксама нагадвае, што сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі мае тэндэнцыю да пагаршэння, у другім паўгоддзі гэта будзе ціснуць на беларускі рубель у бок паступовага аслаблення. Да таго ж моцна ўплывае на курс беларускага рубля курс расейскай валюты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: skorchanov / pixabay.com

І гэта, сярод іншага, таксама будзе ўплываць на інфляцыю. Паводле Анатоля Харытончыка, цяпер у тэрмінах гадавой інфляцыі мы будзем праходзіць лакальныя мінімумы, верагодна, яны будуць у межах 2–2,5 % у трэцім квартале:

«Але інфляцыя пачне даволі хутка паскорвацца з кастрычніка. Мой базавы прагноз – 5–7 % па выніках бягучага года. Цяпер фармуецца праінфляцыйны ціск з боку значна паскоранага ў выніку мяккай грашова-крэдытнай палітыкі ўнутранага попыту і дэфіцыту на рынку працы. Хутка растуць заробкі. У цэлым вытворцы не паспяваюць падбудоўвацца пад высокі попыт без звышаптымальнага выкарыстання фактараў вытворчасці. Гэта значыць, усіх даводзіцца задзейнічаць больш і больш».

Пакуль кошты ў Беларусі стрымліваюць улады татальным кантролем, аднак калі выдаткі працягнуць расці, то нават у існай сістэме стрымлівання коштаў інфляцыя будзе паступова паскарацца, прагназуе эксперт.

Разбор
Павольнае задушванне эканомікі: наступствы новай хвалі санкцыяў супраць Беларусі
2023.08.11 14:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў