У Варшаве прайшло развітанне з беларускім ваяром-добраахвотнікам Эдуардам Лобавым


У Варшаве праходзіць развітанне з беларускім ваяром-добраахвотнікам Эдуардам Лобавым, які загінуў, змагаючыся за свабоду і незалежнасць Украіны. Як перадае карэспандэнт «Белсату», развітацца са змагаром прыйшло мноства людзей.

Пахавальная імша за беларускага дабраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў пад Вуглядарам. Варшава, Польшча. 11 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Развітанне з Эдуардам Лобавым пачалося а 13-й гадзіне мясцовага часу ў касцёле святога Аляксандра на плошчы Трох крыжоў у Варшаве. Паводле інфармацыі з месца падзеі, аддаць даніну павагі беларускаму герою прыйшло мноства людзей. На ўваходзе ў касцёл сабралася чарга.

У касцёле адбылася памінальная імша, на якую прыйшлі беларусы розных веравызнанняў, якія цяпер жывуць у Польшчы.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Пасля імшы выступіла маці Эдуарда Марына Лобава. Яна падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі пахавання. Менш чым за содні беларусы сабралі суму, патрэбную для перавозу цела ваяра і для развітання ды пахавання.

«Дарагі мой сынок! Выпаў на тваю долю такі кароткі жыццёвы шлях. Але твая мара стаць прафесійным вайскоўцам збылася. Ты марыў бараніць зямлю сваю ад ворагаў. На жаль, загінуў са зброяй у руках на полі бою, абараняючы незалежнасць Украіны. Мы ганарымся табой! Вечная табе слава, сынок!», – сказала Марына Лобава ў памяць пра сына.

Фота: Карына Пашко / Белсат
Фота: Карына Пашко / Белсат

Спадарыня Лобава таксама падзякавала амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму, які «зрабіў немажлівае мажлівым, дабіўся дазволу на пахаванне грамадзяніна Беларусі Эдуарда Лобава ў Варшаве».

«Для нашай сямʼі не засталося нічога важнейшага, як хадзіць на магілку свайго сына. На жаль, на Радзіме мы не змаглі гэта зрабіць. Акупацыйная ўлада ў Беларусі пазбавіла майго сына не толькі магчымасці жыць і працаваць у Беларусі, але нават і быць пахаваным ля продкаў», – заявіла Марына Лобава.

Фота: Карына Пашко / Белсат
Фота: Карына Пашко / Белсат
Фота: Карына Пашко / Белсат

Маці загінулага ваяра таксама падзякавала ўкраінцам і Украіне, «якая дала яму магчымасць там жыць і працаваць. Ён быў там шчаслівы, меў шмат сяброў, меў працу».

«Хачу пажадаць Украіне як мага хутчэй перамагчы ў гэтай вайне, дабіцца незалежнасці, бо мой сын заўжды марыў бачыць Беларусь і Украіну свабоднымі і незалежнымі. І за гэтае аддаў самае каштоўнае, што меў, сваё жыццё!» – сказала маці загінула беларускага ваяра.

Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч падзякаваў Марыне Лобавай за годнага сына, які аддаў жыццё за Украіну.

«Вы выхавалі сапраўднага беларуса. Ён быў патрыётам Беларусі, быў чалавекам волі і свабоды. І ніколі не быў рабом. У нас ва Украіне кажуць, што рабоў у рай не пускаюць. А ён, нават седзячы ў вязніцы, быў чалавекам вольным. Ён захоўваў волю і свабоду ў сваім сэрцы і абараняў гэтую найвялікшую каштоўнасць цаною ўласнага жыцця. Я хачу падзякаваць, што выхавалі яго ў вялікай любові да сваёй Бацькаўшчыны і да свайго бліжняга. Бо, як казаў Госпад, няма большае любові, як аддаць жыццё за бліжняга свайго. Ваш сын – герой, а героі не паміраюць!», – адзначыў Васіль Зварыч.

Паводле словаў украінскага дыпламата, такія людзі, як Эдуард і ягоныя пабрацімы, беларускія ваяры-добраахвотнікі, змагаюцца і гінуць не дарэмна, бо набліжаюць дзень, калі Беларусь і Украіна будуць вольнымі, набліжаюць перамогу над ворагам, якой «так чакае ўвесь цывілізаваны свет».

Фота: Карына Пашко / Белсат

Эдуард Лобаў загінуў у баях пад украінскім Вуглядарам. Ён – вядомы актывіст «Маладога Фронту», быў затрыманы пасля выбараў 2010 года, прызнаны палітвязнем. Эдуард адмаўляўся пісаць прашэнне на памілаванне і цалкам адбыў 4-гадовы тэрмін у адной з найгоршых турмаў Беларусі – івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы». З 2015 года абараняў Украіну. Загінуў 26 студзеня ва ўзросце 34 гадоў ад смяротнага ранення, якое атрымаў, прыкрываючы сабой камандзіра.

«Эдуард – шчыры вернік, каталік і мужны чалавек сам па сабе. Адзін з тых людзей, хто ёсць прыкладам для новага пакалення беларусаў», – так некалі пісаў пра яго старшыня БХД, а цяпер палітвязень Павел Севярынец.

Таксама вядома, што ў вязніцы Эдуард запрашаў да сябе каталіцкага святара, каб выспаведацца ў сваіх грахах і паяднацца з Хрыстом.

Інтэрв’ю
Маці забітага ваяра Эдуарда Лобава: «Рыхтаваліся да пахавання, але ўсё роўна была надзея»
2023.02.04 18:19

Раней паведамлялася, што 4 лютага ў галоўнай Катэдры ў Кіеве на вуліцы Касцельная з Эдуардам Лобавым развіталіся ўкраінцы і беларусы, якія цяпер жывуць ва Украіне. Пасля развітання ў Кіеве цела загінулага перавезлі для пахавання ў Варшаву.

Фота: Карына Пашко / Белсат.

Антон Тачняк, Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў