ЗША збілі неапазнаны лятальны аб’ект над Аляскай


Вайскова-паветраныя сілы ЗША на загад амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна збілі невядомы лятальны апарат ля берагоў Аляскі. Пра гэта паведамілі 10 лютага падчас брыфінгу ў Белым доме, піша ВВС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мадэль знішчальніка F-22, які збіў лятальны аб’ект над Аляскай. Крыніца: e15.cz

Амерыканскія знішчальнікі збілі аб’ект памерам з невялікі аўтамабіль, што ляцеў на вышыні каля 12 тысяч метраў і ствараў пагрозу бяспецы грамадзянскіх палётаў. Ён праляцеў праз Аляску з хуткасцю 64 км/г і рухаўся над морам у бок Паўночнага полюсу, калі быў збіты. Каму ён належаў, невядома.

Абʼект упаў недалёка ад канадскай мяжы на змёрзлы вадаём, яго абломкі плануюць сабраць для вывучэння. Прызначэнне і паходжанне гэтага абʼекта пакуль незразумелыя.

«Мы называем гэта абʼектам, таму што гэта найлепшае апісанне, якое ў нас ёсць цяпер. Мы не ведаем, каму ён належыць», – пракаментавалі ў Белым доме.

Як паведамляе «ABC News», у абʼекта, падобна, не было рухавіка. Ён нібы лунаў у паветры, быў цыліндрычнай формы і меў серабрыста-шэрую афарбоўку.

Гэта адбылося праз тыдзень пасля таго, як амерыканскія вайскоўцы знішчылі кітайскі паветраны шар над тэрытарыяльнымі водамі ЗША. Але прэс-сакратар Пентагону Пэт Райдэр заявіў, што абʼект быў «не падобны ні памерам, ні формай» на кітайскі паветраны шар.

Hавiны
ЗША збілі кітайскі паветраны шар, які палічылі шпіёнскім
2023.02.05 08:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў