За найлепшыя фільмы і серыялы ўручылі «Залаты глобус». На цырымоніі выступіў Зяленскі


10 студзеня былі абвешчаныя пераможцы адной з галоўных прэміяў свету ў сферы кіно і тэлебачання «Залаты глобус». Найбольш узнагародаў сярод фільмаў сабраў «Баншы Інішэрыну», а сярод серыялаў – «Пачатковая школа Эбат». У іх па тры статуэткі.

«Залаты глобус».
Фота: goldenglobes.com

Сярод фільмаў узнагароду атрымалі:

  • найлепшы рэжысёр – Стывэн Спілбэрг, «Фэйбэлмэны»;
  • найлепшы сцэнарый – Марцін МакДона, «Баншы Інішэрыну»;
  • найлепшы драматычны фільм – «Фэйбелмэны»;
  • найлепшы камедыйны фільм – «Баншы Інішэрыну»;
  • найлепшы анімацыйны фільм – «Пінокіё Гільерма дэль Тора»;
  • найлепшы фільм не на англійскай мове – «Аргентына, 1985», Сант’яга Мітрэ.

Найлепшым камедыйным акторам гэтага года стаў Колін Фэрэл за ролю ў «Баншы Інішэрыну», а найлепшай камедыйнай акторкай – Мішэл Ёў у фільме «Усё ўсюды і адразу».

Статуэтку як найлепшая драматычная акторка атрымала сёлета Кейт Бланчэт за ролю ў біяграфічнай драме «Тар». Найлепшым драматычным акторам стаў Остын Батлер за фільм «Элвіс».

Сярод серыялаў «Залаты глобус» атрымаў драматычны «Дом дракона», сатырычны «Белы лотас» і псеўдадакументальны «Пачатковая школа Эбат». Таксама статуэткі атрымалі:

  • найлепшая акторка міні-серыялу – Амэнда Сайфрэд, «Выбылая»;
  • найлепшы актор міні-серыялу – Эван Пітэрз, «Дамэр»;
  • найлепшы актор драматычнага серыялу – Кевін Костнэр, «Елаўстоўн»
  • найлепшая акторка драматычнага серыялу – Зэндэя, «Эйфарыя»;
  • найлепшы актор камедыйнага серыялу – Джэрэмі Элен Ўайт, «Мядзведзь»;
  • найлепшая акторка камедыйнага серыялу – Кўінта Брансан, «Пачатковая школа Эбат».

Ганаровую ўзнагароду за ўнёсак у тэлебачанне ўручылі Раяна Мэрфі, а за ўклад у кінематограф – Эдзі Мэрфі.

Зяленскі выступіў на прэміі «Залаты глобус»

Да гледачоў кінапрэміі звярнуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У пачатку свайго звароту ён нагадаў пра першы «Залаты глобус» у 1944 годзе.

«Другая сусветная вайна яшчэ не скончылася, але сітуацыя змянілася, усе ведалі, хто атрымае перамогу. Наперадзе былі яшчэ бітвы і слёзы, менавіта тады зʼявілася прэмія «Залаты глобус» для ўшаноўвання найлепшых выканаўцаў 1943 года… Цяпер 2023 год, вайна ва Украіне яшчэ не скончылася, але сітуацыя мяняецца», – сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што зразумела, хто пераможа ў гэтай вайне.

«Наперадзе яшчэ бітвы і слёзы, але зараз я сапраўды магу сказаць, хто лепшы ў мінулым годзе, гэта вы. Свабодныя людзі свабоднага свету. Тых, хто абʼяднаўся вакол падтрымкі свабоднага ўкраінскага народу ў нашай агульнай барацьбе за свабоду…» – сказаў ён.

Паводле яго, Трэцяй сусветнай вайны не будзе, а Украіна спыніць расейскую агрэсію.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў