Павел Латушка прапануе польскім уладам аднавіць праграму PBH


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў на канферэнцыі «Міграцыя як палітычная, сацыяльная і эканамічная праблема», што праходзіць гэтымі днямі ў польскім Сьлесіне, і зрабіў шэраг прапановаў, як спрасціць легалізацыю і вядзенне бізнесу для беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Павел Латушка.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Паводле Паўла Латушкі, дапамога для беларусаў за мяжой – адная з найважнейшых задачаў  для дэмакратычных сілаў Беларусі. Бо з прычыны бесперапынных рэпрэсіяў цягам чатырох гадоў у Польшчы апынуліся тысячы беларусаў. Многія з іх пазбаўленыя прафесіі, маёмасці, сродкаў і магчымасці выконваць патрабаванні польскага заканадаўства ў сферах легалізацыі і ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў.

«Больш за 6 тысяч прадпрыемстваў, адным з акцыянераў у якіх ёсць беларуская кампанія ці грамадзянін Беларусі, дзейнічалі ў Польшчы ў 2023 годзе. 12 тысяч грамадзянаў Беларусі займаліся аднаасобнай гаспадарчай дзейнасцю. 122 тысячы грамадзянаў Беларусі плацілі сацыяльныя ўнёскі ў Польшчы. Больш за 12 тысяч студэнтаў з Беларусі вучыліся ў Польшчы. Большасць беларусаў, якія пакінулі дом, апынуліся менавіта ў Польшчы. Яны хочуць легальна працаваць, вучыцца, плаціць падаткі, развіваць сваю справу», – кажа кіраўнік НАУ.

Падчас канферэнцыі Павел Латушка агучыў наступныя прапановы:

  • аднаўленне праграмы «Poland. Business Harbour»;
  • спрашчэнне легалізацыі дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся ці дасягнулі паўналецця ў Польшчы;
  • магчымасць падаўжэння гуманітарных ВНЖ, выдадзеных у Польшчы, а таксама выдача гуманітарных візаў не толькі асобам, якія трапілі пад рэпрэсіі, але і іхных сваякам; выдача гуманітарных візаў беларусам у трэціх краінах;
  • павелічэнне тэрміну дзеяння польскіх праезных дакументаў да трох гадоў;
  • магчымасць абароны ў трэціх краінах інтарэсаў асобаў, якія атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону;
  • спрашчэнне працэдуры падачы заявы аб рэгістрацыі шлюбу;
  • урэгуляванне праблемаў пенсійнага забеспячэння;
  • зніжэнне патрабаванняў да дакументаў, якія  мусяць падаць студэнты для паступлення і працягу вучобы;
  • міжнародная абарона для беларускіх студэнтаў на падставе звестак пра спробу прызыву ў войска або пра пагрозу прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву;
  • невыдаванне дзяржаўнымі органамі і ВНУ Польшчы дакументаў, якія тычацца беларускіх студэнтаў, на запыты рэжыму (у мэтах недапушчэння далейшых рэпрэсіяў);
  • стварэнне ўмоваў для развіцця беларускага бізнесу ў Польшчы;
  • выключэнне дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы пры ўсіх формах узаемадзеяння з прыватнымі арганізацыямі і дзяржавай, напрыклад, пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў;
  • скарачэнне тэрмінаў адміністрацыйных працэдураў, звязаных з легалізацыяй, у першую чаргу ў Ніжнесілезскім ваяводстве і Вроцлаве (для ўладкавання гэтай справы Павел Латушка скіраваў зварот намесніку міністра ўнутраных справаў Польшчы і кіраўніку Ніжнесілезскага ваяводства з просьбай правесці сустрэчу і шукаць развязкі для паскарэння выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія жывуць у гэтым ваяводстве).

Усе матэрыялы, неабходныя для ўладкавання ўзнятых пытанняў, будуць перададзеныя Вышэйшай школай кіраўніцкіх кадраў і НАУ ў дзяржаўныя органы Польшчы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў