За вывешванне ўкраінскага і БЧБ сцягоў супраць пяці беларусаў завялі крымінальную справу


Сілавікі затрымалі пяцёх менчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Менску. Здарылася гэта летась, у сярэдзіне верасня. Але судзіць іх будуць за «экстрэмізм», паведамляюць праваабаронцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Жанчыны супраць вайны» у Варшаве. Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Па справе праходзяць Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.

Спачатку людзей затрымалі за «злоснае хуліганства», цяпер пяць чалавек абвінавачваецца ў стварэнні і ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» ды садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» канал у дадатку Zello, праз якім нібы камунікавалі менчукі пры арганізацыі акцыі.

Следства па справе скончаная. Сярод інкрымінуемых артыкулаў няма «злоснага хуліганства», на падставе якога іх затрымалі. Цяпер яны абвінавачваюцца па больш цяжкіх крымінальных артыкулах: ч.1, 3 арт. 361–1 («Стварэнне і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 2 арт. 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў