«Спі спакойна…» Беларусы Варшавы развіталіся з ваяром Эдуардам Лобавым, які загінуў пад Вуглядарам


11 лютага ў Варшаве развіталіся з беларускім ваяром-добраахвотнікам Эдуардам Лобавым, які загінуў 26 студзеня пад Вуглядарам ва Украіне. Пахавальная імша за загінулага беларуса адбылася ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. Праводзіць героя ў апошні шлях прыйшлі сотні беларусаў. Пахаванне Эдуарда Лобава адбудзецца на наступным тыдні.

Маці Эдуарда Марына Лобава, яе муж Юры і сын Уладзіслаў.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Жалобную імшу ў перапоўненым касцёле адправіў душпастыр беларусаў-каталікоў у Варшаве ксёндз Вячаслаў Барок.

На развітальным набажэнстве прысутнічалі амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч і надзвычайны пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Сярод беларусаў розных веравызнанняў, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Эдуарду Лобаву, былі таксама беларускія палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Зянон Пазняк, намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук, галоўная рэдактарка «Хартыі 97» Наталля Радзіна ды іншыя.

Пахавальная Святая Імша за беларускага дабраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў пад Вуглядарам.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Святар Вячаслаў Барок: Трэба быць воінамі святла!

Падчас казання ксёндз Вячаслаў Барок гаварыў пра тое, што Эдуард Лобаў 8 гадоў стаяў на той мяжы, дзе лёгка было згубіць чалавечнасць, але ён яе не згубіў. Пра тое, што ў свеце шматкаляровых адценняў ёсць два дакладныя колеры – чорнае і белае, і Эдуард Лобаў супрацьстаяў чорнаму, супрацьстаяў злу. Бо ўсведамляў, што ніякія кампрамісы са злом не прывядуць да перамогі.

«Эдуард не хацеў ваяваць. Ніхто з добрых і сумленных людзей не хоча ваяваць. Але, усведамляючы, што ніякія кампрамісы са злом не прывядуць да перамогі святла, Эдуард пайшоў ваяваць і загінуў за вызваленне тысячаў палітвязняў, за вызваленне Беларусі з-пад расейскай акупацыі, за свабоду і незалежнасць Украіны», – казаў святар Вячаслаў Барок падчас імшы.

Ён заклікаў зразумець падчас малітвы, што жыццё без свабоды не мае сэнсу, і сцвердзіў, што святло заўжды перамагае.

«Але для гэтага трэба быць воінамі святла. Хай Гасподзь дазволіць нам дачакацца сапраўднай свабоды і вольнай Беларусі», – зычыў вернікам напрыканцы казання Вячаслаў Барок.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Марына Лобава: Мы ганарымся табой! Ты герой!

Пасля імшы адбылася развітальная цырымонія, падчас якой выступіла Марына Лобава – маці загінулага героя.

«Майму сыну выпаў кароткі жыццёвы шлях. Але ягоная мара стаць вайскоўцам збылася. Збылася мара бараніць сваю зямлю сваю ад ворагаў. На жаль, ён загінуў са зброяй у руках на полі бою, абараняючы незалежнасць Украіны. Мы ганарымся табой! Ты герой. Вечная табе слава, сынок!» – сказала Марына Лобава.

Яна падзякавала ўсім беларусам, хто дапамагаў сям’і ў арганізацыі пахавання і фінансава. Асабістыя падзякі выказала паслу Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму, які зрабіў «немагчымае магчымым»: дамогся дазволу на пахаванне яе сына ў Варшаве.

«Бо для нашай сямʼі нічога не засталося найважнейшага – як мага часцей хадзіць на магілку да сына. Ва Украіне гэтага мы б не змаглі зрабіць. Улады Беларусі не толькі пазбавілі майго сына магчымасці жыць у Беларусі і працаваць, але нават – быць пахаваным побач з продкамі», – казала маці загінулага Эдуарда Лобава.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Марына Лобава падзякавала Украіне, дзе Эдуард быў шчаслівы і меў шмат сяброў.

«Хачу пажадаць Украіне як мага хутчэй перамагчы ў гэтай вайне і захаваць незалежнасць. Бо мой сын заўжды марыў бачыць Беларусь і Украіну свабоднымі і незалежнымі. За гэта аддаў самае каштоўнае, што меў, – сваё жыццё. Спі спакойна, мой сынок… Заўжды будзем памятаць цябе. Ганарыцца табой. Ты назаўжды застанешся ў нашых сэрцах, у нашых думках. Спі спакойна!.». – развіталася маці Эдуарда Лобава з сынам.

Зянон Пазняк.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Зянон Пазняк: У вольнай Беларусі героі не будуць забытыя

З развітальнымі словамі выступілі таксама пасол Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч і пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук казаў пра спакой і шчырасць Эдуарда Лобава, якога добра ведаў. Казаў пра тое, якую важную баявую працу ён выканаў пад Вуглядарам, «дзе зараз стаяць дзясяткі адзінак спаленай тэхнікі рашыстаў».

«Прыйдзе час калі гісторыя асудзіць гэты «рускі свет» і гэты рашызм і паставіць побач з ідэалогіяй фашызму і камунізму. Эдуард аддаў сваё жыццё, каб гэта адбылося хутчэй. Ён заўсёды застанецца ў нашай памяці. Вялікі дзякуй бацькам за такога сына!», – сказаў Вадзім Кабанчук.

«Эдуард загінуў смерцю героя. Прыйдзе час і ў Беларусі вуліцы будуць называць яго імем. У Вольнай Беларусі, пра якую ён так марыў і за якую аддаў сваё жыццё», – зазначыў падчас цырымоніі блізкі сябар Эдуарда Лобава Андрусь Цянюта.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк назваў Эдуарда Лобава чалавекам, які бачыў праўду і змагаўся за яе, сцвярджаў яе са зброяй у руках, ваюючы супраць «злачынцаў і бандытаў, якія прыкрываюць свае злачынствы хлуснёй».

«Мордар будзе разбіты. І тое, што нашыя беларусы паклалі свае жыцці, то яны паклалі іх за добрую справу. За волю! Іх ніхто не забудзе. Яны ў вольнай Беларусі будуць героямі, атрымаюць усё, што не атрымалі пры жыцці. Іхныя семʼі не будуць забытыя, іхныя дзеці і маткі таксама. Ім вольная Беларусь дапаможа ва ўсім. Адзінае, што не зможа зрабіць, – уваскрэсіць гэтых людзей. Але яны будуць жыць вечна ў памяці ўсіх беларусаў. Калі будзе воля. А яна – будзе!» – сцвердзіў у прамове Зянон Пазняк.

Пасля развітальнай цырымоніі ў выкананні «Вольнага хору» прагучалі беларускія нацыянальныя гімны «Магутны Божа» і «Пагоня». Труну з целам беларускага ваяра і героя Эдуарда Лобава ўрачыста вынеслі са святыні.

Пахавальная Святая Імша за беларускага дабраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў пад Вуглядарам.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Эдуарда Лобава пахаваюць на могілках у варшаўскіх Павонзках

Пахаванне Эдуарда Лобава адбудзецца на наступным тыдні. Яго пахаваюць на славутых вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве. Пра дату і час пахавання будзе абвешчана дадаткова.

  • Эдуарду Лобаву было 34 гады. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў школу Менску, служыў у віцебскай 103 брыгадзе паветрана-дэсантных войскаў.
  • Пасля службы Эдуард Лобаў ўступіў у «Малады фронт», быў кіраўніком менскай гарадской арганізацыі. 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, быў затрыманы разам са старшынём МФ Змітром Дашкевічам. У сакавіку 2011 года Эдуарда Лобава прысудзілі да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч.3 арт. 339 («Асабліва злоснае хуліганства»). Ён быў прызнаны  палітычыным зняволеным.
  • Тэрмін адбываў у івацэвіцкай калоніі №11 «Воўчыя норы». У калоніі адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Выйшаў на свабоду 18 снежня 2014 года, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання.
  • Ужо пасля калоніі некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і адбываў арышт за парушэнні прэвентыўнага нагляду. Пасля завядзення супраць яго крымінальнай справы за парушэнні нагляду быў вымушаны зʼехаць ва Украіну.
  • Летам 2015 года стаў байцом тактычнай групы «Беларусь». Удзельнічаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Апошнія тры гады служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Быў гранатамётчыкам, стралком з супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Javelin».

Эдуард Лобаў быў смяротна паранены аскепкам танкавага снарада, калі страляў з «Javelin» па расейскім танку. Да гэтага паспеў знішчыць з аўтамата расейскі дэсант. Прыкрываў адыход свайго камандзіра. Гэта здарылася пад Вуглядарам. Эдуарда Лобава не стала 26 студзеня 2023 года.

Інтэрв’ю
Маці забітага ваяра Эдуарда Лобава: «Рыхтаваліся да пахавання, але ўсё роўна была надзея»
2023.02.04 18:19

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў