«Пасля перамогі нас будзе некалькі тысячаў». Чым займаецца Асацыяцыя беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне


Асацыяцыю беларускіх ветэранаў стварылі месяц таму. Сёння яна спрабуе зарэгістраваць уласны фонд у Польшчы, вядзе перамовы з дарадцам прэзідэнта Украіны і Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжою (ABBA), развязвае надзённыя праблемы былых ваяроў. Падтрымлівае арганізацыю прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык. Але самі ветэраны сцвярджаюць, што іхная асацыяцыя – па-за палітыкаю.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Ніякага дачынення да якой-кольвек палітычнай сілы мы не маем і мець не будзем. Гэта абмяркоўвалася, і гэта нашае агульнае рашэнне. Сябры асацыяцыі маюць розныя палітычныя погляды. Але ваяваць ва Украіну мы ішлі не таму, што падтрымлівалі Святлану Ціханоўскую або ейных апанентаў, а зусім з іншых прычынаў. І цяпер працуем з людзьмі незалежна ад іхнага палітычнага светаўспрымання. Будзем трымацца ад палітыкі на максімальнай адлегласці. Такая нашая пазіцыя. Мы – не пра палітыку», – запэўніў у інтэрвʼю «Белсату» прадстаўнік ва Украіне Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў.

Полк Каліноўскага адмовіўся ад супрацы

Ідэя стварыць арганізацыю беларускіх байцоў, якія ваявалі за незалежнасць Украіны, але з розных прычынаў звольніліся са службы, наспявала даўно. Былыя ваяры палка Каліноўскага, беларускага батальёну «Тэрор» ды іншых падраздзяленняў вярталіся да цывільнага жыцця і сутыкаліся з праблемамі, развязаць якія самому амаль немагчыма. Посттраўматычныя стрэсавыя разлады (ПТСР) і дэпрэсіі накладаліся на праблемы, звязаныя з рэсацыялізацыяй і легалізацыяй у іншых краінах.

«Пры гэтым якой-небудзь дапамогі збоку ніхто не атрымліваў увогуле. І мы зразумелі, што калі самі не будзем дапамагаць адно аднаму, то ніхто нам не дапаможа. Іншых варыянтаў няма», – адзначае Андрэй Кушняроў.

На сёння ў складзе асацыяцыі – больш за паўсотні беларусаў, якія ваявалі за Украіну. Андрэй Кушняроў сцвярджае: па дапамогу ў арганізацыю звяртаюцца і тыя, хто працягвае ваяваць. Асацыяцыя мае тры філіялы: у Польшчы, Літве і Украіне. Найбольш беларускіх ветэранаў цяпер Польшчы, больш за 30 чалавек.

Ніякіх фармальнасцяў, каб стацца сябрам арганізацыі, не патрабуецца. Умова адна: ты ваяваў за Украіну. І няважна, у якім падраздзяленні.

Андрэй Кушняроў.
Фота: Андрей Кушнеров / Facebook

Кушняроў падкрэслівае: Асацыяцыя беларускіх ветэранаў не ёсць структурнаю часткаю палка Каліноўскага. Хоць прызнаецца, што спрабаваў наладзіць супрацу з кіраўніцтвам падраздзялення. Не ўдалося.

«Магчыма, з часам стаўленне да нас у камандавання палка будзе іншае… Мы заўжды будзем адкрытыя да супрацы і ўзаемадзеяння», – дадае Андрэй.

Рэгіструюць фонд, каб дапамагаць больш эфектыўна

Афіцыйны прадстаўнік асацыяцыі ветэранаў у Польшчы Павел Марʼеўскі ваяваў ва Украіне з пачатку сакавіка 2022-га (тады яшчэ ў батальёне Каліноўскага). Звольніўся з ЗСУ ў чэрвені таго ж года. Цяпер дапамагае іншым ветэранам, бо добра ведае іхныя праблемы. Адна з іх – адсутнасць працы.

«Літаральна сёння размаўляў з прадстаўнікамі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою (ABBA), якая рэгіструе і прасоўвае на тэрыторыі ЕЗ бізнес-праекты. Было б добра наладзіць супрацу. Каб яны, прыкладам, дзяліліся з намі вакансіямі перад тым, як пададуць іх у кадравыя агенцтвы. Адна з нашых мэтаў – рэсацыялізацыя ветэранаў», – расказаў Павел Марʼеўскі.

Гісторыі
«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага
2022.11.13 09:00

Штодзень – тэлефанаванні і сустрэчы, кажа Марʼеўскі. У канцы мінулага тыдня аднаму з былых байцоў шукалі псіхолага, бо ў хлопца – панічныя атакі. Пасля баёў не даюць спакою вобразы трупаў і крыві. Звычайны псіхолаг не дапаможа. Патрэбны крызісны прафесіянал, які мае досвед працы з суіцыднікамі ці працаваў з цяжкімі посттраўматычнымі сіндромамі ў МУС, МНС і г. д.

Псіхолага адшукалі, і ў панядзелак былы баец пайшоў на першы сеанс, але грошай яму хопіць толькі на некалькі сеансаў. Тут праблема.

«Мы пакуль не маем юрыдычнага статусу, каб пад гэтыя мэты збіраць сродкі. Будзем, відаць, ізноў з хлопцамі скідвацца, каб дапамагчы сябру», – кажа Павел.

Каб была магчымасць збіраць ахвяраванні аргнанізавана, сябры асацыяцыі пастанавілі зарэгістраваць у Польшчы фонд. У справе рэгістрацыі і пошуку офісу ветэранам дапамагае прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Асацыяцыя шчыльна працуе з юрыстамі НАУ. Цалкам магчыма, што ўжо праз тры месяцы ветэранская арганізацыя набудзе ў Польшчы афіцыйны статус фонду.

Пакуль гэтага не здарылася, паспрабуюць зладзіць мэтавы збор праз фонд «BYSOL», з якім ужо маюць папярэднія дамоўленасці.

Як атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў

Павел Марʼеўскі расказвае, што яшчэ летась прадстаўнік АПК Валерый Сахашчык дамовіўся са шпіталем МУС у Польшчы, каб той на сталай аснове вылучыў пэўную колькасць ложкаў для беларускіх ветэранаў, якія маюць патрэбу ў медычнай дапамозе і рэабілітацыі. Але на рэабілітацыю ў шпіталь так нікога і не ўладкавалі, хаця яна патрэбная шмат каму.

Праблема ў тым, што беларусам, якія вяртаюцца з вайны ва Украіне, даюць на рукі толькі паперку для памежнай службы і копію дамовы з ЗСУ (нават вайсковыя білеты не вяртаюць).

«А шпіталь запытвае верыфікацыю. І гэтых даведак для памежнай службы, якія мы атрымалі ў палку, не дастаткова для верыфікацыі нас як ветэранаў ці ўдзельнікаў баявых дзеянняў», – тлумачыць Павел Марʼеўскі.

Павел Мар’еўскі.
Фота: Павел Марьевский / Facebook

Паводле Паўла, у развязанні пытання статусу ветэранаў і атрымання пасведчанняў удзельніка баявых дзеянняў асацыяцыя вядзе перамовы з дарадцам прэзідэнта Украіны Аленаю Вэрбыцкаю, з якой скантактаваў Валерый Сахашчык.

Прадстаўнік асацыяцыі ў Кіеве Андрэй Кушняроў, які займаецца гэтаю справаю наўпрост, прызнаецца: ёсць шмат складанасцяў. Напрыклад, у тым, што большая частка байцоў застаецца па-за межамі Украіны і не зможа вярнуцца, каб атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў (дакумент, які можна атрымаць толькі асабіста). Але вельмі спадзяецца, што ўсё з часам урэгулюецца.

«Працуем на апярэджанне»

«Мы працуем троху на апярэджанне. Пакуль нас тут 50–60 чалавек. Але вайна скончыцца, і скончыцца – свята ў гэта верым – на карысць Украіны. Ветэраны пачнуць вяртацца, і тады гэта будзе некалькі тысячаў чалавек. І добра, каб да таго моманту мы ўжо моцна стаялі на нагах як асацыяцыя і фонд ветэранаў, каб кансалідаваліся ў адзіны кулак і маглі максімальна дапамагаць нашым хлопцам. Каб маглі рабіць гэта эфектыўна», – падсумаваў прадстаўнік ветэранскай асацыяцыі ў Польшчы Павел Марʼеўскі.

Асацыяцыю беларускіх ветэранаў стварылі ў сярэдзіне снежня 2022 года. Як было заяўлена, мэта арганізацыі – «дапамога ў развязанні праблемаў беларусаў, якія праходзілі службу ў шэрагах ЗСУ (незалежна ад падраздзялення)». А таксама – праца са сваякамі загінулых і траўмаваных ваяроў ды з сем’ямі тых, хто служыць у ЗСУ. Лідары асацыяцыі заявілі, што яна не будзе часткай якога-небудзь палітычнага руху ці партыі, але не выключае супрацы ў асобных праектах з рознымі грамадскімі прадстаўнікамі ды арганізацыямі.

Арганізацыя трымае сувязь праз электронную пошту ці паведамленні ў тэлеграм-канале.

Гісторыі
«Будзеце страляць у беларусаў?..» Гісторыя Фёдара, былога байца батальёну «Тэрор»
2022.12.17 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў