«У рэжыму няма матывацыі». Чаму не амністуюць палітвязняў?


Улады ў Беларусі пачалі рыхтавацца да амністыі, што адбудзецца сёлета з нагоды 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецкай акупацыі. Чакаецца, што адпусцяць тых, хто ўчыніў няцяжкія злачынствы. Палітвязняў, якіх кіраўнік МУС назваў «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі», амністыя не закране. Аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» адзначыў, што ў рэжыму няма стымулаў вызваляць тых, хто за кратамі з палітычных прычынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Паводле дзяржаўных крыніцаў, сёлетняя амністыя амаль не будзе адрознівацца ад той, што правялі ў 2022 годзе. На датэрміновае вызваленне змогуць разлічваць тыя, хто ўчыніў злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або лічацца няцяжкімі:

  • няпоўнагадовыя;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей;
  • пенсіянеры;
  • інваліды I і II групаў;
  • хворыя на туберкулёз у актыўнай форме;
  • анкахворыя;
  • ВІЧ-інфікаваныя;
  • ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў;
  • пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС;
  • асобы ільготнай катэгорыі грамадзянаў.

Некаторым вязням скароцяць тэрміны. Напрыклад, асобам, якія здзейснілі цяжкія злачынствы, – на адзін год. Акрамя таго, на волю выйдуць тыя, каму засталося сядзець за цяжкія злачынствы меней за год.

Таксама на адзін год зменшаць тэрмін прысудаў падлеткам ва ўзросце да 18 гадоў, якія адбываюць пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, а таксама асуджаным за карупцыю.

Hавiны
Лукашэнка праводзіць нараду наконт амністыі асуджаных. На каго звернуць увагу?
2024.01.11 12:42

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў адзначыў, што амністыя не пагоршыць крымінагенную сітуацыю ў краіне:

«Ужыванне акту амністыі ў 2022 годзе, якое мы прааналізавалі, не аказала істотнага негатыўнага ўплыву на стан правапарадку. З 5,5 тысячы амніставаных асобаў зноў здзейснілі злачынства каля 4%».

Адна з умоваў вызвалення – пакрыццё шкоды, нанесенай пацярпелым. Амніставаныя ў мінулы раз кампенсавалі агулам Br4,5 млн, паведаміў міністр.

Hавiны
Асуджаныя за «экстрэмізм» і «тэрарызм» не трапяць пад амністыю – МУС
2024.01.11 14:58

Паводле Кубракова, Лукашэнка збольшага падтрымаў прапановы МУС і даручыў «прапрацаваць канкрэтна кожную». Асаблівая ўвага – няпоўнагадовым, жанчынам, якія маюць дзяцей, і шматдзетным маці.

Пры гэтым палітвязні, якіх лічаць «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі», гуманізму не дачакаюцца, бо «усе разумеюць, што ўчынілі гэтыя людзі», заявіў міністр.

«На сёння праблема застаецца. На жаль, тыя беглыя, якія знаходзяцца за мяжою, намагаюцца ўплываць рознымі спосабамі на нашых грамадзянаў, асабліва на моладзь. Але сітуацыю мы кантралюем, вядзём выведку ў тым ліку ў інтэрнэце, бо ўсё гэта адбываецца дыстанцыйна», – сказаў Кубракоў.

Паводле яго, у кожнага, хто атрымаў вырак за «экстрэмізм» і «тэрарызм», была магчымасць папрасіць Лукашэнку аб памілаванні. Адпаведныя заявы «былі разгледжаныя і часткова задаволеныя». У астатніх асаблівага пакаяння не бачна, заявіў кіраўнік МУС.

«Зараз, калі шчыра, я не бачу асабліва нагодаў для рэжыму вызваляць палітвязняў», – канстатаваў у каментары «Белсату» рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка. Ён прызнаўся, што і не чакаў паслабленняў у дачыненні палітычных зняволеных, калі яшчэ летась амністыю анансавалі праваабаронцы:

«Для Лукашэнкі вызваленне палітвязняў ні да чаго асабліва не прывядзе. Гэта не зробіць яго легітымным прэзідэнтам, не скасуе санкцыі. Гэта будзе не той сігнал, які ён хацеў бы даслаць у грамадства перад выбарамі, бо такі сігнал значыў бы нейкія паслабленні, патэнцыйную актывізацыю людзей, а гэта акурат тое, чаго Лукашэнка б зараз не хацеў».

Адной з прыкметаў таго, што палітвязняў пачнуць выпускаць, сталася б спыненне рэпрэсіяў. А тут аніякага прасвету.

«Пасля таго, калі рэпрэсіі спыняцца, можна чакаць вызвалення палітвязняў. Логіка такая, што мусіць спыніцца штодзённы каток рэпрэсіяў, бо няма сэнсу выпускаць адных палітвязняў, набіраючы ў той жа момант іншых», – мяркуе эксперт.

У тых, хто цяпер кіруе Беларуссю, цяпер няма стымулаў і матывацыі адпускаць палітвязняў, кажа Мажэйка.

«Спадзявацца, што ён выпусціць людзей проста таму, што іх шкада, не выпадае. Калі ён разглядае палітвязняў як тавар, трэба разумець, што ён можа для сябе за гэта атрымаць. Трэба глядзець на сітуацыю ў Беларусі, наколькі лукашэнкаўцы ўвогуле адчуваюць сябе ў бяспецы. У 2012–2014 годзе Лукашэнка адчуваў сябе ў бяспецы, не бачыў пагрозаў існавання рэжыму, таму яму было бяспечна выпускаць палітвязняў, і тады не працягваліся рэпрэсіі», – падкрэсліў аналітык.

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Папярэднюю амністыю абвесцілі ў Беларусі ў снежні 2022 года, прымеркаваўшы яе да «Дня народнага адзінства». Тады адпаведны законапраект базаваўся на папярэдняй амністыі, што адбылася ў 2020 годзе з нагоды 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Амністыя ў 2020 годзе закранула 9 тысячаў асобаў, 2,5 тысячы былі вызваленыя. Афіцыйных звестак пра вынікі апошняй амністыі бракуе. Кіраўнік МУС анансаваў, што могуць быць вызваленыя 4,5 тысячы асобаў, а агулам яна закране 8,5 тысячы вязняў. Тады, як і цяпер, палітзняволеныя пад амністыю не трапілі.

Аналітыка
Што азначае лукашэнкаўская амністыя?
2022.10.13 20:18

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў