Знаны беларускі рэпетытар Яўген Лівянт мяркуе, што ўступная кампанія ва ўніверсітэты праваленая другі год запар. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Facebook.
«У ВНУ прынялі практычна ўсіх ахвочых, і яшчэ засталіся месцы! У большасці ВНУ на большасць спецыяльнасцяў конкурсу не было ці амаль не было», – піша Лівянт.
Больш за тое, практычна на любую спецыяльнасць можна было паступіць абітурыенту з 250 баламі з 400, «гэта значыць, будучы паводле савецкіх мерак троечнікам, які скончыў усяго толькі 9 класаў з 11».
Лівянт мяркуе, што «ў ВНУ прыйшло вельмі шмат студэнтаў, якія не ў стане засвоіць праграмы ВНУ нават 1-га курсу»:
«Значыць, або іх адлічаць, або яны адлічацца самі, або іх будуць да апошняга «цягнуць за вушы», каб ВНУ не засталіся без студэнтаў, а значыць, без фінансавання і выкладчыкаў. Але ўсё роўна частка спецыяльнасцяў непазбежна, чарговы раз, давядзецца закрыць або аб’яднаць з іншымі».
Пры гэтым рэпетытар дадаў, што ў Беларусі вельмі моцна скарацілася колькасць абітурыентаў, якія паступаюць у айчынныя ўніверсітэты. Гэтак, у 2016 годзе колькасць усіх абітурыентаў перавышала колькасць месцаў у ВНУ ў 1,6 разу, а сёлета – 1,14.
«На мой погляд, гэты факт азначае, што колькасць ахвочых вучыцца ў беларускіх ВНУ няўхільна зніжаецца», – заявіў Лівянт.
На думку эксперта, шмат выпускнікоў паступаюць у замежныя ўніверсітэты, і «можна са шкадаваннем чакаць несуцяшальных вынікаў уступнай кампаніі ды ў наступным навучальным годзе».
Якуб Хруст belsat.eu