Асуджаныя за «экстрэмізм» і «тэрарызм» не трапяць пад амністыю – МУС


Людзі, асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» і «тэрарыстычных» артыкулаў, не трапяць пад амністыю, абвешчаную Лукашэнкам да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Часта паводле гэтых артыкулаў асуджаныя нелаяльныя ўладзе беларусы. Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў расказаў, хто ўсё ж можа разлічваць на змякчэнне пакарання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

«Намі было прапанавана: экстрэмісты і тэрарысты, якія асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, – да іх амністыю не ўжываць. Нашую прапанову падтрымалі. Бо ўсе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі. І на сённяшні дзень праблема застаецца. На жаль, тыя збеглыя, якія сёння застаюцца за мяжой, спрабуюць уплываць розным спосабам на нашых грамадзянаў, асабліва на моладзь, якая застаецца тут. Але сітуацыю мы кантралюем, вядзем выведку ў тым ліку і ў інтэрнэце, бо ўсё гэта адбываецца дыстанцыйна», – заявіў Іван Кубракоў.

Каго могуць амніставаць?

Амністыя можа прайсці паводле ўзору 2022 года. Гэта значыць, што безумоўнае вызваленне ад пакарання могуць атрымаць людзі, якія здзейснілі злачынствы, што «не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх».

У такіх выпадках пад амністыю могуць трапіць:

  • непаўналетнія;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асобы пенсійнага веку;
  • інваліды I і II групаў, хворыя на актыўныя формы туберкулёзу, хворыя на анкалагічныя хваробы і ВІЧ-інфікаваныя;
  • ветэраны баявых дзеяў на тэрыторыі іншых дзяржаваў;
  • грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, асобы з ільготамі.

Таксама прапануецца скараціць тэрмін на год людзям ва ўзросце да 18 гадоў са злачынствамі, звязанымі з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. На амністыю могуць спадзявацца асуджаныя за карупцыйныя злачынствы.

Канкрэтныя тэрміны амністыі пакуль не пазначаныя.

Такім чынам, пад амністыю не трапяць людзі накшталт палітзняволенай пенсіянеркі Галіны Дзербыш. У яе анкалагічная хвароба і праблемы з сэрцам. Усё жыццё жанчына працавала бухгалтаркаю ў калгасе, а на пенсіі займалася гаспадаркай. Яна асуджаная за нібыта акт тэрарызму на 20 гадоў пазбаўлення волі ў «справе Аўтуховіча».

Hавiны
Хворую на рак пенсіянерку гвалтоўна раздзявалі перад судом
2022.06.30 17:49

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў